навіны

Сямейны капітал можна траціць вальней з пачатку года. Што змянілася

Беларускія грошы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі пашыраныя магчымасці для датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу з 2025 года. Пра гэта паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на будаўніцтва жытла ў шматкватэрных дамах, у тым ліку на пагашэнне крэдытаў (пазык) на гэтае жытло, змогуць тыя, хто будуецца альбо пабудаваў кватэру без скіравання раённага альбо гарадскога выканкаму. Раней такое скіраванне было абавязковае.


Умовы сталі мякчэйшыя


Калі хтосьці мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, то лічыць квадраты, якія ўжо ёсць ва ўласнасці, будуць па-іншаму.


«У агульнай плошчы жытла ва ўласнасці сям'і не будуць улічвацца жылыя памяшканні, прызнаныя не адпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням», – паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Таксама цяпер можна датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на набыццё долі жылых памяшканняў, калі ў сям'і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў, замацаваныя за некалькімі сямейнікамі.


Больш тавараў і пагашэнне крэдытаў


Далі права датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на вяртанне крэдыту, атрыманага для пагашэння іншага крэдыту, узятага на будаўніцтва, рэканструкцыю або куплю жытла.


Каб скарыстацца гэтаю магчымасцю, мусяць быць выкананыя наступныя ўмовы:


- трэба стаяць на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў;


- не мець ва ўласнасці жытла, агульная плошча якога 15 кв. м (у Менску 10 кв. м) і больш на аднаго чалавека, ды інш.


«Гэтыя ўмовы разглядаюцца на дату заключэння першаснай крэдытнай дамовы, атрыманай на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жытла», – адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


За навучанне можна цяпер плаціць не толькі за бягучы і папярэдні навучальны год, але і за той, што мае адбыцца.


Таксама пашырылі пералік тавараў, якія можна купіць для сямейнікаў з інваліднасцю і парушэннямі зроку.


«Пералік дапоўнены электроннымі асістыўнымі прыладамі для арыентацыі, акустычнымі асістыўнымі прыладамі для навігацыі і асістыўнымі прыладамі для прагляду (відэасістэмамі, якія павялічваюць выяву)», – піша ведамства.


Сямейны капітал у Беларусі атрымліваюць пры нараджэнні (усынаўленні або ўдачкаванні) трэцяга дзіцяці або наступных дзяцей. У 2024 годзе ён склаў 31 480 рублёў. Памер на 2025-ы ўлады абяцаюць апублікаваць да 31 студзеня 2025 года.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10