Намеснік міністра абароны Беларусі Міхаіл Бранскі сцвярджае, што налета айчынная армія будзе мець цэлую лінейку ўдарных беспілотнікаў – ад малых FPV да дронаў-камікадзэ, здольных праляцець 300 кіламетраў. Чаму лукашэнкаўскі рэжым так зацікаўлены гэтай тэмай, запыталі ў нашых экспертаў.
У чацвер, 14 лістапада, міністр абароны і начальнік Генштабу інспектавалі беларускія вайсковыя распрацоўкі. Штабныя начальнікі ацанілі сродкі абароны тэхнікі ад дронаў, гарнітуру для падключэння да беспілотнікаў і турэль для іх збіцця. Але для вайсковага аналітыка, былога працаўніка СБУ Івана Ступака гэтая падзея выглядае сумнеўна:
«Збіць нешта маленькае, што вісіць над вайсковай часткай, гэтак можна. З іншага боку, боезапас абмежаваны. Колькі, сто дваццаць патронаў? Чатыры аўтаматы, прыцэльнасць стрэлаў… Ну, спрабуюць нешта зрабіць».
У верасні на палігоне Абуз-Лясноўскі Аляксандру Лукашэнку ўжо паказвалі найноўшыя беларускія дроны. Ён жа тлумачыў вайскоўцам асаблівую ролю беспілотнікаў у сучаснай вайне:
«Ужо палічылі – салдат у 5 разоў даражэйшы за беспілотнік. Калі ты паражаеш салдата беспілотнікам – гэта вельмі-вельмі выгадна».
На ўзбраенні войска Беларусі стаяць два дроны для атакавання жывой сілы – «Квадра-1400» і баражавальная труба. Яшчэ пяць – так званыя ўдарныя дроны-камікадзэ. Усе яны, як сцвярджаецца, выключна беларускае вытворчасці. На думку вайсковага аналітыка Дмытро Снегірова, гэта не так:
,,«Гаворка ідзе найперш пра кааперацыю з Кітаем, што была паспяхова апрабаваная беларускім ВПК на момант распрацоўвання ракетнай сістэмы "Паланэз". Таму я не выключаю, што асноўныя кампаненты беспілотнікаў – кітайскай вытворчасці».
Яшчэ ў 2018 годзе Лукашэнку паказвалі першыя ўзоры айчынных БПЛА. Аднак толькі пасля пачатку расейска-ўкраінскай вайны іх пачалі паскорана пастаўляць у войска.
«Мне вядома, што Беларусь актыўна экспартуе ўзбраенне, выраблянае ВПК, і таму не выключана, што могуць перадаць у армію Расеі. Мы ведаем, туды ідуць пастаўкі запасных частак», – распавядае прадстаўнік АПК у абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук.
Летась улады забаранілі фізічным асобам купляць і захоўваць любыя беспілотныя апараты. За парушэнне ўвялі адміністратыўную адказнасць. Усе наяўныя апараты людзі мусілі здаць.

Праблему ж недахопу кадраў, здольных кіраваць БПЛА, Міністэрства абароны спрабуе зменшыць масавым рыхтаваннем аператараў дронаў. Гэтаму вучаць у ДАСААФ і нават у школах, а ў Вайсковай акадэміі і Акадэміі авіяцыі адкрылі адмысловыя кафедры. У той жа час прафесію актыўна рэкламуюць. Летась адмысловы стэнд презентавалі нават падчас святкавання Дня танкістаў.
,,«Мы ведаем што шмат якія краіны практыкавалі стварэнне авіягурткоў, ці ў Саюзе былі гурткі авіямадэлявання. Нешта такога кшталту ўкараняецца і цяпер», – сцвярджае Вадзім Кабанчук.
Цяпер беларускія вайскоўцы актыўна пераймаюць сродкі абароны, ад тэхнікі і зброі – да беспілотнікаў, у расейскай арміі. Пры тым, што яшчэ з канца 2010-х распрацоўвалі ўласныя сродкі радыёэлектроннай абароны. Заяўлялася, што тыя будуць перахопліваць беспілотнікі без удзелу вайскоўцаў і самалётаў.
Тым часам ужо больш як чатыры месяцы ў паветраную прастору штодзённа залятаюць расейскія ўдарныя дроны.
Дмытро Снегіроў упэўнены, што немагчыма гаварыць і даваць ацэнку працы сродкам радыёэлектроннай барацьбы без адпаведных звестак пра тактычна-тэхнічныя характарыстыкі, без іх выпрабавання ў рэальным баі:
«Я думаю, што беларускія РЭБ адключаюць паводле дамоўленасці з расейцамі».
З інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у кастрычніку ў Беларусь заляцела рэкордная колькасць расейскіх «Шагэдаў». Іх было не менш за сорак дзевяць.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Антон Бяздольны, «Белсат»