Правесці ўсе планавыя аперацыі эндапратэзавання да канца года. Гэткі загад даў летась Лукашэнка. Аднак зрабіць гэтага не атрымалася. У чым прычына і як цяпер выглядае сітуацыя з чэргамі на замену суставаў, запыталі ў нашых адмыслоўцаў.
Ліквідаваць чэргі на пратэзаванне і паставіць беларусаў на ногі да канца снежня – такі загад Лукашэнкі прагучаў летась у траўні. Праз паўтара года казаць пра пазітыўныя змены не выпадае – час чакання аперацыі складае ад некалькіх месяцаў да двух гадоў. Доктар, намеснік прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей бачыць прычыну ў неразуменні таго, як гэта працуе:
«Гэта толькі ў галаве дыктатара адзін можа ставіць пратэзы, а два другія зашываць. Так хірургія не працуе - у яе ёсць вузкія горла. І гэта не толькі лекары-траўматолагі, якіх таксама не так шмат, як нам хацелася».
Гэтак, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры транспланталогіі ў кастрычніку правялі аперацыі на тазасцегнавым суставе тым, хто стаў у чаргу летась у чэрвені. Замяніць каленны сустаў можна было хутчэй – усяго за чатыры месяцы. Але чым далей ад сталіцы, тым больш праблемнай выглядае сітуацыя. Два, нават і пад тры гады адпаведна тых жа аперацыяў чакалі, напрыклад, жыхары Мазыра.
,,«Калі яму паказана гэтая аперацыя, калі гэта не нейкае лёгкае парушэнне, а нейкае сур'ёзнае, любое чаканне спалучаецца з болем, спалучаецца з парушэннем функцый, спалучаецца з пагаршэннем іншых сістэм арганізма», – распавядае доктар-траўматолаг Аляксей Носаў.
Чэргі на эндапратэзаванне ў беларускіх клініках, між іншага, выраслі і на фоне гэтак званай справы артапедаў. Два гады таму сілавікі затрымалі трыццаць пяць спецыялістаў, якіх абвінавацілі ў атрыманні хабару – маўляў, за прасоўванне імпартных пратэзаў сярод пацыентаў.

Паводле аб'яднання медычнай ініцыятывы «Белыя халаты», у выніку аблавы каля пяцідзесяці артапедаў і траўматолагаў адхілі ад працы на пасадах. Нястачу хірургаў кампенсавалі ў тым ліку дактарамі, якім зладзілі экстранныя адукацыйныя курсы ў замене суставаў.
«Рабіць такія аперацыі механічныя, як на канвееры, – ну, можна падрыхтаваць людзей. Руку наб'юць, ну, будзе пэўная колькасць памылак. Але факт, што любая спецыялізацыя трохі глыбей, чым проста пастаноўка пратэза», – кажа Аляксей Носаў.
Тады ж урад забараніў прыватным клінікам ставіць замежныя эндапратэзы. Выключэннем стала медычная ўстанова «Мерсі», якая, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, звязаная з сям'ёй Лукашэнкі. Пацвярджала гэта і медычная ініцыятыва «Белыя халаты»:
,,«Мы высветлілі, што яна належыць сяброўцы Ліліі Лукашэнкі Людміле Няронскай. Заняць гэтую нішу ёй дапамагла «справа артапедаў». Пасля чаго "Мерсі" стала адзінай клінікай у Беларусі, што ставіла імпартныя пратэзы, праўда, у тры разы даражэй, чым у дзяржклініках».
З верасня 2022-га, пасля паўгадавога перапынку, швейцарскія ці амерыканскія пратэзы сталі даступныя і ў дзяржаўных клініках – праўда, ужо толькі на платнай аснове. А вось бясплатна – як гэта было раней – беларусы могуць усталяваць суставы толькі індыйскае ці айчыннае вытворчасці. Апошнія, паводле «Белых халатаў», выпрабоўваліся тройчы – два разы на жывых людзях і яшчэ аднойчы – на трупе.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Наста Печанькова, «Белсат»