навіны

Скандальнага кіраўніка менскага АМАПу Дзмітрыя Балабу знялі з пасады, зладзілі ўрачыстыя праводзіны

img
Дзмітрый Балаба. Восень 2020 года. Фота: Sb.by
podpis źródła zdjęcia

Тыдзень таму сталася вядома, што Дзмітрый Балаба ўзначаліў фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама». З’явіліся здагадкі, што ён пакінуў пасаду кіраўніка менскага АМАПу. 5 лютага звальненне пацвердзілі ў МУС.

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла 5 лютага пра паседжанне калегіі ГУУС Менгарвыканкаму, на якім прайшла «цырымонія ўшанавання» Дзмітрыя Балабы ў сувязі з ягоным прызначэннем на пасаду старшыні цэнтральнай рады фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама». За спінамі выступоўцаў на экране – вялізны надпіс «Дзякуем за супольную службу».


Пра прызначэнне Балабы ў «Дынама» паведамілі яшчэ 29 студзеня. Тады яго яшчэ называлі камандзірам атраду міліцыі асобага прызначэння ГУУС Менгарвыканкаму.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў (злева) і Дзмітрый Балаба (справа). Менск, Беларусь. 5 лютага 2025 года. Фота: МВД Беларуси / Telegram
Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў (злева) і Дзмітрый Балаба (справа). Менск, Беларусь. 5 лютага 2025 года. Фота: МВД Беларуси / Telegram

Як адзначае «Наша Ніва», Балаба мусіў пакінуць пасаду яшчэ ў 2022 годзе – па дасягненні 50 гадоў. Ён меў званне палкоўніка, з якім 50 гадоў – максімальны ўзрост службы. Працягваць службу да 55 гадоў можна, толькі атрымаўшы званне генерала або асабісты дазвол міністра ўнутраных справаў і Аляксандра Лукашэнкі. Генералам Балаба не зрабіўся.


«Прызначэнне ў "Дынама" – гэта магчымасць дадаткова за два гады павялічыць базу, з якой будзе адлічвацца ягоная пенсія. Аклад кіраўніка такой вялікай гаспадарчай арганізацыі, як БФСТ "Дынама", большы, чым аклад начальніка менскага АМАП», – піша «Наша Ніва».


Дзмітрый Балаба нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Гарадзілава Маладзечанскага раёну. Пайшоў у міліцыю пасля прафесійнай вучэльні і службы ў войску. З 1993 года пайшоў у АМАП, у 1995-м быў пераведзены ў Менск, паступова ўздымаўся па кар’ернай лесвіцы, у 2016 годзе ўзначаліў менскі АМАП.

Нядзельнае шэсце (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)

Чатыры гады палітычнага пераследу ў Беларусі ў лічбах

навіны

Шмат гадоў Балаба актыўна ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях, асабіста кіраваў разгонам пратэстаў. Яго вінавацілі ў празмерным гвалце сілавікоў і забойствах пратэстоўцаў у часе мітынгаў 2020 года. Балаба крыўдаваў, калі яго называлі забойцам, і асабіста даводзіў затрыманым у «пакаянным відэа», што ён «не забойца».


Восенню 2020 года Балаба трапіў пад санкцыі Еўразвязу, Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Швейцарыі і іншых краінаў. Пазней пад санкцыі трапілі таксама ягоныя сыны і жонка. Як высветлілася са здабытых «Кіберпартызанамі» размоваў Балабы і іншых, ягоная жонка мела трох каханкаў, даводзіла сілавіка да думак пра самагубства.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10