Фракцыя «Беларусы» ў Каардынацыйнай Радзе спачатку часткова (5 з 13 дэлегатаў) прагаласавала за прызнанне Святланы Ціханоўскай нацыянальным лідэрам, але цяпер хоча адклікаць галасы, заклікаючы ў 2025 годзе абраць новага дэмакратычнага лідара. Палітолаг Валерый Карбалевіч называе такі крок прыцягненнем увагі, палітычнай канкурэнцыяй і барацьбой за ўладу. Пра гэта ён распавёў нашаму тэлеканалу.
«Барацьба за ўладу, амбіцыі мала залежаць ад палітычнай падтрымкі. Мы маем шмат прыкладаў, калі за ўладу змагаюцца абсалютныя маргіналы, пры чым шмат гадоў, з аднымі і тымі ж вынікамі».
Валерый Карбалевіч падкрэслівае, што палітычныя амбіцыі і рэальная падтрымка насельніцтва часта могуць не супадаць, але ад гэтага амбіцыі не становяцца меншымі. І сам па сабе факт адсутнасці падтрымкі не ёсць перашкодай барацьбе за ўладу. А вось канспіралогіі і схаваных матываў у дзеяннях фракцыі палітолаг не назірае.
«Мы маем сітуацыю, калі група людзей, якая трапіла ў якасці фракцыі ў Каардынацыйную Раду аб’явіла свае паслядоўныя пазіцыі па ўсіх пытаннях. І калі яны ішлі на выбары, яны не прэзентавалі сябе як апазіцыя Ціханоўскай, а цяпер яны пра гэта заявілі. Магчыма таму, што астатнія фракцыі Каардынацыйнай Рады паводзяць сябе даволі спакойна, даволі ладна», - тлумачыць палітолаг, падкрэсліваючы, што на такім тле даволі лёгка выдзяліцца.
Фракцыю цяпер часта абмяркоўваюць сярод звычайных беларусаў і экспертаў, а гэта Валерый Карбалевіч называе «палітычным хлебам», які падтрымлівае існаванне падобных аб’яднанняў.
Калі казаць пра вынік, што можа атрымаць фракцыя, паводле палітолага, гэта вядомасць і прыцягненне ўвагі. Што ж да шкоды дэмакратычнай супольнасці беларусаў, то такімі катэгорыямі яны не думаюць, заўважае эксперт.
«Лідарства Святланы Ціханоўскай – гэта той здабытак, той палітычны капітал, той актыў, які адзін з нямногіх , што ёсць сёння ў дэмакратычнай супольнасці. І растраціць яго было б, скажам так, няправільным, мякка кажучы. Любыя спробы зрынуць Святлану Ціханоўскую з гэтай пасады, з гэтага статусу – гэта шкода для беларускай дэмакратыі».
Менавіта з гэтай прычыны большасць дэмакратычнай супольнасці падтрымлівае беларускую лідарку, не гледзячы на сваё ўласнае да яе стаўленне, падкрэслівае Валерый Карбалевіч. Ён заўважае, што той статус, які мае Святлана Ціханоўская, ніхто больш мець не будзе, а гэта ў выніку адгукнецца вялікай праблемай для саміх беларусаў:
«Голас у еўрапейскай супольнасці, у заходняй супольнасці адразу б панізіўся, стаў бы ніжэй, стаў бы слабей з усімі наступствамі».
Валерый Карбалевіч прыводзіць у прыклад расейскую апазіцыю, у якой цяпер няма лідара, таму невядома, з кім там размаўляць і дамаўляцца заходнім партнёрам. Менавіта таму не варта губляць тое, што мае дэмакратычная Беларусь у асобе Святланы Ціханоўскай.
Сяргей Падсасонны, Марыя Голдстэйн, «Белсат»