навіны

За час кіравання Лукашэнкі падручнікі па гісторыі Беларусі перапісваліся сем разоў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

З падручніку па гісторыі для 11-х класаў зніклі выявы Кастуся Каліноўскага і згадкі пра падзеі ды постаці, датычныя станаўлення беларускай незалежнасці. Падзеі падаюцца так, як гэта выгадна Маскве. Адпаведнае даследаванне прэзентаваў напярэдадні Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Міністэрства адукацыі мяняе змест падручнікаў гісторыі Беларусі ў залежнасці ад палітычнага парадку дня. Чарговая хваля зменаў пайшла пасля падзеяў 2020 года, як вынікае з даследавання гісторыка Аляксея Ластоўскага.

,,

«Ёсць уздзеянне з боку Расеі, бо многія падзеі трактуюцца так, каб не зашкодзіць і не пакрыўдзіць Расеі. Як, напрыклад, у падручніках апісваюць гісторыю паўстання 1863–1864 гадоў, якое ў нацыянальнай гістарыяграфіі звычайна называюць паўстаннем Кастуся Каліноўскага», – кажа акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.


У падручніку для 11-х класаў, што выйшаў пасля 2020 года, няма нават партрэту Кастуся Каліноўскага і не згадваецца «Мужыцкая праўда». А распад СССР называюць «найбуйнейшаю геапалітычнаю катастрофай» стагоддзя, фактычна цытуючы Пуціна.

У вышэйзгаданым падручніку жыццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы падаецца выключна ў чорных фарбах:

«На тэрыторыі Заходняй Беларусі шырока практыкаваўся паліцэйскі тэрор. Звычайнай з’явай былі карныя аперацыі, якія называліся пацыфікацыямі (заспакаенне). Пры правядзенні такіх аперацый паліцэйскія спустошвалі дамы сялян, знішчалі іх маёмасць і г. д.»

У канцы гэтага аповеду змясцілі згадку пра так званы Дзень народнага адзінства. Гэтае свята афіцыйны Менск увёў у 2021 годзе, калі абвастрыліся стасункі з Польшчай, улады якой асудзілі гвалт у дачыненні беларускіх пратэстоўцаў і далі прытулак шмат каму з іх. Самых пратэстаў падручнік не згадвае. Пра выбары 2020 года ў ім усяго пара радкоў.

,,

«Гэта самы лепшы, кампрамісны варыянт, бо маглі напісаць адваротнае, непрыстойнае пра дэманстрантаў. Таму такі чыста факталагічны падыход – гэта кампраміс аўтара падручніку з рэчаіснасцю, вось і ўсё», – тлумачыць гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Цімафей Акудовіч.


Затое выданне «Генацыд беларускага народу» за аўтарствам Генеральнай пракуратуры не толькі згадвае пратэстоўцаў, але і праводзіць паралель паміж імі і калабарантамі часу Другой сусветнай вайны. Усё гэта работнікі пракуратуры апавядаюць школьнікам.

«І асноўная мэта гэтага ўсяго – захаванне гістарычнай памяці, стварэнне бар'ераў для фальсіфікацый гісторыі і высноваў у Вялікай Айчыннай вайне», – заяўляў намеснік пракурора Гомельскай вобласці Юрый Булынка.

Але сапраўдную мэту ідэалагічнага апрацоўвання школьнікаў гісторык Яўген Дудкін бачыць у наступным:

«Паказаць дрэнны Захад, знішчыць пазітыўны вобраз нацыянальных сімвалаў і прынізіць ролю мовы беларускай, паказваючы, што яна сталася інструментам у руках калабарантаў».

Паводле гісторыка, перапісванне падручнікаў не гарантуе ідэалагізацыі вучняў. Маўляў, вельмі важна, каб у школьнікаў была альтэрнатыва.

«У нас з'яўляюцца новыя гістарычныя звесткі, з'яўляюцца новыя падыходы, і нармальна, што кожнае пакаленне шукае ў мінулым нешта сваё, важнае для сябе. Таму падручнікі перапісваць нармальна. Ненармальна перапісваць іх, каб дагадзіць існай палітычнай сістэме, вось гэта няправільна», – упэўнены Цімафей Акудовіч.

За трыццаць гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі, паводле падлікаў Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, падручнікі па гісторыі Беларусі перапісваліся сем разоў.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10