навіны

ЕАБР: рэальныя заробкі беларусаў працягваюць расці

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Лида ТВ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Лида ТВ
podpis źródła zdjęcia

Рэальныя заробкі ў Беларусі павялічыліся. У кастрычніку яны прыбавілі 13 адсоткаў да аналагічнага перыяду летась, адзначылі ў Еўразійскім банку развіцця. Прырост ёсць і ў параўнанні з вераснем, калі рэальныя заробкі беларусаў павялічыліся на 12,5 адсоткаў гадавых.

Сітуацыю на рынку працы ў Беларусі, калі лічба вакансіяў устойліва павялічваецца, а колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, адзначылі і ў ЕАБР. Акурат з гэтым аналітыкі банку звязваюць больш актыўны рост рэальных заробкаў у прыватным сектары, чым у бюджэтным.

Праблему дэфіцыту кадраў прызнаюць і ўлады. Аднак на дзяржаўных прадпрыемствах працягваюць звальняць людзей больш, чымся браць на працу. Паводле Белстату, за 10 месяцаў сёлета гэты дысбаланс склаў амаль 39 тысяч чалавек. Сярод іншага, звальненні перавышаюць найм у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, адукацыі ды апрацоўчай прамысловасці.

,,

«Расходы зараз зачастую перавышаюць даходы на прадпрыемствах. І лепш проста звольніць аднаго чалавека, а яго абавязкі перанакіраваць на чалавека, які працуе на прадпрыемстве, але заплаціць яму не заробак гэтага чалавека, а, напрыклад, 30 адсоткаў ад гэтага заробку», – кажа Дзяніс Садоўскі з Беларускага прафсаюзнага руху.


Акрамя эканамічных, ёсць яшчэ і палітычныя прычыны, адзначыў эксперт. З прадпрыемстваў дагэтуль звальняюць нелаяльных да рэжыму людзей. На вакантныя ж месцы з падачы Лукашэнкі плануюць актыўна ўладкоўваць пенсіянераў.

Да таго ж чыноўнікі рапартуюць пра рост узроўню працоўнай міграцыі. Каля 40 адсоткаў замежных адмыслоўцаў прыязджаюць з Расеі. Актыўна едуць таксама грамадзяне Туркменістану і Кітаю.

«Паводле працоўных дамоваў у краіне працуе больш за 60 тысяч замежных грамадзянаў з больш як 130 краінаў свету. Большасць занятая на рабочых спецыяльнасцях. Дзве траціны – у сферы паслуг, перш за ўсё ў гандлі, гасцінічным бізнесе, транспартнай дзейнасці», – заявіла першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Таццяна Астрэйка.

Вось толькі пазбегчы кадравага дэфіцыту ў сферы паслуг не ўдалося. У Беларусі не хапае кухараў, паведаміла выданне Tochka.by. Чыноўнікі звязваюць гэта з нізкаю цікавасцю да прафесіі сярод моладзі. Выпускнікі ж пасля абавязковай адпрацоўкі сыходзяць з прафесіі праз нізкі заробак. Развязаць праблему ўлады прапаноўваюць коштам мэтавай падрыхтоўкі. Але, на думку Дзяніса Садоўскага, практыка паказвае, што ніколі гэта эфектыўным не было і зараз не будзе:

,,

«Проста ў дзяржаўных прадпрыемствах зараз няма іншага выбару. Прапанаваць нармальны заробак яны не могуць, бо яны закладнікі эканамічнай сітуацыі, у якой зараз ёсць Беларусь».


Таму маладыя спецыялісты харчовай галіны нярэдка шукаюць сябе па-за межамі краіны. Як адзначыла дзяржаўнае выданне, больш прывабнай і прыбытковай для іх становіцца праца на складах Wildberries і OZON у Расеі.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Юр'ева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10