навіны

Год «хатняй хіміі» за парэзаны сцяг, пагрозы за сувязь з «Гаюном». Рэпрэсіі 5 лютага

Сілавікі на развітанні з Дзмітрыем Балабам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі на развітанні з Дзмітрыем Балабам. Менск, Беларусь. 5 лютага 2025 года. Фота: МВД Беларуси / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Хутка будзе пяць гадоў, як у Беларусі штодня з’яўляюцца навіны пра палітычныя затрыманні, суды і новыя формы рэпрэсіяў. «Белсат» пераказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 5 лютага.

Лагатып «Кіберпартызанаў». Фота: Белсат

«Поспехі мянтоў хутчэй дзякуючы памылкам ці нядбаласці тых, каго ўзламалі» – прадстаўніца «Кіберпартызанаў»

навіны

Найважнейшая навіна дня – новая пагроза ў інфармацыйнай бяспецы. У выніку несанкцыянаванага ўваходу раніцай 5 лютага невядомыя атрымалі доступ да чату з ботам маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн». Сілавікі хваліліся скрыншотамі перапісак, у тым ліку даволі свежых: ад 26 студзеня 2025 года.


Стваральнік «Гаюна» Антон Матолька расказаў, што група не ведае, які аб’ём звестак мог быць спампаваны за той час, пакуль у пабочнага акаўнту быў доступ. Эксперты адзначаюць, што пад пагрозаю маглі апынуцца тыя, хто не дбаў пра ананімнасць Telegram-акаўнтаў.


Фонд «BYSOL» заклікаў тых, хто непакоіцца праз узлом, звяртацца на гарачую лінію @help_bysol. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак паведаміў, што сілавікі ўзмацнілі правяранні на мяжы тых, хто выязджае з Беларусі.


Што рабіць, калі пісалі «Гаюну», чытайце ў матэрыяле «Белсату»


Дзмітрый Балаба. Восень 2020 года. Фота: Sb.by

Скандальнага кіраўніка менскага АМАПу Дзмітрыя Балабу знялі з пасады, зладзілі ўрачыстыя праводзіны

навіны

Як сталася вядома праваабаронцам «Вясны», 21 студзеня ў судзе Ваўкавыскага раёну асудзілі 16-гадовага Леаніда Трафімовіча. Справу разглядаў у закрытым рэжыме суддзя Мікалай Сяргейка, які пакараў хлопца годам абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Паводле дзяржаўнай газеты, хлопец нажом зрэзаў дзяржаўны сцяг, размешчаны на даху шматпавярховага будынку, захаваў сцяг удома.


Суд Ленінскага раёну Менску 5 лютага разглядаў нейкую справу, фігурантамі якой былі палітвязні Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Дзмітрый Салаўёў. Пра справу вядома толькі тое, што яе разглядала суддзя Анастасія Ачалава.


Таксама 5 лютага распачаўся чарговы суд над палітвязнем Уладзімірам Кнігам. Фігуранта «справы Ціханоўскага» ўтрымліваюць у няволі амаль чатыры з паловай года, з іх больш за год і тры месяцы – у рэжыме інкамунікада. Летась палітвязню дадалі яшчэ адзін год зняволення паводле артыкулу за «злоснае непадпарадкаванне» і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Цяпер суддзя Людміла Зянкевіч вызначае, ці дадаць яму яшчэ тэрміну паводле таго ж артыкулу.


У Кобрыне за ўдзел у пратэстах пачалі судзіць адразу чатырох мясцовых жыхароў, адзін з якіх – комік Іван Літвін, які ў 2016 годзе выступаў ва ўкраінскім шоу «Рассмяшы коміка» (у журы якога быў сярод іншых цяперашні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі), выйграў 20 тысячаў грыўняў. Літвіна і яшчэ трох чалавек – Івана Бурліка, Віктара Вярбіцкага і Аляксандра Дзмітрука – судзяць за «грубае парушэнне парадку», справу разглядае суддзя Аляксей Кміта.


У Мёрскім райсудзе пачалі судзіць за «распаўсюд экстрэмізму» загадчыцу сектару ў «Беларусбанку» Алу Катлярэнку.


18 лютага ў Вярхоўным судзе будуць разглядаць апеляцыйную скаргу на прысуд гамельчуку Андрэю Баранаву. Асуджанаму на «хімію» за ўдзел у пратэстах хочуць змяніць меру стрымання, ды, як заўважаюць праваабаронцы «Право имеют», Баранаў ужо пакінуў Беларусь.

Дар’я Астапенка. Фота: Poszukiwani.policja.gov.pl

У Польшчы абвясцілі ў вышук беларускую шпіёнку Дар’ю Астапенку

навіны

У Беларусі ўвесь час пашыраюць спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «экстрэмісцкіх фармаванняў». 5 лютага сярод іншага пашырылі «экстрэмісцкі плэйліст»: у «матэрыялы» дадалі песню «А.С.А.В» гурта «Руки на одеяло».


Ды тыя, хто мусяць змагацца супраць экстрэмізму і за маральнасць, самі чыняць злачынствы. Як даведаўся «Флагшток», 6 лютага Чыгуначны суд Гомля пачне разглядаць справу ідэолага каледжу бытавога абслугоўвання і аўтара матэрыялаў у «патрыятычным выхаванні» Алега Сахіна, якога вінавацяць у «гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару». Яго вінавацяць паводле часткі 3 адпаведнага артыкулу – гэта значыць, дзеянні былі супраць малагадовага або прывялі да заражэння ВІЧ-інфекцыяй ці да іншых цяжкіх наступстваў. Іншыя падрабязнасці невядомыя, суд збіраюцца праводзіць у закрытым рэжыме.


Але ёсць і добрыя навіны. Выйшаў на волю праз памілаванне студэнт хімфаку БДУ Арцём Баярскі, які правёў у няволі амаль чатыры гады. Імя вызваленага назваў на дзяржаўным тэлебачанні праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі. Ён таксама паведаміў, што з калоніяў выйшлі людзі з прозвішчамі Жарло, Грыдзюшка, Бурлакова, Зубкоў. Таксама Васкрасенскі намякнуў, што Злучаным Штатам могуць выдаць палітвязня Юрася Зянковіча, імаверна, пры ўмове вяртання ў Беларусь амбасадара ЗША.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10