Сёлета на дзённую форму навучання ў беларуска-расійскім універсітэце (БРУ) набралі адразу 50 спецыялістаў, якія праз некалькі год будуць прасоўваць у Беларусі расейскі парадак дня. Арыгінальна тое, што ў праграму курса ўваходзяць такія дысцыпліны, як, напрыклад, «Гісторыя Расеі» і «Асновы расейскай дзяржаўнасці», але няма ні слова пра «Беларусазнаўства».
Сёлета на вочнае аддзяленне Беларуска-Расейскага ўніверсітэту (БРУ) на спецыяльнасць «Замежнае рэгіёназнаўства» набралі адразу 50 чалавек. І гэтыя лічбы выбіваюцца з агульнай колькасці абітурыентаў, залічаных на навучанне па іншых спецыяльнасцях. Так, напрыклад, на «Праграмную інжынерыю» прынялі ўсяго 15 чалавек, на «Інфарматыку» – 10, на некаторыя і зусім па 3-10 чалавек.
Аддзяленне «Замежнае рэгіёназнаўства» з'явілася ў БРУ ў 2020 годзе і афіцыйна спецыялізуецца на падрыхтоўцы будучых кіраўнікоў беларуска-расейскіх праектаў. Простымі словамі – спецыялістаў, якія будуць прасоўваць у Беларусі расейскі парадак дня.
Адукацыйная праграма курса «Замежнае рэгіёназнаўства» (артыкул курса – 41.03.01 – рэд.) уключае ў сябе вывучэнне такіх дысцыплін, як« Гісторыя Расеі», «Вонкавая палітыка Расеі і краін Еўрапейскага рэгіёну», «Асновы расейскай дзяржаўнасці», «Гісторыя расейскай і замежнай дыпламатыі». Пры гэтым дысцыпліна «Беларусазнаўства» у праграме адсутнічае. Мова навучання –выключна расейская.
«Белсат» параўнаў лічбы прыёму студэнтаў на паказаны курс з папярэднімі гадамі. На афіцыйным сайце ўніверсітэту мы знайшлі звесткі, што ў 2023 годзе на гэты ж курс было залічана ўсяго 10 чалавек. Атрымліваецца, у гэтым годзе колькасць набраных студэнтаў на гэты курс была большай ажно ў 5 разоў. І гэта ўскосна пацвярджае той факт, што тэмпы русіфікацыі Беларусі растуць з вялікай хуткасцю. І гэта далёка не першы выпадак, звязаны з адукацыйнымі праграмамі ў інстытутах і універсітэтах, які выклікае здзіўленне і мноства пытанняў.
Вось свежы прыклад: у канцы ліпеня адразу некалькі беларускіх раёнак сінхронна далі абʼявы аб дадатковым наборы беларускіх студэнтаў у ваенныя ВНУ Міністэрства абароны Расеі з пазнакай «у інтарэсах Узброеных Сілаў Беларусі». У «Светлагорскіх навінах» апублікавалі нават увесь спіс ВНУ Мінабароны РФ, у якіх чакаюць беларусаў. У іх спісе былі Ваенная акадэмія сувязі (Санкт-Пецярбург), Міхайлаўская ваенная артылерыйская акадэмія (Санкт-Пецярбург), Яраслаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча супрацьпаветранай абароны, Ваенны універсітэт радыёэлектронікі (Чарапавец), Разанскае гвардзейскае вышэйшае Паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча і ін.
З чаго б гэта «дадатковы набор у прэстыжныя ваенныя ВНУ» меў патрэбу менавіта ў беларускіх абітурыентах. І ў чым менавіта заключаецца цікавасць «Узброеных Сіл Беларусі»? Уражвае і тое, што ў абʼявах быў дадзены нават прамы тэлефон адказнага за данабор абітурыентаў з Беларусі ў расейскія ВНУ начальніка 2-га аддзела ўпраўлення ваеннай адукацыі Узброеных Сілаў Беларусі палкоўніка Вячаслава Храловіча.
Надзея Вольная, «Белсат»