Курс долара ў Беларусі вырас на BYN 1,85 капейкі і абнавіў гадавы максімум 16 кастрычніка. Цяпер адзін долар у Беларусі каштуе BYN 3,3104. «Белсат» даведаўся ў эканамісткі, чаму прыкметны рост працягваецца ўжо некалькі тыдняў і ці варта беларусам хвалявацца.
Па выніках таргоў расейскі рубель апынуўся на гадавым мінімуме. Ён страціў BYN 1,84 капейкі – 100 расейскіх рублёў цяпер каштуюць BYN 3,405. Курс кітайскага юаня знізіўся на BYN 0,04 капейкі і склаў BYN 4,6682.
Асноўнай прычынай, чаму беларускі рубель падае да долара, з'яўляецца аслабленне расейскага рубля таксама да долара, мяркуе экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.
«На дынаміку расейскага рубля ўплывае, вядома, знешні гандаль Расеі – па-ранейшаму застаецца станоўчае гандлёвае сальда, але імпарт пачынае больш актыўна расці. І ёсць пэўныя цяжкасці з атрыманнем грошай за экспарт. Плюс сітуацыя залежыць ад дынамікі коштаў нафты. Выкананне кантрактаў па нафце, менавіта прыход грошай, трохі адстае ад часу здзелкі. Тое, што было, напрыклад, месяц таму, калі нафта дэманстравала тэндэнцыю да зніжэння кошту, адлюстроўваецца ў балансе цяпер. Менавіта гэтыя трэнды дзейнічаюць на паніжэнне курса расейскага рубля. Сёння ён таксама не моцна, але апусціўся да долара», – кажа Анастасія Лузгіна.
У найбліжэйшы час на курс у Беларусі будзе ўплываць менавіта сітуацыя з доларам у Расеі. Унутраных фактараў, якія б уплывалі на значнае змяненне курсу ў Беларусі, няма.
«Пакуль мы не можам казаць, што сітуацыя са знешнім гандлем сур'ёзна ўздзейнічае на курс беларускага рубля. Таму што гандлёвы баланс Беларусі ў апошнія месяцы вагаецца ад плюса да мінуса – паблізу нуля.
Пакуль мы бачым, што беларусы больш прадаюць валюту, чым купляюць. Гэта таксама падтрымлівае курс беларускага рубля. Таму тое, што мы бачым у змене курсу, звязана са знешнім уздзеяннем, а менавіта з сітуацыяй на валютным рынку Расеі», – працягвае экспертка.
Што рабіць беларусам?
Панікаваць з нагоды сітуацыі на валютным рынку дакладна не варта, лічыць Анастасія Лузгіна. Пакуль умоў для рэзкіх перападаў і праблем з валютай не відаць.
,,«Крытычныя сітуацыі, крызісы, якія перажывалі беларусы і не адзін раз, адбываліся пры іншых умовах, калі наспяваў вельмі сур'ёзны дысбаланс у беларускай эканоміцы. Гэта з аднаго боку. З другога боку, яшчэ і курс трымалі [улады. – Заўв. рэд]. Гэта прыводзіла да таго, што ўрэшце курс адпускалі і адбывалася рэзкая дэвальвацыя.
Апошнія гадоў шэсць – сем Нацыянальны банк праводзіць рынкавае цэнаўтварэнне на валютным рынку і, калі фактар нейкі ўздзейнічае ў бок змяншэння курсу, яно адразу адлюстроўваецца», – адзначае прадстаўніца BEROC.
Адзінае, што можа цяпер рабіць Нацыянальны банк, каб уздзейнічаць на валютны рынак – гэта прадаваць або купляць валюту, але толькі для таго, каб згладжваць рэзкія кароткачасовыя ваганні, якія могуць правакаваць паніку.

«Гэта тычыцца змяненняў, якія ствараюць нервовасць на валютным рынку, але не з'яўляюцца доўгатэрміновымі фактарамі. Калі казаць пра доўгія тэндэнцыі, то ў 2024 годзе былі перыяды, калі Беларускі рубель умацоўваўся да долара, потым ён аслабляўся. Цяпер мы зноў бачым тэндэнцыю да зніжэння.
Як будаваць сваю пазіцыю менавіта ў дачыненні да куплі альбо продажу валюты кожны вырашае сам, але трэба разумець, што не факт, што праз пару тыдняў не адбудзецца пэўны адкат у тым, што мы цяпер назіраем», – кажа экспертка.
Напрыклад, на ўмацаванне расейскага рубля да долара, а за ім і беларускага можа паўплываць выплата квартальных падаткаў у Расеі ў канцы кастрычніка. Тады экспарцёрам давядзецца прадаваць валюту, каб заплаціць падаткі.
«Адпаведна, курс крыху ўмацуецца на нейкі час. Аб ваганнях у бок дэвальвацыі наўрад ці варта казаць на сённяшні дзень, таму панікаваць не трэба. Але трэба ўлічваць, што тэндэнцыя да паступовага зніжэння, вядома, будзе захоўвацца», – заключае Анастасія Лузгіна.
Арсен Рудэнка belsat.eu