навіны

У Беларусі ў продаж паступілі кнігі пад назваю «Наш прэзідэнт»

img
Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі ў продаж паступіла выданне ў цвёрдай вокладцы пад назваю «Наш прэзідэнт». Сярод аўтараў пазначаная прэс-скаратарка галоўнага героя, Наталля Эйсмант. Чарговая цаглінка ў культ асобы Лукашэнкі – кажуць незалежныя эксперты. Прапаганда ж стракаціць загалоўкамі накшталт: «Першая партыя кнігаў прадалася за гадзіну».

З сур'ёзным выглядам да «вялікага» ўжо паспеў дакрануцца і пагартаць сакральныя старонкі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў. За ім прадэманстравала радасць прапагадыстка Людміла Гладкая. Напярэдадні ж прэзентацыя кніжкі прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

“Прэзентацыя такой кніжкі перад выбарамі – тыповы прыклад прапаганды. Тыповая прапаганда старэючага рэжыма, які хоча ганарыцца сваімі дасягненнямі і ўсе адмазкі, што Лукашэнка гэтага не хацеў, гэта не па яго замове – гэта канешне не сур'ёзна”, – кажа аналітык Вадзім Мажэйка.

У аўтарскі калектыў кніжкі ўваходзяць таксама экс-міністр асветы Аляксандр Радзькоў, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Аляксандр Карлюкевіч, намеснік старшыні адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў. Аўтары і не хаваюць, што галоўнаю задачаю кнігі было нагадаць шлях так званага прэзідэнта.

Акрамя гераічных дасягненняў – эксклюзіўныя сямейныя фота і копія студэнцкай залікоўкі Лукашэнкі. Не абышлося і бяз рукапісаў – са словаў Эйсмант, у кнізе прадстаўленыя тэзісы, якія Лукашэнка сам сабе пісаў перад выступам у ААН у 2015-м.

“Большасць людзей нават чытаць яе не будуць. Нават тыя хто купяць ці якіх заставяць купіць. Мяркую, што могуць яе яшчэ перавесці на замежныя мовы, кітайскую, яшчэ якую і разаслаць па амбасадах”, – каментуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Задоўга да кніжкі «Наш прэзідэнт» пачалі праводзіцца экскурсіі па звязаных з Лукашэнкам месцах, ствараецца мэрч з ягонымі цытатамі, гучаць прапановы паставіць помнік пры жыцці. Летась жа спробы стварыць культ Лукашэнкі выйшлі на новы ўзровень. Тут і «марафоны адзінства», і добраахвотна-прымусовы флэш-моб «Надо», і прапановы даць палітыку званне героя Беларусі ды нават – конкурс дзіцячых малюнкаў «Мой прэзідэнт самы…»

“Калі ўлада аднаго чалавека не змяняецца дзесыцягоддзямі – з'яўляецца патрэба патлумачыць чым жа гэты чалавек такі ўнікальны, цудоўны, што ніхто ня можа яго змяніць”, – падсумоўвае Вадзім Мажэйка.

Уладзіслаў Корсак belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10