Падчас Міжнароднага форуму бяспекі ў канадскім Гэліфаксе Святлана Ціханоўская сустрэлася з амерыканскімі сенатарамі і абмеркавала сітуацыю, якая адбылася з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам, а таксама заклікала спыніць супрацу з уладамі Беларусі і адключыць Беларусь ад сістэмы Інтэрполу.
У суботу, 23 лістапада, Святлана Ціханоўская сустрэлася падчас Міжнароднага форуму па бяспецы ў Гэліфаксе з амерыканскімі сенатарамі Джымам Рышам (ад Рэспубліканскай партыі) і Джын Шагін (ад Дэмакратычнай партыі). Падчас сустрэчаў беларуская дэмакратычная лідарка падзякавала абедзвюм партыям за падтрымку Беларусі.
Ціханоўская расказала сенатарам пра сітуацыю з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам, якога экстрадавалі з В’етнаму ў Беларусь, і падкрэсліла неабходнасць міжнароднай кампаніі за ягонае вызваленне, не забываючы пра вызваленне ўсіх іншых палітвязняў, якіх трымаюць у беларускіх турмах.
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету адзначыла, што сёння неабходна спыніць любую супрацу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, асабліва ў сферы праваахоўнай юрысдыкцыі, і настойліва заклікала да адключэння Беларусі ад інструментаў Інтэрполу. Менавіта гэты інструмент часта выкарыстоўваюць беларускія сілавікі для пераследу беларусаў ва ўсім свеце за іхную палітычную пазіцыю.

Сярод тэмаў, якія ўздымаліся на сустрэчах, было непрызнанне так званых выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі 26 студзеня, а таксама арганізацыя стратэгічнага дыялогу з ЗША – ён мае адбыцца на пачатку снежня.
Святлана Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на пытаннях прызначэння спецпасланніка ЗША для Беларусі, прыняцця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і павелічэння падтрымкі незалежных медыяў, праваабарончых ініцыятываў і грамадзянскай супольнасці.
Раман Шавель belsat.eu