12 снежня ў Менску на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго, міністр абароны Віктар Хрэнін абвінаваціў Украіну, Польшчу і краіны Балтыі ў «нацызме і фашызме», а ЗША і NATO – у «агрэсіўным імперыялізме».
З ягоных словаў, што прыводзіць прэс-служба Генпракуратуры, у XXI стагоддзі Беларусі «зноў даводзіцца сутыкацца з праявамі нацызму і фашызму, у якім рэваншысты бачаць сімвал былой нацыянальнай магутнасці і велічы. У авангардзе гэтай безразважнай палітыкі стаіць кіраўніцтва Польшчы, Прыбалтыйскіх дзяржаваў і Украіны, дзе заахвочваецца рэабілітацыя нацысцкіх злачынцаў і ўчыненых імі злачынстваў, правядзенне факельных шэсцяў, маршаў легіянераў СС і неанацыстаў».
«Пад выглядам барацьбы з нібыта таталітарным савецкім мінулым на тэрыторыі гэтых краінаў знішчаецца мемарыяльная спадчына, – заявіў Віктар Хрэнін. – Аднак стаўленне гэтых палітычных рэжымаў да нацыянальных меншасцяў у сваіх дзяржавах даказвае, што самі яны якраз і вызнаюць палітыку таталітарызму».
Са словаў міністра, «чума нацызму» не толькі «ўшчыльную падабралася» да межаў Беларусі, але і «распаўзлася, нібы злаякасная пухліна, па многіх заходніх краінах».
«Відавочна, што паводле фашысцкіх лекалаў» ажыццяўляецца «новы перадзел свету і захоп тэрыторыяў і рэсурсаў», адзначыў ён, не ўдакладніўшы, якія менавіта дзяржавы акупуюць чужыя землі.
Нагадаем, пасля падзеяў 2022 года і асабліва пасля расейскага ўварвання ва Украіну ўлады Беларусі сталі ўсё часцей паўтараць наратывы крамлёўскай прапаганды пра «ўкраінскі нацызм» і фашызм на Захадзе.
У нацызме Захад абвінаваціў і Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 9 траўня ля абеліску на плошчы Перамогі ў Менску. Таксама ўлады і дзяржпрапаганда многія гады прыраўноўваюць сваіх апанентаў да памагатых гітлераўцаў.
Між тым у 1995 годзе ў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt» Лукашэнка станоўча адазваўся пра Адольфа Гітлера, з якім, на ягоную думку, было звязанае «не ўсё толькі дрэннае».
Надзея Вольная belsat.eu