Два расейскія знішчальнікі МіГ-31К, якія некалькі дзён таму прыляцелі ў нашу краіну, 10 кастрычніка, імаверна, пакінулі яе тэрыторыю.
Маніторынгавая група «Беларускі гаюн» паведамляе, што 10 кастрычніка стала вядома пра адлёт з аэрадрома «Мачулішчы» двух знішчальнікаў МіГ-31К Ваенна-касмічных сілаў РФ, які прыляцелі ў Беларусь 9 і 10 кастрычніка.
«Беларускі гаюн» піша, што назад на тэрыторыю аэрадрому самалёты не вярталіся.
«Зыходзячы з даступнай інфармацыі, нам вядома, што пасля ўзлёту МіГ-31К не вярнуліся на аэрадром "Мачулішчы". Знішчальнікі ўзялі курс на поўдзень, праляцелі міма Баранавічаў і затым на ўсход – у бок РФ. Такім чынам, на дадзены момант найбольш верагодна тое, што МіГі пасля ўзлёту пакінулі тэрыторыю Беларусі і вярнуліся ў Расею», – пішуць аўтары тэлеграм-канала.
Апошні раз прылёт расейскіх самалётаў МіГ-31К на тэрыторыю Беларусі фіксаваўся 6 жніўня 2023 года.
Гэтыя самалёты могуць несці на борце гіпергукавыя ракеты тыпу «Кінжал», якія могуць запускаць з адлегласці ў дзве тысячы кіламетраў.
Паводле ацэнак спецыялістаў, агулам на ўзбраенні ў Расеі знаходзіцца не болей за 24 такія самалёты (паводле іншых ацэнак, у два разы меней).
Раман Шавель besat.eu