Курс амерыканскай валюты вырас да 3,3011 рубля, еўра – да 3,6095 рубля. «Белсат» спытаў эканамістаў, што адбываецца і ці бегчы ў абменнік.
11 кастрычніка долар, еўра і кітайскі юань узялі ў Беларусі сёлетнія вышыні, расейскі рубель, наадварот, абваліўся да гадавога мінімуму. Паводле курсу Нацбанку 11 кастрычніка долар каштуе 3,3011 рубля, еўра – 3,6095 рубля, 10 юаняў – 4,7156 рубля, 100 расейскіх рублёў – 3,4205 беларускага.
У пятніцу рэгулятар вызначыў курсы на выходныя і панядзелак, і прагныя да валюты беларусы меліся ўздыхнуць з палёгкаю: долар, еўра і юань крыху патаннелі. Расейскі рубель, наадварот, умацаваўся.
Эканамістка Аліса Рыжычэнка упэўненая, што ў падзенні нашага рубля да долара і еўра вінаватая Расея. Вядома, што Маскоўская біржа трапіла пад амерыканскія санкцыі, пры гэтым ЗША выдаюць адмысловыя ліцэнзіі на вызначаны тэрмін, каб часова працягваць аперацыі. Днямі некалькі дазволаў будуць ануляваныя, і нерэзідэнты хапалі валюту, каб вывесці яе за мяжу. Гэта аслабіла расейскі рубель і аўтаматычна – беларускі.
«Другі чыннік – пагашэнне еўрааблігацыяў. Расейскія банкі-трымальнікі гэтых бондаў куплялі валюту, каб разлічыцца за еўрабонды і тым самым фармавалі падвышаны попыт на валюту ўнутры краіны. Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта адлюстраванне таго, што адбываецца ў Расеі», – сказала Рыжычэнка «Белсату».
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна заўважыла іншую прычыну: напружанасць паміж Ізраілем і Іранам.
«Долар цяпер расце да шмат якіх валютаў. Адбіваецца канфлікт паміж Іранам і Ізраілем, бо незразумела, што будзе з коштамі на нафту, а інвестары ва ўмовах нявызначанасці заўсёды глядзяць у бок долара – найбольш стабільнай валюты», – тлумачыць «Белсату» экспертка.
На беларускі рубель цісне і расейскі, які падае да галоўных валютаў, пагаджаецца адмыслоўца. У нашых усходніх суседзяў змянілася сітуацыя з вонкавым гандлем:
«Сальда там дадатнае, аднак у апошнія месяцы імпарту паболела: імпарцёры прыстасаваліся да санкцыйных умоваў і ажывіліся».

Пры гэтым галоўны экспартны тавар Расеі – нафта – у жніўні і першай палове верасня таннеў, таму паменела і валютнага прыбытку.
«Дарэчы, цяпер нафта пачала расці, гэта адаб'ецца ў наступным месяцы, бо нафтавыя кантракты выконваюцца з пэўным лагам у часе», – падкрэсліла Лузгіна.
Акрамя таго, не ўсе экспарцёры гараць жаданнем заводзіць валюту ў Расею, і гэта таксама цягне іхны рубель уніз.
,,«Зараз унутры Беларусі няма сур'ёзных чыннікаў, праз якія паскорылася б падзенне беларускага рубля. Зараз мы кажам, што менавіта вонкавыя чыннікі ўплываюць».
Экспертка, зрэшты, звярнула ўвагу, што хаця да долара рубель і ўпаў, але варта сачыць за нацбанкаўскім кошыкам валютаў. У ім 60 % расейскага рубля, 30 % долара і 10 % – юаня. Дык вось да гэтага кошыка беларускі рубель з пачатка года дэвальваваўся толькі на 0,23 %:
«Варта заўсёды глядзець на кошык валютаў, як беларускі рубель паводзіцца не да адной валюты, долара, бо гэта скажае рэальную сітуацыю, скажае ўражанне ў звычайнага чалавека».
Абедзве эканамісткі схіляюцца да думкі, што пасля цяперашняга падаражэння долар крыху збавіць абароты.
«Расейскі Цэнтрабанк будзе ладзіць валютныя інтэрвенцыі на вялікую суму, таму гэта будзе падтрымоўваць расейскі рубель і тым самым стабілізаваць беларускі рубель у тым ліку. Гэта будзе невялікая стабілізацыя, імаверна, будзе курс не 3,3 рубля за долар а 3,25 умоўна», – мяркуе Рыжычэнка.
«Цяпер даражэе нафта, плюс напрыканцы месяца ў Расеі выплата падаткаў, адпаведна, больш валюты будуць прадаваць на ўнутраным рынку. Таму цалкам імаверна, што да канца месяца мы ўбачым пэўны адкат долара і, адпаведна, узнаўленне дынамікі беларускага рубля», – кажа Лузгіна.
Таксама абедзве эксперткі чакаюць, што ў перспектыве долар працягне пакрысе даражэць у Беларусі.
«Курс долара будзе ў любым выпадку расці», – не сумняецца Аліса Рыжычэнка.
«У доўгатэрміновай перспектыве трэнд на плаўнае зніжэнне курсу беларускага рубля да долара, хутчэй за ўсё, захаваецца сёлета і працягнецца налета», – падсумавала Настасся Лузгіна.
Сцяпан Кубік belsat.eu