«Google» абмежаваў стварэнне новых акаўнтаў для карыстальнікаў з расейскімі тэлефоннымі нумарамі. «Белсат» даведаўся ў эксперта, наколькі гэта эфектыўныя санкцыі і што рабіць беларусам, калі для іх таксама «закрыюць» пошту і іншыя сэрвісы «Google».
Мінцыфры Расеі рэкамендуе карыстальнікам Google-акаўнтаў рабіць рэзервовыя копіі дадзеных і змяніць спосаб двухфакторнай аўтэнтыфікацыі замест нумара тэлефона на іншы. Блакаванне, імаверна, звязанае з пакетам санкцый ЗША, які ўвайшоў у дзеянне 12 верасня і забараняе IT-кампаніям аказваць свае паслугі ў Расеі.
«Пакет уключае ў сябе, як абмежаванне па магчымасці выкарыстання амерыканскага і заходняга праграмнага забеспячэння, так і аплату гэтых сэрвісаў. Асноўная прычына санкцый – ваенныя дзеянні, якія Расея вядзе супраць Украіны. Беларусь наўпрост не ўцягнутая ў іх, але патэнцыйна санкцыі могуць быць пашыраныя і на Беларусь, – кажа экспарт у галіне лічбавай бяспекі Мікалай Кванталіяні. – У прыватнасці, ужо ёсць праблемы з купляй некаторых еўрапейскіх сэрвісаў альбо яны проста з'яўляюцца недаступнымі. Некаторыя кампаніі могуць уключаць у санкцыі Беларусь проста па рэгіянальнай прыкмеце».
Што тычыцца эфектыўнасці абмежаванняў «Google», то яны наўрад ці моцна пагоршаць жыццё расейскім уладам.
«У Расеі дзяржсектар павінен выкарыстоўваць расейскія сэрвісы. І наўрад ці яны там калі-небудзь выкарыстоўвалі «Google» для працы. Хутчэй за ўсё гэта быў "Яндэкс" альбо "Mail.ru" і гэтак далей. Але гэта ўплывае на бізнес. Таму што многія выкарыстоўвалі розныя заходнія інструменты, якія больш якасныя і прафесійныя.
Гэта магло б стымуляваць развіццё нацыянальнага рынку расейскага альбо патэнцыйна беларускага, але за кошт высокага ўзроўню карупцыі наўрад ці будзе замена тых ці іншых інструментаў. Напрыклад, досыць складана сказаць, што Расея паспяхова запусціць свой "RuTube". Звычайна там на ўзроўні дзяржавы ў рамках тэндэру за вялікія грошы прадаюць існуючыя бясплатныя рашэнні», – працягвае эксперт.
Згортванне «Google» у рэгіёне – пагроза бяспецы карыстальнікаў
Пакуль «Google» не сыходзіць з Расеі канчаткова, бо старымі акаўнтамі ўсё яшчэ можна карыстацца. Аднак ёсць праблемы з атрыманнем СМС-паведамленняў для пацвярджэння асобы або двухфакторнай аўтэнтыфікацыі. Таксама праблемы з аплатай праз фінансавыя санкцыі.
Далейшае скарачэнне прысутнасці «Google» у Расеі б'е па прыватнасці карыстальнікаў. Бо ў рамках расейскай сістэмы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ) да ўсіх звестак расейскіх сэрвісаў сілавікі маюць доступ. У тым ліку гэта тычыцца беларусаў, якія карыстаюцца, напрыклад, «Mail.ru», «Яндекс», «Вконтакте» і іншымі.
Што рабіць, калі «Google» стане менш даступны?

«Тут пытанне, якія ёсць альтэрнатывы з пункту гледжання беларусаў. "Google" – гэта вялікая кампанія. Уявім, што яна можа ўвесці санкцыі, тады ўсё яшчэ ёсць інструменты, якія будуць даступныя. Тая ж бясплатная версія "Proton Mail". Ён будзе, таму што ў іх такая палітыка – прадастаўленне тэхналогій тым, хто мае патрэбу.
Важна будзе больш свядома падыходзіць да выбару інструментаў. Калі браць беларускіх карыстальнікаў, то дзяржава імкнецца да татальнага кантролю інфармацыйна-камунікацыйных сістэм. У прыватнасці, змушае беларускі бізнес усю інфраструктуру разгортваць на беларускай інтэрнэт-экасістэме, уключаючы хостынг сайтаў, выкарыстанне беларускіх і расійскіх сэрвісаў і гэтак далей. Выкарыстанне беларускіх і расейскіх сэрвісаў дазваляе атрымаць поўны доступ да інфармацыі, якая праз іх апрацоўваецца. Таму пры выбары інструментаў важна ўлічваць іх юрысдыкцыю», – кажа Мікалай Кванталіяні.
Якія б інструменты вы не выкарыстоўвалі, знаходзячыся ў Беларусі, заўсёды важна ведаць, з якой краіны іх стваральнік і пажадана, дзе знаходзяцца серверы кампаніі. Калі гэта, напрыклад, краіны ЕС, ЗША, Канады, якія не выдадуць вашы дадзеныя, тады шанцы на бяспечнае карыстанне вышэйшыя.
Арсен Рудэнка belsat.eu