Карціна ў доме самага «оскараноснага» акцёра належыць Хаіму Суціну — беларускаму мастаку, за творчасцю якога палююць усе калекцыянеры свету.
Высветліць гэта дапамаглі карыстальнікі «Фэйсбуку». У доме Джэка Нікалсана сапраўды вісіць «Жанчына са скрыжаванымі рукамі», напісаная Хаімам Суціным каля 1929 года. Гэта адна з вельмі падобных версіяў твору, сярод якіх ёсць і «Ева» — партрэт, напісаны мастаком у 1928-м. У 2020 годзе «Ева» зрабілася эмблемаю палітычнага пратэсту ў Беларусі.

Паводле сайту «Pubhist.com», Джэк Нікалсан сапраўды валодае арыгіналам «Жанчыны са скрыжаванымі рукамі», бо ён даўно вядомы калекцыянер твораў мастацтва. Можна выказаць здагадку, што ён набыў карціну ў 2011 годзе.
А карціну «Ева» набыў «Белгазпрамбанк» на аўкцыёне «Sotheby’s» у 2013 годзе за $ 1,8 мільёна.
Хаім Суцін нарадзіўся ў Смілавічах, але большую частку жыцця правёў у Францыі. Сёння ён адзін з галоўных прадстаўнікоў «парыжскай школы жывапісу» разам з ягоным сябрам Мадыльяні, а таксама Шагалам, Пікаса і Паскіным. І адзін з самых запатрабаваных сярод калекцыянераў, бо пакінуў пасля сябе не так шмат твораў у параўнанні з астатнімі.
Тэса Анэйда belsat.eu