Беларуская зборная па футболе завершыла выступленні ў Лізе нацыяў, не палепшыўшы сваёй мінулай пазіцыі. Перад двума апошнімі турамі яна мела добрыя шанцы на перамогу ў сваёй групе, але не здолела перагуляць Паўночнай Ірландыі і Балгарыі ды аказалася ў сваім квартэце толькі трэцяя.
Міма ўсіх мэтаў
У Лізе нацыяў зборная Беларусі гуляла ў дывізіёне С (трэці паводле сілы пасля А і В, усяго іх чатыры). На першым этапе з верасня да лістапада два разы на месяц каманды гулялі паміж сабой у межах сваёй групы.
Старт у Лізе нацыяў удаўся: беларуская каманда адбілася ў гульні з Балгарыяй, 0:0, і перамагла Люксембург – 1:0, пасля двух першых тураў займала першае месца ў групе.
На другім этапе былі дзве хатнія гульні (нагадаем, што праз санкцыі зборная Беларусі праводзіць іх у Вугоршчыне) супраць Люксембургу і Паўночнай Ірландыі – і зноў без паразаў, 1:1 і 0:0. Вялікая заслуга ў трох гульнях без прапушчаных галоў належыць 21-гадоваму галкіперу менскага «Дынама» Фёдару Лапавухаву.
Перад апошнімі гульнямі ў зборнай Беларусі быў выдатны шанец выгуляць сваю групу, для гэтага трэба было перамагаць. Галоўнаму трэнеру зборнай, іспанцу Карласу Алёсу Фэрэру, нават прапанавалі падпісаць новых двухгадовы кантракт, але ён сказаў, што зробіць гэта пасля лістападаўскіх гульняў.
Апошні акорд выйшаў фальшывы. У Паўночнай Ірландыі 15 лістапада беларусы саступілі 0:2, гэтак ні разу не прабіўшы ў створ брамы гаспадароў, і згубілі шанцы на першае месца.
18 лістапада ў Балгарыі беларусам трэба было толькі перамагаць, каб заняць другое месца ў групе. Але каманда правальна пачала гульню, хутка прапусціла, хоць у выніку і змагла зраўняць лік (голам адзначыўся Юрый Кавалёў). Праўда, нічыйнага выніку 1:1 хапіла толькі для трэцяга месца ў групе.

Такім чынам, Беларусь ізноў застанецца ў дывізіёне C. Першае месца ў групе заняла зборная Паўночнай Ірландыі, яна выйшла ў дывізіён В, другое месца заняла Балгарыя, яна ў пераходных гульнях у сакавіку 2025 года пазмагаецца за права гуляць у дывізіёне В.
Люксембург заняў апошняе месца і вылецеў у дывізіён D. У 2025 годзе найлепшыя каманды турніру разгуляюць медалі, для Беларусі спаборніцтвы скончыліся.
Нагадаем, што планы былі іншыя. «З улікам вынікаў у канцы мінулага адборачнага цыклу на «Еўра-2024», у нас задача – першае месца ў групе. Вядома, мы хочам атрымаць шэсць перамог», – казаў дзяржаўным СМІ перад стартам турніру намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч.
Як бачым, заданні не выкананыя: месца трэцяе, а не першае. Перамог – адна, а не шэсць. Больш за тое, зборная Беларусі, не выгуляўшы групы, пазбавіла сябе дадатковай магчымасці трапіць у фінальны турнір чэмпіянату свету – 2026, цяпер такі бонус будзе ў каманды Паўночнай Ірландыі.
Беларусь згуляла ў 2024 годзе 10 гульняў, забіўшы ў іх усяго тры галы, і атрымала адну перамогу.

Ці ёсць чым ганарыцца?
Праца іспанца Карласа Алёса Фэрэра ў зборнай Беларусі ацэньваецца вельмі палярна, як спецыялістамі, гэтак і заўзятарамі: ад «зволіць неадкладна» да «працягнуць кантракт».
З аднаго боку, у мінулай Лізе нацыяў зборная Беларусі не перамагла ні разу, набраўшы толькі тры пункты, а цяпер іх ажно сем. Праўда, зборная ўсё роўна застаецца ў дывізіёне C.
З другога боку, Алёс першы сярод усіх трэнераў зборнай Беларусі ў адсотку пунктаў, якія зборная набрала ў афіцыйных гульнях: 16 пунктаў у 12 гульнях, ці 44,44 %.
Меркаванні нашых экспертаў адносна вынікаў таксама разышліся.
«Фактычна толькі футбалісты рэпрэзентуюць краіну ў свеце, бо супраць астатніх за рэдкім выключэннем дзеюць санкцыі. Цяпер прапаганда кажа, што толькі крыху не хапіла зборнай Беларусі развязаць заданне: адна перамога – і Беларусь гуляла б у плэй-оф. Але яны не кажуць, што за год перамога была ўсяго адна», – паразважаў на ўмовах ананімнасці спартовы журналіст.
«Калі казаць пра ўзровень беларускага футболу, пра тое, дзе гуляюць футбалісты зборнай Беларусі, а дзе яе супернікі, то зборная выступіла зусім нядрэнна. Не думаю, што любы беларускі трэнер здолеў узяць больш пунктаў, чымся іспанец», – адзначыў у каментары «Белсату» былы футбаліст, а цяпер трэнер Яўген Вяроўка.
Паводле Яўгена, ёсць важны момант, што датычыць зборнай Беларусі:
«На маю думку, гэтая каманда не рэпрэзентуе беларускага народу, дастаткова паглядзець на тое, што адбываецца на трыбунах, пачытаць футбольныя форумы, каб зразумець, што за гэтую зборную амаль ніхто не перажывае. Так раней не было. Далей будзе толькі горш».

У чаканні чэмпіянату
Цяпер футбольная Беларусь чакае лёсаванне чэмпіянату свету – 2026, што пройдзе 13 снежня ў Цюрыху.
Фінальная частка ЧС-2026 адбудзецца з 11 чэрвеня да 19 ліпеня 2026 года на футбольных палях ЗША, Канады і Мексікі. Упершыню ў турніры выступяць 48 зборных.
Усяго для лёсавання сфармаваныя пяць групаў, Беларусь апынулася ў чацвёртай. Гэта азначае, што зборная Беларусі дакладна не згуляе з Літвой і Эстоніяй, якія адмаўляюцца гуляць з беларускаю камандаю, пакуль у Беларусі дзеіць рэжым Лукашэнкі.
У першым кошыку – выключна топы еўрапейскага футболу. Напрыклад, чэмпіёны Еўропы іспанцы, англічане, італьянцы, немцы. З кімсьці з гэтых элітных зборных і давядзецца згуляць зборнай Беларусі.
У другім кошыку – зборная Украіны, але арганізатары лёсавання плануюць развесці Беларусь і Украіну ў розныя групы.
Паводле апошняга рэйтынгу FIFA, Беларусь займае 97-е месца ў свеце. У сваёй гісторыі зборная Беларусі пакуль яшчэ не адбіралася ў фінальныя турніры чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Алесь Ляўчук belsat.eu