Гэта робіцца для таго, каб кантраляваць інфармацыйную павестку. Журналісты высветлілі, як гэта адбываецца на Гомельшчыне.
Як адзначыў «Флагшток», інфармацыйная павестка для гомельцаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», якая застаецца адной з асноўных крыніц інфармацыі для маладога пакалення і людзей сярэдняга ўзросту, змянілася на фоне вайны Расеі супраць Украіны і набліжэння новай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў паблік «Гомель. Главное!», які стаў адным з лідараў сярод старонак з больш чым 100 тысячамі падпісчыкаў. Гэтая сетка старонак актыўна раскруцілася дзякуючы выкарыстанню чужога кантэнту, у тым ліку крадзяжу фота і відэа з іншых рэсурсаў.
Падобныя старонкі з брэндам «Главное!» ёсць у многіх гарадах Расеі, а першыя публікацыі ў беларускіх пабліках утрымлівалі памылкі, тыповыя для расейцаў. Гэта дазваляе меркаваць пра «расейскі след»: галоўныя адміністратары і ўладальнікі сеткі, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў Расеі.
У аўтараў узнікае пытанне: з якой мэтай былі створаны гэтыя паблікі ў Беларусі – дзеля камерцыйных інтарэсаў ці для фармавання інфармацыйнай павесткі?
На апошняе, адзначаюць журналісты выдання, можа ўказваць тое, што сетка, па ўсім відаць, сябруе з беларускімі ўладамі, пра што сведчыць таксама шэраг фактаў.
Так, прадстаўнікі пабліка ў Гомлі могуць бесперашкодна праводзіць апытанні на вуліцах горада, што ва ўмовах татальнай зачысткі СМІ для недзяржаўных медыяў абсалютна немагчыма.
Чалавек, знаёмы з дзейнасцю пабліка, распавёў «Флагштоку» некаторыя падрабязнасці і выказаў здагадку, што сетка «Главное!» фінансуецца дзяржавай. Ён адзначыў, што праект вельмі хутка развіўся, уклаўшы вялікія сродкі ў рэкламу, і што большая частка каманды – расейцы. Акрамя таго, дзяржаўным структурам не забараняюць супрацоўнічаць з гэтым рэсурсам, што пацвярджае яго легальнасць.

Суразмоўца «Флагштока» таксама падкрэсліў, што паблік «Гомель. Главное!» раней быў вядомы як «Это Гомель, детка!», але змяніў уласнікаў і назву, стаўшы часткай сеткі «Главное!». Ён мяркуе, што паблік быў «захоплены» і, магчыма, з’яўляецца часткай прапагандысцкага праекта, хоць пакуль у ім няма відавочнай палітыкі, але праект падрыхтоўваюць для нейкіх мэтаў.
У апошні час палітычная накіраванасць пабліка «Гомель. Главное!» стала больш відавочнай. Так, старонка віншавала з днём нараджэння Аляксандра Лукашэнку і часцей рабіла рэпосты паведамленняў сілавікоў. Таксама на ёй публікавалася навіна пра збіты расейскі дрон над Гомляй – здарэнне называлі «інцыдэнтам», не ўказваючы, што дрон быў расейскім. У той жа час іншы паблік «Гомель Online» пасля асвятлення гэтай сітуацыі быў абвешчаны «экстрэмісцкім», што прывяло да адтоку падпісчыкаў. Нягледзячы на статус экстрэмісцкага, паблік працягвае працу пад новым імем «Гомель News24», але відавочна, што «экстрэмісцкі» статус прывядзе да далейшага зніжэння статыстыкі і магчымых рэпрэсіяў супраць адміністратараў.
Паблікі «Гомель. Главное!» і «Гомель Online», а таксама «Сильные новости», які з’яўляецца старонкай прафесійнага СМІ, зараз фармуюць інфармацыйную павестку гомельцаў, сцвярджаюць аўтары матэрыяла. І гэтая павестка поўнасцю апалітычная і знешне нейтральная, чаго і хацелі дамагчыся ўлады. Пры гэтым рэдакцыя «Сильных новостей», відавочна папрэджаная пра так званыя чырвоныя лініі і займаецца самацэнзурай.
У такой сітуацыі, адзначаюць аўтары, «Гомель. Главное!» можа стаць асноўным пастаўшчыком навінаў і запусціць патрэбныя наратывы ў «гадзіну ікс» пад кантролем уладаў.
Раней папулярныя старонкі «Гомель сейчас» і «ВГомеле» страцілі сваю ўплывовасць. «ВГомеле» змяніла назву на «Новости, события, обзоры, Гомель» і цяпер мае толькі 22 тысячы падпісчыкаў, з мінімальнай актыўнасцю пад пастамі. Паблік «Гомель сейчас» захаваў 100 тысяч падпісчыкаў, але змяніў адрас на rabotabelorussia і стаў называцца «Работа Беларусь», публікуючы вакансіі і рэзюмэ. Абедзве старонкі больш не ўплываюць на фарміраванне інфармацыйнай павесткі.
У выніку, фактычна мы назіраем «перафарматаванне» гомельскай прасторы «ВКонтакте», піша «Флагшток». Знік таксічны «Гомель Сейчас», з'явіўся «сеткавы» нетаксічны «Гомель. Главное!» (верагодна, расейскі), паблік «Гомель Online» быў абвешчаны «экстрэмісцкім», а «Сильные новости» яшчэ больш адышлі ад палітыкі.
«Гэта можа сведчыць пра перадзел сфер уплыву з мэтай кантролю ўладамі інфармацыйнай павесткі і перадухілення з'яўлення «непажаданай» інфармацыі або яе падачы ў нязручным для рэжыму ключы, што магло б выклікаць рэзананс у грамадстве», – рэзюмуюць аўтары матэрыялу.
Раман Шавель belsat.eu