Аб’яднанне былых сілавікоў BYPOL правяло ўласнае расследаванне штурму кватэры супрацоўніка EPAM Андрэя Зельцара 28 верасня 2021 года. У сюжэце, апублікаваным на Youtube, агучваецца версія, што супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка мог забіць зусім не Зельцар.
Расследавальнікі з BYPOL мяркуюць, што кадэбэшніка Федасюка з пазыўным Нірвана мог параніць у спіну хтосьці з ягоных калегаў. На карысць гэтай версіі нібыта кажа характар крывацёку і тое, як падала цела супрацоўніка, што ўдзельнічаў у штурме кватэры.
Былыя сілавікі агучваюць меркаванне, што афіцыйны відэазапіс падзеяў у кватэры Андрэя Зельцара можа быць мантажом рэальных і пастановачных кадраў, гукі стрэлаў маглі быць накладзеныя, а стрэл з паляўнічай стрэльбы мог быць запісаны асобна ў пустой кватэры.
BYPOL паведамляе ў расследаванні, што атрымаў ад уласнай крыніцы, якая раней служыла ў спецпадраздзяленнях, імёны імаверных удзельнікаў штурму: Васіль Кірэйка, Аляксандр Зыкаў і Дзмітрый Курынны. Аднак арганізацыя падкрэслівае, што не можа з упэўненасцю сцвярджаць, што гэтыя асобы былі дакладна датычныя да тых падзеяў у кватэры Зельцара.
Таксама паводле інфармацыі байполаўцаў, КДБ мог шукаць зусім не Зельцара, а брата ягонай жонкі Марыі Успенскай Максіма Юрчанку, які быў прапісаны ў кватэры, дзе жылі сужэнцы. Якраз напярэдадні падзеяў Максім апублікаваў у Instagram відэа атакі на базу АМАПу. Сам ён у той час быў у Грузіі.
28 верасня 2021 года КДБ зладзіў штурм кватэры ў Менску на вуліцы Якубоўскага, падчас якога былі забітыя айцішнік Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Жонка Зельцара, Марыя Успенская, была ў той момант у кватэры. Яе затрымалі і абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве Федасюка, а пазней накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Амаль адразу пасля гібелі Зельцара і Федасюка пачаліся затрыманні за каментаванне ў інтэрнэце гэтай справы. Дзясяткі беларусаў правялі за кратамі некалькі гадоў за тое, што выказалі сваё меркаванне пра здарэнне.
Марыя Міхалевіч belsat.eu