Школа «Streamline», адна з найбуйнейшых моўных школаў у Беларусі, пацвердзіла, што спыняе сваю дзейнасць. Альянс расследавальнікаў Беларусі мае сваю версію магчымай прычыны закрыцця: у кіраўніка школы праз адкрытыя крыніцы журналісты знайшлі фірму ў Польшчы, якая надае тыя ж паслугі. Чаму моўная школа замінала ўладам Беларусі, запыталі ў экспертак.
Заснавальнік і кіраўнік «Streamline» Эдуард Цалюк напярэдадні апублікаваў на сайце школы заяву, у якой сцвердзіў, што рахункі арганізацыі заблакаваныя з 3 кастрычніка. З таго часу школа не можа ні заплаціць выкладчыкам, ні прыняць аплаты ад навучэнцаў, ні вярнуць ім нявыкарыстаных сродкаў:
«22 кастрычніка 2024 года ва ўпраўленні юстыцыі Менгарвыканкаму да нашых працаўнікоў была даведзеная інфармацыя пра пачатак працэдуры ліквідацыі навучальнага цэнтру, у якой прававых падставаў, што паслужылі нагодай для ліквідацыі, не змяшчаецца. Афіцыйным шляхам самой пастановы аб ліквідацыі навучальны цэнтр не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да нас не даведзеныя», – гаварылася ў заяве.
Цяпер старонка str.by не адкрываецца.
Але ці сапраўды эканамічны чыннік – адзіная магчымая прычына знішчэння прыватнай моўнай школы з добраю рэпутацыяй?
,,«Рэжым Лукашэнкі (і ён асабіста) заўсёды рэагаваў балюча на тое, калі незалежныя, недзяржаўныя, не кантраляваныя дзяржавай інстытуты набываюць сімвалічную вагу, рэпутацыю і аўтарытэт у грамадстве», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у справе адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.
Моўная школа «Streamline» працавала на рынку Беларусі больш за 15 гадоў. Сярод іншага, менавіта яна рыхтавала валанцёраў для ІІ Еўрапейскіх гульняў, што праводзіліся ў Беларусі ў 2019 годзе. У навучальнай установе працавалі больш за 300 выкладчыкаў. І некантраляваная акадэмічная супольнасць таксама магла выклікаць незадаволенасць уладаў, мяркуе Таццяна Шчытцова. Яшчэ адна магчымая прычына закрыцця:
«Вельмі верагодна, што ўлады такім чынам вырашылі зрабіць такую перапону, не дазволіць, каб была эміграцыя працоўнай сілы. Таму што зразумела, што калі людзі вывучаюць замежную мову, то вельмі верагодна, што яны маюць адпаведныя планы».

Агулам падыход да вывучэння замежных моваў пасля 2020 года ўлады агучвалі неаднаразова. Летась падчас пашыранай нарады ў справе адукацыі генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў:
«У шэрагу класаў колькасць гадзінаў на вывучэнне англійскай мовы большая ў сукупнасці, чым на вывучэнне беларускай і расейскай моваў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду?»
Новая фірма «Gloss Education» зарэгістраваная ў 2023 годзе і надае на польскім рынку тыя самыя паслугі, што і «Streamline» ў Беларусі: пераклады, навучанне замежным мовам, турыстычныя паслугі.
,,«Гэта іх грошы, гэта іх бізнес, які яны будавалі дзесяцігоддзямі, таму гэта абсалютна лагічна і зразумела. Магчыма, беларускім уладам гэта не падабаецца, яны хацелі б пакінуць кантроль над гэтымі сродкамі ў Беларусі», – мяркуе прадстаўніца рэдакцыі Альянсу расследавальнікаў Беларусі Вольга Сямашка.
«Streamline» – гэта не першы выпадак атакі ўладаў на прыватныя адукацыйныя цэнтры, асабліва тыя, дзе вучаць замежным мовам. Гэтак, летась у снежні сілавікі затрымлівалі працаўнікоў курсаў польскай мовы.
Таксама пасля ўказу аб абавязковым ліцэнзаванні цягам апошніх гадоў у Беларусі закрылі пераважную большасць прыватных школаў, дамоў догляду старых і медычных установаў. На мінулым тыдні ў эканамічным судзе Менску распачалі справу пра банкруцтва прыватнай «Клінікі А1».
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Ірына Дарафейчук, Марыя Голдстэйн, «Белсат»