1 кастрычніка, у Міжнародны дзень людзей сталага веку, улады Беларусі зрабілі грамадзянам чарговы «падарунак» – забяспечылі закрыццё практычна ўсіх прыватных дамоў догляду старых у краіне. Да чаго гэта прывяло – чытайце ў матэрыяле «Белсату».
Правяранні прыватных дамоў догляду старых пачаліся ў 2022 годзе. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што прычына – «шматлікія скаргі».
«Маніторынгавая група выявіла, што ў адным з пансіянатаў сярод тых, хто пражывае, распаўсюджваліся інфекцыйныя хваробы. Як аказалася, пры засяленні ў жыхароў не прасілі падаць актуальныя дакументы пра стан здароўя. У будынках не было эвакуацыйных выхадаў, пажарнай сігналізацыі або былі пашкоджаныя электраправодка і разеткі. А яшчэ – высокая шчыльнасць людзей, якія пражываюць, недастатковая колькасць персаналу, у сувязі з чым адзначалася нізкая якасць догляду», – перадае словы прадстаўнікоў Мінпрацы sb.by.
Па выніках правяранняў працаваць маглі толькі 24 з 35 прыватных пансіянатаў, астатнія прыпынілі сваю дзейнасць з увагі на парушэнні.
У снежні 2023 года ў Беларусі прынялі закон «Аб змене законаў у пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплатаў», які ўвёў новыя патрабаванні і абавязковае ліцэнзаванне. Моц закон набыў 1 ліпеня 2024 года, а да 1 кастрычніка прыватныя пансіянаты павінны былі атрымаць ліцэнзію, выканаўшы мноства новых патрабаванняў ад МНС і санстанцыяў, а на дадатак перайменавацца (напрыклад, дамы-інтэрнаты павінны зрабіцца «сацыяльнымі пансіянатамі»).

Прыватныя пансіянаты цяпер закрытыя? А што з жыхарамі?
З 24 працоўных прыватных дамоў догляду старых цяпер застаўся толькі адзін – Дом міласэрнасці на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтру «Жамчужынка» ў Кобрынскім раёне, ён практычна запоўнены. Астатнія ліцэнзіі пакуль не атрымалі, а значыць, не могуць працаваць і павінны адправіць сваіх жыхароў назад да сваякоў.
У Мінпрацы тым, чые нямоглыя сваякі апынуліся за дзвярыма прыватных пансіянатаў, даюць наступныя парады на выбар:
– часова забраць родных дадому;
– знайсці сацработніка або сядзелку;
– атрымаць доўгачасовы догляд;
– заключыць дамову рэнты, паводле якога дзяржава забяспечвае хвораму догляд, а той абавязваецца перадаць дзяржаве сваё жытло пасля смерці;
– перадаць нямоглага чалавека ў «замяшчальную сям'ю», то бок да іншых людзей, якія ўмеюць ажыццяўляць такі догляд.

Што кажуць працаўнікі прыватных пансіянатаў і сядзелкі
Былая работніца аднаго з прыватных дамоў догляду старых Ірына (імя змененае) мяркуе, што паляпшэнне шмат якім прыватным установам было неабходнае, але часу на гэта далі мала, а выбару для сем'яў жыхароў увогуле не пакінулі – толькі прарывацца скрозь чэргі ў дзяржаўныя пансіянаты, дзе абслугоўванне не лепшае:
«Я б не сказала, што ўсе ўладальнікі прыватных дамоў догляду старых у Беларусі – белыя і пухнатыя людзі, якіх загналі ў пастку новымі патрабаваннямі. Шмат для каго гэта будзе матывацыяй зрабіцца лепшымі і не думаць пра гэтую справу толькі з пункту гледжання бізнесу і грошай. З другога боку, 90 % новых уведзеных патрабаванняў для атрымання ліцэнзіі – абсалютнае смецце.
Калі правілы прадугледжваюць пажарныя гідранты, то тут усё зразумела: яны вельмі дарагія, але сапраўды патрэбныя, бо пажар – найгоршае, што можна ўявіць у будынку з ляжачымі хворымі. Але навошта ўсё пераймяноўваць менавіта ў пансіянат? Гэта нічога не мяняе, але дадае ўсім папяровай цяганіны і лішняга марнавання. Або чаму дамы догляду старых павінны быць падобныя на бальніцы, без намёку на хоць нейкую ўтульнасць? Маўляў, нельга паклеіць шпалеры, бо іх нельга памыць. Ну а як людзі ў дамах жывуць?»

Суразмоўніца «Белсату» называе нерэальнымі тэрміны, цягам якіх трэба было выканаць усе новыя патрабаванні для атрымання ліцэнзіі. Сваякам старых з прыватных пансіянатаў цяпер нічога не застаецца, апрача як грукацца ў аналагічныя дзяржаўныя ўстановы, якія яшчэ горшыя за прыватнікаў.
«У людзей павінен быць банальны выбар, да каго звяртацца, а цяпер усе ў разгубленасці: яны тэлефануюць у дзяржаўныя пансіянаты, а там адказваюць, што месцаў няма.
Пры гэтым дзяржаўныя пансіянаты яшчэ горшыя за прыватнікаў: няхай дзякуючы датацыям у іх ёсць магчымасць выконваць самыя неймаверныя патрабаванні МНС і санстанцыяў, але вы бачылі, хто тамака сядзелкамі працуе? Яны ж часта п'яныя на працу прыходзяць.
Калі ў чалавека няма грошай, ён проста гніе там жыўцом ад пролежняў. Там бываюць вельмі злыя людзі, ад якіх атрымліваеш часта толькі грубіянства, а не догляд. Ды і навошта жыхара сілком пераводзіць у дзяржаўныя дамы, калі яму падабаецца ў прыватных?» – пытае Ірына.

Але казаць, што месцаў нідзе няма, таксама будзе няправільна. Напрыклад, у Менскім сацыяльным пансіянаце «Крыніца» («Родник») у хуткім часе адкрываецца новае псіханеўралагічнае аддзяленне, дзе пакуль амаль вольна: засялілі толькі пяць чалавек.
Ганна (імя змененае) ужо шмат гадоў працуе сядзелкай. Паводле яе, са з'яўленнем навіны пра ліцэнзаванне прыватных дамоў догляду старых у яе шквал званкоў:
«У мяне кожны дзень шмат званкоў з такімі просьбамі, але, на жаль, я не магу дапамагчы ўсім: я лепш вазьму 2-3 асобы, якім магу забяспечыць належны догляд, больш я проста не пацягну. Людзі кажуць, што ў дзяржаўных пансіянатах няма месцаў, хаця там і абяцаюць, што ўсіх размесцяць. Ды і нават сядзелкам на прафдаходзе складана выконваць усе патрабаванні заканадаўства, што ўжо казаць аб прыватных інтэрнатах».
Таксама Ганна адзначае, што змена месца для некаторых жыхароў інтэрнатаў можа быць раўнасільная смяротнаму прысуду: напрыклад, людзі з дэменцыяй вельмі цяжка пераносяць змену абстаноўкі і звыклага ўкладу, гэта можа звесці ўсе дасягнутыя ў лячэнні поспехі на нішто.
Чаму ўлады зачыняць прыватныя дамы для старых у Беларусі? Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка думае, што дзяржава няправільна ўспрымае сваю ролю ў гэтым працэсе.
«Яе роля мусіць быць у тым, каб рабіць сітуацыю лепей: сачыць за тым, каб не парушаліся правы людзей, якіх змяшчаюць у такія ўстановы, каб усё было бяспечна, каб НДА перадавалі найлепшыя практыкі беларусам і гэтак далей. Пажарныя нормы могуць сапраўды не выконвацца, бо, напрыклад, няма будынкаў, прыстасаваных для такога, а пабудаваць такі для прыватнага бізнесу вельмі дорага і складана, інвестыцыі патрэбныя на шмат гадоў наперад. Такога няма, і ўсё робіцца на хуткую руку. Улады павінны былі гэта кантраляваць, але цяпер падыход такі, што чыноўнікам прасцей усё забараніць. І тое, што такая забарона зрабіла яшчэ больш праблемаў для людзей, чыноўнікам напляваць: яны людзям не падсправаздачныя і не працуюць на карысць грамадства. Адсюль такая сапраўды жудасная праблема», – кажа Вадзім Мажэйка.
Тэса Анэйда belsat.eu