навіны

Амбасадар Расеі паабяцаў дапамагчы Менску душыць пратэсты

Барыс Грызлоў. Фота: belarus.mid.ru
Барыс Грызлоў. Фота: belarus.mid.ru
podpis źródła zdjęcia

Амбасадар Расеі ў Менску Барыс Грызлоў заявіў, што апазіцыя не мае ніякага ўплыву ў Беларусі, але пры гэтым сілавікам падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года можа спатрэбіцца дапамога з РФ.

У інтэрв’ю «РИА Новости» Барыс Грызлоў заявіў, што апазіцыянеры, якія з’ехалі з Беларусі пасля выбараў 2020 года, не маюць ніякага ўплыву ў краіне, іхная дзейнасць «не прыносіць роўна ніякага выніку». Тым не менш ён чакае «правакацыяў» падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025-га.

«Было б дзіўна, калі б нашыя агульныя супернікі не планавалі нейкіх правакацыйных дзеянняў. Вядома, мы зыходзім з таго, што такія спробы будуць рабіцца», сказаў амбасадар.

Дыпламат дадаў, што пасля пратэстаў 20202021 гадоў «праваахоўныя органы і спецслужбы Рэспублікі Беларусь правялі каласальную працу, скіраваную на спыненне такога роду злачынных дзеянняў у будучым».

Грызлоў пры гэтым паабяцаў дапамогу Менску падчас выбараў у 2025 годзе, калі лукашэнкаўскія сілавікі не дадуць з гэтым рады: «Расея ў межах сваіх абавязкаў, безумоўна, дапаможа і падтрымае, калі нас папросіць наш найбліжэйшы хаўруснік і стратэгічны партнёр».

Паводле Грызлова, профільныя ведамствы дзвюх краінаў і так вядуць пастаянны абмен інфармацыяй праз аператыўныя каналы, «у рэжыме рэальнага часу» дзеляцца звесткамі пра любыя патэнцыйныя пагрозы.

Санкцыйны імпульс інтэграцыі

Грызлоў таксама заявіў, што ў дамове дзвюх краінаў наконт гарантыяў бяспекі змяшчаецца парадак дзеянняў ва ўмовах узнікнення рэальнай пагрозы суверэнітэту:

«Ён прадугледжвае ў тым ліку парадак дзеянняў бакоў ва ўмовах узнікнення рэальнай пагрозы суверэнітэту адной або абедзвюх нашых дзяржаваў. У духу саюзніцкіх стасункаў мы зыходзім з таго, што вонкавыя межы Саюзнай дзяржавы ўтвараюць адзіную абаронную прастору».

Паводле дыпламата, уключаныя ў дамову і палажэнні, звязаныя з размяшчэннем расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Вядзецца актыўная праца з Менскам для фіналізацыі тэкстаў гэтага дакументу і новай канцэпцыі бяспекі гэтак званай Саюзнай дзяржавы.

Амбасадар закрануў і тэму заходніх санкцыяў за агрэсію супраць Украіны. Паводле яго, яны «надалі каласальны імпульс саюзнай інтэграцыі».

Нагадаем, што група беларускіх псіхіятраў у эміграцыі і Грамадзянскі цэнтр «Беларускі вердыкт» 10 кастрычніка звярнуліся да Сусветнай арганізацыі здароўя ААН, Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя, Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, псіхіятрычных асацыяцыяў Канады, ЗША, Літвы, Беларусі, Расеі з адкрытым зваротам адносна неабходнасці кантролю псіхічнага здароўя кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10