Белстат паведаміў, што ў кастрычніку інфляцыя склала 5,9 % год да года, пры гэтым улады імкнуцца ўтрымаць рост цэнаў сёлета ў межах 6 %.
За месяц цэны ў Беларусі выраслі не істотна, толькі на 0,5 %: харчы ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем падаражэлі на 0,7 %, нехарчовыя тавары – на 0,3 %, паслугі – на 0,3 %.
Белстат апублікаваў змяненне цэнаў на некаторыя тавары і паслугі. Напрыклад, алей за месяц падаражэў на 2 %, рыба – на 1,4 %, садавіна і гародніна – на 1,2 %, а макарона патаннела на 1 %.
Сярод нехарчовых тавараў ведамства адзначыла тэлевізары (рост 1,2 %), лядоўні (1 %) і мэблю (0,7 %). Цэны на сінтэтычныя мыйныя сродкі зменшыліся на 0,6 %.
У паслугах дашкольная адукацыя прыбавіла 2,4 %, міжнародны турызм – 2,1 %, ветэрынарныя паслугі – 1,2 %. Чыгуначны транспарт патаннеў на 1,6 %.
Пры гэтым у параўнанні з леташнім кастрычнікам інфляцыя склала 5,9 %. Харчы падаражэлі на 7,2 %, нехарчовыя тавары – на 4,1 %, а паслугі – на 6 %. Улады прагназуюць, што сёлета рост цэнаў не перавысіць 6 %.
Незалежныя эканамісты чакаюць, што план будзе выкананы. Як сказаў на нядаўнім брыфінгу эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, інфляцыя складзе 5,5-6 %, але ж налета такога шчасця наўрад ці пабачым. Паводле ягонага базаваму прагнозу (то бок калі не здарыцца нічога надзвычайнага), цэны вырастуць на 6-8 %.
Цэны ў Беларусі трымаюць у абцугах. Жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне насамрэч дазваляе ўтаймаваць інфляцыю, але ўлады не кажуць, якім коштам. Як тлумачаць аналітыкі, фактычна цэны ўсё адно растуць, але не для спажыўцоў, а для вытворцаў. І менавіта вытворцы расплачваюцца за гэты банкет. Напрыклад, каб ва ўмовах працоўнай міграцыі ўтрымаць працаўнікоў, даводзіцца павышаць заробкі (паводле Белстату, у верасні рэальныя заробкі год да года выраслі на 12,5 %), аднак кампенсаваць гэтыя выдаткі праз павышэнне цэнаў нельга. Прадпрыемствы вымушаныя змяншаць іншыя выдаткі, напрыклад, на мадэрнізацыю.
Улады, падобна, разумеюць, што доўга так працягвацца не можа: надоечы міністр гандлю Аляксей Багданаў анансаваў альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэнаў. Імаверна, яна запрацуе налета.
«Галоўная задача – стварыць сістэму з найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння, аднак разам з тым забяспечыць стабільнае насычэнне ўнутранага рынку, развіццё эканомікі і даступныя цэны для насельніцтва на тавары», – казаў чыноўнік.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Сцяпан Кубік belsat.eu