У Менску праблемаў з натарыяльна заверанымі запрашэннямі ад асобаў са статусам міжнароднай абароны ў Польшчы няма, чаго нельга сказаць пра астатнія гарады.
Нагадаем, з мінулага года людзі са статусам міжнароднай абароны (далей – МА) могуць высылаць запрашэнні на візу сваім родным у Беларусі нават без сталага побыту ў Польшчы. Для гэта трэба мець толькі натарыяльна завераныя запрашэнні ад асобы з МА.
Аднак тэлеграм-канал «DzikPic» даведаўся, што такія натарыяльная запрашэнні паспяхова прымаюць толькі ў Менску, з консульствамі ў Берасці і Горадні гэтае правіла не працуе.
«Асноўная праблема ў Берасці не ў тым, што адмаўляюць у выдачы візы, а ў тым, што дакументы ў прынцыпе немагчыма падаць. Консульства не адказвае на e-mail. Праз тэлефон гавораць, што толькі праз візавы цэнтр можна дакументы падаць. А ў візавым цэнтры ім пляваць на тое, што напісана ў гэтых дакументах з МЗС Польшчы. Яны ўвогуле не хочуць дакументы прымаць з натарыяльнымі запрашэннямі», – кажуць суразмоўцы з беларускіх чатаў.
Яшчэ адная беларуска, якая намагаецца цяпер выслаць запрашэнне сваёй маці, распавяла пра падачу з запрашэннем з МА наступнае:
«Так, складанасці з падачай на візу ў Горадні і Берасці ўжо не першы месяц, як аказалася. Але людзі не ведаюць, куды звяртацца па дапамогу. Я пісала ў Міністэрства замежных справаў Польшчы – яны нічога зрабіць не могуць, усё вырашаюць консулы.
Напісала ў візавы цэнтр з пытаннем, ці можна ўсё ж такі падавацца з натарыяльным запрашэннем. Адказалі прыйсці на кансультацыю ў сам цэнтр.
З Берасця аўтаматычны адказ прыходзіць, каб самі рэгістраваліся онлайн. Але з таго, што я зразумела з чату, усё з гэтым вельмі дрэнна, і людзі ўжо некалькі месяцаў нармальна не могуць запісацца.
А ў Горадні адказ – падавацца праз візавы цэнтр, які, як кажуць, не прымае натарыяльных запрашэнняў.
Я заўтра перадаю дакументы ў Беларусь для маці, будзем даведвацца, ці не змянілася нешта. Бо зрабіць гэта можна толькі на месцы, на мэйл яны нічога канкрэтнага не адказалі, праз тэлефон таксама».
Чытайце таксама:
Папулярныя пытанні пра міжнародную абарону ў Польшчы
Тэса Анэйда belsat.eu