Чатыры гады таму 20 лістапада ў Менску развіталіся зРаманам Бандарэнкам. Каля царквы на вуліцы Гамарніка ў гэты дзень сабраліся тысячы людзей, якія скандавалі «Рома, ты герой!».
11 лістапада 2020 года жыхар плошчы Пераменаў на вуліцы Чарвякова ў Менску Раман Бандарэнка заўважыў, што невядомыя зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары ягонага дому.
«Я выходжу», – напісаў 31-гадовы мастак у дамавым чаце, і пайшоў паразмаўляць з невядомымі. Рамана Бандарэнку схапілі, адвезлі ў пастарунак.
Паводле версіі Следчага камітэту, 11 лістапада 2020 года міліцыя атрымала паведамленне пра бойку паміж «агрэсіўнымі» жыхарамі дому на вуліцы Чарвякова і асобамі, якія здымалі бел-чырвона-белыя стужкі. Міліцыянты, якія прыбылі на месца, «знайшлі мужчыну з цялеснымі пашкоджаннямі і прыкметамі алкагольнага ап’янення».
Рамана Бандарэнку адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, там «самаадчуванне мужчыны пагоршылася». У пастарунак выклікалі хуткую, маладзёна шпіталізавалі. СК другі раз у адным прэс-рэлізе адзначыў нібыта нецвярозы стан Рамана: «Пры першасным аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў яго дыягнаставалі алкагольную інтаксікацыю».
На наступны дзень, 12 лістапада, Раман Бандарэнка сканаў.
Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу аб гібелі мужчыны толькі праз тры месяцы, 18 лютага, і адразу ж заявіла, што міліцыянты да здарэння не датычныя. Праз паўгода справу прыпынілі, бо не здолелі знайсці падазраваных.
І гэта нягледзячы на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі ўзяць разбор пад «найсур’ёзнейшы кантроль», бо, маўляў, сакральныя ахвяры ўладзе не патрэбныя.

Пры гэтым відэазапісы сведчаць: на Рамана Бандарэнку напалі невядомыя з маскамі на тварах, маладзёна пабілі і завалаклі ў мікрааўтобус. Ніякіх міліцыянтаў ва ўніформе на плошчы Пераменаў у той момант не было.
Сцверджанні пра нібыта ап’яненне Рамана былі зняпраўджаныя: у медыях з’явілася медычная справаздача, што сведчыла пра нуль праміле ў крыві мужчыны. Тут Генеральная пракуратура хутка праявіла свае «найлепшыя» якасці і завяла крымінальную справу паводле артыкулу «Раскрыццё медычнай таямніцы». Доктару шпіталю хуткай дапамогі Арцёму Сарокіну, абвінавачанаму ў раскрыцці звестак, далі два гады, журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч, якая апублікавала артыкул пра гэта, – 6 месяцаў зняволення.
Паводле расследавання ініцыятывы «BYPOL», да забойства Рамана Бандарэнкі могуць быць датычныя спартовец Дзмітрый Шакута, сенатар Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант ды іншыя асобы.
Надзея Вольная belsat.eu