Вайна

Каму трэба Лукашэнка за сталом перамоваў аб вайне ва Украіне – і якія гарантыі бяспекі патрэбныя Беларусі?

Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Запарожжа
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Запарожжа, Украіна. 12 снежня 2024 года. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі і беларускія дэмакратычныя сілы хочуць, каб Беларусь была прадстаўленая на перамовах аб вайне ва Украіне. Ці чакае іх там хтосьці? «Белсат» спытаў трох экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы на ​​саміце G20 у горадзе Осака, Японія. 28 чэрвеня 2019 года. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Images

За сталом ці на стале? Ці будуць Лукашэнка або Ціханоўская на перамовах аб вайне ва Украіне

Аналітыка

16 снежня пра жаданне ўдзельнічаць у перамовах заявіў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юрый Амбразевіч. Паводле дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА», ён казаў, што Беларусь «як ніхто іншы» зацікаўленая ў мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне, бо «для нас важна атрымаць гарантыі нашай уласнай бяспекі». 


Абвінавачванні Беларусі ў саўдзеле ў агрэсіі «выглядаюць абсурдна», заявіў Амбразевіч. Гэта ідзе насуперак Аляксандру Лукашэнку, які прызнаваў сябе суагрэсарам. Амбразевіч сярод іншага дадаў: «нас не можа не турбаваць» тое, што вайна ва Украіне перайшла на расейскую тэрыторыю.


Кабанчук: Гарантыі бяспекі патрэбныя, але Беларусі, а не Лукашэнку


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук задаў «Белсату» сустрэчнае пытанне: каго будзе прадстаўляць афіцыйны Менск за патэнцыйным сталом перамоваў? У якім статусе цяпер афіцыйны Менск: усё ж суагрэсар ці ўжо ахвяра агрэсіі?

Вадзім Кабанчук. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Вадзім Кабанчук. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ён нагадвае: у 2015 годзе, калі вайна ва Украіне яшчэ абмяжоўвалася Крымам і Данбасам, украінскі бок пагадзіўся на Менск як перамоўную пляцоўку, бо тады рэжым Лукашэнкі захоўваў «парэшткі легітымнасці». А 2020 год паказаў, што беларускае грамадства не жадае падпарадкоўвацца гэтаму рэжыму і не кансалідаванае вакол афіцыйнага Менску.


Амбразевіч кажа пра гарантыі бяспекі ад пагрозаў «ад суседзяў». Паводле Кабанчука, пагроза незалежнасці Беларусі ад суседа рэальная: яна сыходзіць з боку Расеі і ёсць вынікам авантурнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якую Кабанчук апісвае як «паўзці на каленях у Расею». Кабанчук згадвае нядаўнія намёкі экс-прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева аб «новых тэрыторыях» у кампенсацыю Расеі за ваенныя паразы – гэта можа быць і пра анексію Беларусі. 


Украінцы ж, кажа Кабанчук, памятаюць, што ўлады Беларусі далі Расеі плацдарм і лагістычна падтрымалі ўварванне ва Украіну: не «абсурдна» лічыць за суагрэсію тое, што з Беларусі ва Украіну прыляцелі сем сотняў ракет і прыйшлі танкавыя калоны. Ён згадвае, як у 2022 годзе ўкраінскія памежнікі перадалі сімвалічныя 30 срэбранікаў кіраўніку Памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо праз амбасадару Беларусі ва Украіне 


Кабанчук расказаў, што праводзіць кансультацыі з украінскім бокам, па лініі Кабінету адпаведныя кансультацыі маюць праводзяць і на Захадзе:

,,

«Голас вольнай беларускай дэмакратычнай супольнасці павінен быць пачуты, калі такія перамовы будуць адбывацца, – заяўляе Кабанчук. – Мы паслядоўна сцвярджаем, што на сённяшні час дыктатарскі рэжым Лукашэнкі не ёсць рэпрэзентантам беларускага народу».


Хто і як будзе прадстаўляць дэмакратычныя сілы Беларусі на патэнцыйных перамовах – гэта ўжо «тэхнічнае пытанне», працягвае ён. Важнейшыя рашэнні, якія могуць быць прынятыя адносна сапраўдных гарантыяў бяспекі Беларусі, бо пагроза незалежнасці ёсць, як ёсць і эскалацыя ў выглядзе чарговых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі. Ды перадумовамі для правядзення мірнай канферэнцыі мае быць заканчэнне або прыпыненне ўзброенага канфлікту – а Кабанчук цяпер не бачыць перадумоваў для прыпынення канфлікту.


Магда: Лукашэнка можа быць патрэбны Пуціну як «пракладка» між ім і Украінай


Украінскі палітолаг Яўген Магда ў размове з «Белсатам» нагадвае, што заявы пра жаданне ўдзельнічаць у перамовах па вайне ва Украіне не ўпершыню гучаць ад уладаў Беларусі. 

Яўген Магда. Фота: Євген Магда (Yevhen Mahda) / Facebook
Яўген Магда. Фота: Євген Магда (Yevhen Mahda) / Facebook

Але каб удзельнічаць у патэнцыйных перамовах, у якіх будуць удзельнічаць далёка не ўсе дзяржавы планеты, Беларусі трэба пазначыць сваю ролю: або суагрэсар, як казаў Лукашэнка, або ахвяра агрэсіі. Маўляў, чаму тады Арменія не прэтэндуе на ўдзел у перамовах аб расейска-ўкраінскай вайне – няўжо армяне менш мудрыя за беларусаў?


Лукашэнка можа быць сапраўды патрэбны Пуціну за сталом перамоваў, лічыць Магда. І не для таго, каб «бегаць па каву і бутэрброды». У картачных гульнях, кажа ён, шулеры часта гуляюць удвох «на адну руку» – як адна каманда дзеля супольнай перамогі. Так Лукашэнка і Пуцін могуць гуляць «на адну руку», гэтага не ўтойваюць.

,,

«Пуціну з аперацыйнага гледзішча нявыгадна быць аднаму супраць іншых удзельнікаў перамоваў, – мяркуе Магда. – Расея ў прынцыпе не хоча размаўляць з Украінай як з незалежнай дзяржавай. І ў дадзеным выпадку Лукашэнка можа быць той „пракладкай“».


Лукашэнка таксама можа дазволіць Пуціну казаць, што «мы былыя савецкія рэспублікі», максімальна прымяншаць суверэнітэт Украіны беларускім «палітычным васалітэтам», лічыць Магда. Лукашэнка можа выканаць такую задачу ў абмен на, напрыклад, тое, што Расея не будзе актыўна ўмешвацца ў прэзідэнцкія выбары 2025 года.


Якая пазіцыя ўладаў Украіны да ўдзельнікаў перамоваў, Магда не ведае, але лічыць лагічным паслядоўнасць: вітаць Лукашэнку за сталом перамоваў – гэта перакрэсліваць палітычнае непрызнанне Лукашэнкі, пра якое Украіна заявіла яшчэ ў 2020 годзе. І калі Лукашэнка падтрымаў агрэсію супраць Украіны, адносіны з афіцыйнай Беларуссю маюць быць мінімальнымі. Што да ідэі ўдзелу дэмакратычных сілаў Беларусі, Магда кажа, што не ўяўляе, на якіх падставах каманда выбранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай збіраецца аказацца за сталом. Пытае, як яна можа спыніць той жа сцэнар з «Беларуссю як суцяшальным прызам Пуціну»? Больш логікі ён бачыць у тым, каб за сталом перамоваў ва ўкраінскай дэлегацыі былі прадстаўнікі палка Каліноўскага, якія прынамсі могуць заявіць, што бароняць Украіну са зброяй у руках, таму патрабуюць, каб Беларусь заставалася незалежнай.


Шанцы на з’яўленне любога прадстаўніка Беларусі за сталом перамоваў аб прыпыненні расейска-ўкраінскай вайны Магда лічыць мінімальнымі. Але падкрэслівае: гэта не азначае, што прадстаўніка Беларусі не можа быць за сталом наступных, больш шырокіх перамоваў пра еўрапейскую бяспеку па сканчэнні расейска-ўкраінскай вайны.


Кавалеўскі: Інтарэсы Украіны і дэмакратычных сілаў Беларусі супадаюць


Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі ў каментары «Белсату» завочна пагаджаецца з Амбразевічам у адным: мірны працэс павінен абавязкова ўлічваць інтарэсы Беларусі, калі ягоным вынікам хочуць бачыць устойлівы мір. Але інтарэсы Беларусі трэба ўлічыць так, каб гэты патэнцыйны мір не перарваўся зноў аргэсіяй з боку Беларусі, якая не ёсць нейтральным бокам у гэтай вайне, дадае Кавалеўскі. 

Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Над гэтым, кажа Кавалеўскі, працуе і ягонае агенцтва: хоць ён скептычна ставіцца да таго, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі будуць фізічна за сталом перамоваў, але даводзіць патэнцыйным бакам перамоваў інфармацыю пра інтарэсы Беларусі.


Словы пра «гарантыі бяспекі» Кавалеўскаму дзіўна чуць ад Амбразевіча: пытанне гарантыяў для рэжыму Лукашэнкі той мог бы вырашаць з Пуціным. На перамовах па Украіне Лукашэнка Пуціну можа і не быць патрэбны, адзначае Кавалеўскі: Пуціну было б цікавей самому прадстаўляць інтарэсы Беларусі, над якой Расея фактычна ўсталёўвае ваенны пратэктарат, і быць «адзіным, на каго глядзяць усе».

,,

«Пуціну не вельмі цікава будзе бачыць Лукашэнку на гэтых перамовах, бо ён будзе разумець, што гэта толькі падмацоўвае нейкую суб’ектнасць беларускіх уладаў нават безадносна таго, што гэта Лукашэнка, – лічыць Кавалеўскі. – Гэта тое, што Пуціну непатрэбна. Яму трэба зрабіць так, каб Беларусь была пад самым шчыльным кантролем Крамля, Расеі, каб не было магчымасці вядзення ўласнай незалежнай палітыкі, якая грунтавалася б на нацыянальных інтарэсах».


Фармат перамоваў пакуль невядомы, працягвае ён. Невядомая і дата. Вядома, што асноўныя бакі – Расея і Украіна. Але Злучаныя Штаты маюць вырашальнае значэнне ў фармаце і хадзе перамоваў, у дасягнутых дамоўленасцях. Можа быць так, што контуры дамоваў будуць вызначаць Расея і ЗША, а ім Лукашэнка непатрэбны. Можа быць так, што рашэнне аб прысутнасці прадстаўнікоў дзяржаваў будзе прымаць Украіна, ёй Лукашэнка «сто гадоў не патрэбны»: ён «здрадзіў Украіне», праз яго распачалася вайна, ён дэманструе «даволі варожую» пазіцыю адносна кіраўніцтва і народу Украіны, ён цалкам падтрымлівае дзеянні Расеі супраць Украіны…


А дэмакратычныя сілы Беларусі? Шэраг украінскіх палітыкаў не разумее, навошта тыя на перамовах, калі яны ў выгнанні і не ўплываюць на падзеі Беларусі. Кавалеўскі на такую пазіцыю адказвае: з гледзішча ўкраінцаў важна, каб патэнцыйны мір быў збалансаваны і ўстойлівы, не перарваны новай атакай з боку Беларусі. То бок, інтарэсы Беларусі і Украіны супадаюць: вывад расейскіх войскаў з Беларусі, вывад ядравай зброі (калі яна сапраўды была пастаўленая, што сумнеўна) і развязанне палітычнага крызісу, які даў Расеі ўсталяваць кантроль над Лукашэнкам. Ніхто лепш за беларусаў не сфармулюе інтарэсы Беларусі. А цяперашні стан Беларусі ўяўляе пагрозу для Украіны.


Руслан Ігнатовіч, Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10