Пра з’яўленне ў небе над нашаю краінаю самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення на базе старога савецкага Іл-20 піша са спасылкаю на ўкраінскія маніторынгавыя каналы «Флагшток».
Іл-20 – выведны самалёт, спецыялізаваны на радыёэлектроннай выведцы, 27 траўня падняўся ў паветра з аэрадрому ў Лідзе і больш за дзве гадзіны «выконваў заданні ў небе», паведамляе маніторынгавы канал «Ринда моніторить».
Самалёт здзяйсняў палёты ў раёне Ваўкавыску недалёка ад мяжы з Польшчаю. Паводле інфармацыі ўкраінскіх спецыялістаў, самалёт быў у паветры больш за 4 гадзіны. Яго з’яўленне маніторцы інтэрпрэтавалі як пагрозу:
,,«Гэта класічны этап рыхтавання да магчымых ракетных ці дронавых атак. Зрэшты, сам факт яго прысутнасці не ёсць прамой прыкметай неадкладнай пагрозы».
Украінскія маніторцы зазначаюць, што апошнім часам расейскія войскі значна актывізавалі выведную дзейнасць, датычную не толькі радыёэлектроннай выведкі.
«Фіксуецца сістэмны спадарожнікавы маніторынг, а таксама штодзённае з’яўленне выведных БПЛА ў памежных раёнах і не толькі», – зазначаецца ў тэлеграм-канале «Ринда моніторить».
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны беларускую паветраную прастору для радыёлакацыйнай выведкі выкарыстоўвалі расейскія самалёты А-50 на базе Іл-76.
Самалёт-выведнік А-50, што дзяжурыў у небе над Беларуссю на пачатку 2023 года, быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах украінскім дронам. З таго часу цягам больш чым двух гадоў у Беларусі выведныя самалёты не фіксаваліся. З’яўленне такога самалёту можа сведчыць пра тое, што ў траўні 2025 года змяніўся характар выкарыстання расейскіх сродкаў радыёлакацыйнага выяўлення, мяркуе «Флагшток».
Абсталяванне на самалёце-выведніку – авіяцыйны комплекс радыёвыяўлення і навядзення – здольнае фіксаваць радыёсігналы за сотні кіламетраў. Напрыклад, падчас палёту над Ваўкавыскім раёнам самалёт «бачыць» сігналы ў Польшчы, Літве, Заходняй Украіне.
Электронная сістэма выведкі і кіравання на такіх самалётах прызначаная для знаходжання аб’ектаў непрыяцеля ў паветры, на зямлі, вадзе і для навядзення на іх сродкаў паражэння ці перахопу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu