навіны

Дэмсілы і спецдакладчыкі ПАРЕ абмеркавалі ўключэнне ў новую рэзалюцыю аб Беларусі пытанняў вызвалення палітвязняў і прэзідэнцкіх выбараў

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Святлана Ціханоўская і дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы абмеркавалі рыхтаванне новай рэзалюцыі ў справе Беларусі і ўдзел дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў у паседжаннях ПАРЕ ў межах яе зімовай сесіі, якая адбудзецца з 27 да 31 студзеня.

Як паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, перамовы адбыліся 6 студзеня ў Вільні, удзел у іх узялі генеральны дакладчык ПАРЕ Рышард Пэтру (Польшча) і сітуацыйны дакладчык Эмануэліс Зінгерыс (Літва).


Паводле Вячоркі, бакі абмеркавалі ўключэнне ў рэзалюцыю пытанняў прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня і вызвалення палітвязняў.


Яшчэ адно пытанне – арганізацыя спецыяльнай канферэнцыі ў справе Беларусі ў партнёрстве з ПАРЕ, польскім парламентам і Офісам Ціханоўскай.


Разгледжанае таксама правядзенне ў Страсбуры выставы, прысвечанай беларускім добраахвотнікам, якія загінулі ва Украіне, а таксама рыхтаванне прававой экспертызы праекту Канстытуцыі новай Беларусі з запытам заключэння Венецыянскай камісіі.


Дарэчы, у лютым у Польшчы запланавалі правесці Касцюшкаўскі форум. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў сустрэнуцца на ім з міністрамі замежных справаў краінаў Еўразвязу.


«Для нас гэта выдатная магчымасць вярнуць Беларусь на парадак дня. Падняць тэму палітвязняў, якая блізкая Польшчы праз асобу Пачобута. І тэму незалежнасці Беларусі, і тэму падтрымкі незалежным медыям, тэлеканалу «Белсат», і беларускім праваабаронцам. Для нас гэта важны час, каб беларускае пытанне прагучала і ў Варшаве, і ў Бруселі, і ў іншых сталіцах», – кажа Франак Вячорка.


Нагадаем, што Жузэп Бурэль, які пакінуў пасаду вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі 1 снежня 2024 года, на развітанне заклікаў не забываць пра беларусаў.


1 снежня, у дзень, калі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль афіцыйна пакінуў сваю пасаду, у выданні «EUobserver» з’явіўся артыкул, напісаны Бурэлем разам з лідаркай дэмакратычных сілаў Беларусі Святланай Ціханоўскай.

Аўтары артыкулу адзначаюць, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна, а яе людзі «падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і жыхары Варшавы, Парыжу і Берліну – свабоду, годнасць і самавызначэнне». Сёння, падтрымліваючы Украіну, нельга забываць і пра Беларусь. І пытанне пра тое, ці застанецца Беларусь «у пастцы дыктатара, які служыць імперскім амбіцыям Расеі», – гэта пытанне не толькі пра будучыню Беларусі, але і пра будучыню самой Еўропы.



Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10