навіны

У Міжнародны дзень свабоды прэсы Еўразвяз заклікае падтрымаць журналістаў

Затрыманне журналісткі ў Менску. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Natalia Fedosenko/TASS/Alamy Live News
Затрыманне журналісткі ў Менску. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Natalia Fedosenko/TASS/Alamy Live News
podpis źródła zdjęcia

У Міжнародны дзень свабоды прэсы, што адзначаецца 3 траўня, старшыня Еўрапейскай рады Антонью Кошта заклікаў тэрмінова падтрымаць незалежную прэсу.

Лагатып Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM), што каардынуе «Радыё Свабодная Еўропа»/«Радыё Свабода», «Голас Амерыкі» і некаторыя іншыя СМІ, відаць на фоне здымку прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. 17 сакавіка 2025 года. Фота: Algi Febri Sugita / ZUMA Press Wire / Shutterstock / East News
«Свабоды» не будзе? Толькі статуя? Меркаваннi

Старшыня Еўрапейскай рады Антонью Кошта падкрэсліў, што барацьба радыё «Свабода» за сваё існаванне і сітуацыя, у якой апынуліся многія іншыя медыі ва ўсім свеце, дэманструюць усім, з якімі выклікамі сутыкнулася незалежная прэса ў 2025 годзе. Прычынаю ён назваў не толькі маштабнае скарачэнне фінансавання, але і ўзмацненне палітычных рэпрэсіяў супраць журналістаў. Ён падкрэсліў, што аўтарытарныя рэжымы карыстаюцца момантам і запаўняюць вакуум для таго, каб скажаць факты для маніпуляцыі грамадскай думкай.

Пераслед журналістаў, у тым ліку судовыя і нават фізічныя расправы, ажыццяўляюцца з адзінаю мэтаю – прымусіць іх замаўчаць. Для гэтага ў хаду ідуць новыя тэхналогіі, з дапамогаю якіх магчымае татальнае сачэнне за журналістамі.

«Свабодныя і незалежныя СМІ ва ўсім свеце маюць патрэбу ў тэрміновым і рашучым падтрыманні. Без іх дэмакратыя слабее, як і бяспека, абароненасць і свабоды грамадзянаў», – адзначыў у сваёй заяве прадстаўнік ЕЗ.

Антонью Кошта запэўніў, што ЕЗ будзе і далей прытрымлівацца палітыкі падтрымання незалежнай прэсы, якой прыйшлося адчуць на сабе беспрэцэдэнтныя пагрозы. «Без свабоды прэсы пагрозу зазнаюць нашае права на інфармацыю, магчымасць крытычнага мыслення і здольнасць трымаць улады пад адказнасцю. Жывое, незалежнае і плюралістычнае медыяасяроддзе ёсць неабходнаю ўмоваю ўстойлівасці і выжывання дэмакратыі. Мы мусім дзеяць ужо цяпер, каб забяспечыць яго будучыню», – заявіў Кошта.

У штогадовай справаздачы платформы Рады Еўропы дзеля спрыяння абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў за 2024 год адзначана, што ў Беларусі трымаюць у турмах 44 журналістаў. Гэта самая вялікая колькасць журналістаў у няволі ў краіне, размешчанай у Еўропе. Рэпрэсіі супраць незалежных СМІ не спыняюцца. Міністэрства інфармацыі працягвае блакаваць навінавыя сайты, прызнаваць іх «экстрэмісцкімі». Улады пераследуюць журналістаў нават у выгнанні. Для гэтага яны часта злоўжываюць сістэмаю Інтэрполу, падаючы журналістаў у міжнародны вышук як небяспечных злачынцаў.

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10