Тое, што сёння называюць георгіеўскай стужкай, ніколі не было сімвалам перамогі савецкага народу, як гэта імкнуцца выставіць у Расеі. А шырокае распаўсюджванне яе ў РФ пачалося толькі ў 2005 годзе і было знакам «русского мира». З 2014 года чорна-аранжавая стужка ў выніку агрэсіі Расеі супраць Украіны пачала называцца каларадскай. Як яна зрабілася сімвалам расейскага рэваншу і як яе спрабавалі прасоўваць у Беларусі, разбіраўся «Белсат».
29 красавіка Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў расейскі Валгаград вымушаны быў апраўдвацца перад Уладзімірам Пуціным быццам бы за забарону ў Беларусі нашэння георгіеўскай стужкі. А 2 траўня на сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці РФ Ігарам Бабушкіным ізноў закрануў гэтую тэму, адзначыўшы, што ніякай забароны няма, а само гэтае пытанне спрабуюць штучна раскруціць.
Георгіеўская стужка была зусім не такой
Калі кажуць, што георгіеўская стужка бярэ пачатак у 1769 годзе, у Расейскай імперыі, а таксама што гэта сімвал перамогі СССР над Нямеччынай, – гэта не больш як прапагандысцкая прыдумка. У савецкі час ніякай георгіеўскай стужкі не было, а тое, што можна пабачыць на ўзнагародах «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і ў ордэне Славы, ёсць зусім іншым геральдычным сімвалам, які называўся гвардзейскай стужкай.

Калі зазірнуць у загад Кацярыны ІІ за 1769 год аб зацвярджэнні ордэну Георгія Пераможцы, то там адносна стужкі запісана так: «Стужка шаўковая з трох чорных і дзвюх жоўтых палосаў». Гэтыя палоскі на стужцы ордэну сімвалізавалі дзяржаўныя колеры Расейскай імперыі, якія прысутнічалі і на яе гербе: чорны двухгаловы арол на залатым фоне.

У часе Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, залацісты колер у стужцы ордэну Святога Георгія замянілі на аранжавы, і толькі тады гэтая стужка наблізілася да сённяшняй, але гэта была яшчэ не яна.
Бальшавікі на чале з Уладзімірам Леніным скасавалі імперскую сістэму ўзнагародаў, але яе актыўна выкарыстоўвалі іхныя ворагі – «белыя», якія змагаліся за аднаўленне Расейскай імперыі. У часе Другой сусветнай вайны стужку ўжывалі расейскія калабаранты, найперш уласаўцы. Паказальным ёсць створаны ў Бабруйску ў 1944 годзе Саюз барацьбы супраць бальшавізму, які выкарыстаў георгіеўскую стужку.

Гвардзейская стужка ў СССР
У СССР у часе Другой сусветнай вайны, у 1943 годзе, былі вернутыя пагоны, якія сам Сталін жартаўліва называў «аднаўленнем старога рэжыму». Аднак гэта былі новыя пагоны, не імперскія. Тое ж датычыла і розных узнагародаў, а таксама ўведзеных для салдатаў новых адзнак, сярод якіх нагрудны знак «Гвардыя».
ВМФ захацеў вылучыцца і ўвёў у сябе 19 чэрвеня 1942 года «гвардзейскую стужку, якая ўяўляе сабой шаўковую рыпсавую муаравую стужку аранжавага колеру з нанесенымі на ёй трыма падоўжнымі чорнымі палосамі». Напрыканцы вайны новы сімвал набыў папулярнасць і ў іншых войсках.
Гвардзейская стужка, відавочна, была натхнёная стужкаю з ордэну Святога Георгія, але яна моцна адрознівалася ад так званай георгіеўскай і была зусім іншым геральдычным сімвалам. Менавіта яна, а зусім не георгіеўская, была выкарыстаная ў зацверджаным 8 лістапада 1943 года ордэне Славы.

У СССР гвардзейская стужка была другасным сімвалам і з Днём Перамогі не асацыявалася. Сімвал перамогі – чырвоны сцяг над Райхстагам. Затое стужка паступова пачала асацыявацца з Днём абаронца Айчыны 23 лютага.
Як гвардзейская стужка ў Расейскай Федэрацыі становіцца «георгіеўскай»
Пасля развалу Савецкага Саюзу Расея вярнула некаторыя сімвалы Расейскай імперыі. Гэта выявілася ў выбары трыкалору і аднаўленні імперскіх узнагародаў, у тым ліку ордэну Святога Георгія і Георгіеўскага Крыжа. А на парадзе 1996 года ў аздабленні Краснай плошчы ўпершыню дамінавала чорна-аранжавая стужка.

Пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна стужка зрабілася асноўным элементам на парадах 9 траўня. 8 жніўня 2000 года Пуцін падпісаў статут ордэну Святога Георгія. Сімвалічна, што роўна праз восем гадоў пачалася расейска-грузінская вайна. Дарэчы, праз яе ў статут ордэну ўнеслі змены: ім могуць узнагароджваць «за правядзенне баявых і іншых аперацыяў на тэрыторыі іншых дзяржаваў». Праўда, замест аднаўлення сапраўды георгіеўскай стужкі часоў Расейскай імперыі на новых узнагародах пачалі ўжываць стужкі, падобныя на гвардзейскія часоў СССР.
Акцыя «Георгіеўская стужка» і НОД
Канчатковы выгляд тое, што мы сёння называем георгіеўскай стужкай, набыло толькі вясной 2005 года. Пры падтрыманні «РИА Новости», арганізацыі «Студенческая община» і расейскага федэральнага бюджэту пачалася акцыя «Георгіеўская стужка». Яна ладзіцца да сёння з 24 красавіка да 12 траўня.
З 7 траўня 2005 года новы сімвал пачалі актыўна прасоўваць вядоўцы цэнтральных расейскіх тэлеканалаў. А адмашку на масавае распаўсюджванне георгіеўскай стужкі ў якасці адзнакі на вопратцы даў Уладзімір Пуцін 9 траўня 2007 года, і ўжо ў наступным годзе гэты сімвал пачаў масава выкарыстоўвацца расейскімі чыноўнікамі і грамадзянамі.
Толькі за першыя чатыры гады акцыі былі раздадзеныя 45 мільёнаў новых георгіеўскіх стужак у больш чым 30 краінах. Паказальна, што Беларусь не ўваходзіла ў іх лік, у адрозненне ад суседніх Латвіі і Украіны.
Аднак першым званочкам таго, што з новай георгіеўскай стужкай нешта не так, было з’яўленне ў 2012 годзе ў Расеі аб'яднання «Национально-освободительное движение» (НОД). Рух абраў сабе ў якасці сімвалу чорна-аранжавую стужку і ставіць на мэце аднаўленне Расеі ў межах 1945 года, у тым ліку з поўным уключэннем у яе склад Беларусі.

Як георгіеўская стужка зрабілася каларадскай
У 2012 годзе да папулярызацыі так званай георгіеўскай стужкі далучылася сацыяльная сетка «Аднакласнікі»: 22 мільёны яе карыстальнікаў прычапілі гэты сімвал да сваіх выяваў (у тым ліку і ў Беларусі). У Расеі стужкі пачалі нават уручаць маладзёнам, а ГІБДД і ДПС раздавалі іх парушальнікам правілаў дарожнага руху.
На фоне палітычнага крызісу, якія разгарнуўся ва Украіне з канца 2013 года, георгіеўскую стужку пачалі выкарыстоўваць удзельнікі «Антымайдану», а ў 2014 годзе гэты сімвал зрабіўся асноўнай пазнакай для сепаратыстаў і «зялёных чалавечкаў» у Крыме.

Георгіеўскую стужку наўпрост звязвалі з расейскай агрэсіяй і самыя расейцы, якія пазіцыянавалі яе як сімвал акупацыі Крыму. Гэтак, у Смаленску ў гонар гэтай падзеі была разгорнутая 400-метровая чорна-аранжавая стужка.
У той час расейскі журналіст Аляксандр Няўзораў назваў стужку каларадскай (паводле расфарбоўкі каларадскага жука).
З 2022 года георгіеўская стужка – адзін з сімвалаў расейскай агрэсіі супраць Украіны, нароўні з «Z» i «V». Змены ў акцэнтах новастворанага сімвалу былі заўважаныя ў краінах колішняга СССР, дзе пачалі ўводзіць уласныя стужкі, пераважна ў колерах дзяржаўнага сцягу, як, напрыклад, у Казахстане. Альтэрнатыўны сімвал паўстаў і ў Беларусі.
Чырвона-зялёная стужка супраць чорна-аранжавай
Калі Пуцін 9 траўня 2007 года толькі задаваў моду на чорна-аранжавую стужку ў Маскве, у Беларусі Лукашэнка разам са шматлікімі чыноўнікамі начапіў чырвона-зялёную стужку, а госці параду ў Менску трымалі чырвона-зялёныя сцяжкі. Гэта было адказам на нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку. Аднак пры гэтым маглі выкарыстоўвацца і чорны ды аранжавы колеры, як было ў 2010 і 2012 гадах.

Упершыню масава менавіта чорна-аранжавыя стужкі з’явіліся ў Беларусі 23 лютага 2011 года і былі быццам бы асабістай ініцыятывай фрыстайліста Аляксея Грышына. Маўляў, такім чынам ён спрабаваў сабраць грошы для дапамогі траўмаванаму фрыстайлісту Дзмітрыю Раку: «Акцыя спрацавала ў вялікі мінус. Яшчэ і я страціў грошы... На жаль, людзі купілі не вельмі шмат стужак. А дакладней, вельмі няшмат. На гэты момант я страціў прыкладна 20 тысяч долараў. Лепш бы я аддаў гэтыя грошы Дзіму».
А 4–9 траўня 2011 года ў Беларусі ўпершыню ладзілася акцыя «Георгіеўская стужка», падтрыманая Беларускай асацыяцыяй інвалідаў вайны і сеткаю магазінаў «Еўраопт».
У 2012-м за яе правядзенне адказвала аб’яднанне «Русь маладая» і Усерасейскі рух «Маладая гвардыя». А вось у 2014 годзе, на фоне падзеяў ва Украіне, а таксама праз пагрозу, што стужка як сімвал «русского мира», а ніяк не Перамогі, можа быць выкарыстаная для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, з'явіліся звесткі пра негалосную пастанову замяніць чорна-аранжавыя стужкі падчас святочных мерапрыемстваў на стужкі з колерамі дзяржаўнага сцягу. Пра гэта сталася вядома праз выцек на лініі БРСМ.

Менавіта яблыневая кветка зрабілася сімвалам святкавання 70-годдзя Перамогі ў Беларусі і працягвае заставацца ім дагэтуль.
Роўна 10 гадоў таму, у 2015 годзе, расейцы шырока абвінавачвалі ўлады Беларусі ў быццам бы забароне на ўжыванне чорна-аранжавай стужкі, адмыслова называючы яе «традыцыйнай», хоць ёй было ўсяго 10 гадоў, а ў Беларусі яна ўпершыню пачала з’яўляцца толькі ў 2011-м, калі ў краіне да Дня Перамогі ўжо масава выкарыстоўвалі чырвона-зялёныя стужкі.

Да 2025 года расейскія медыі быццам бы не заўважалі адсутнасці на беларускіх вуліцах сімвалаў «русского мира» і расейскай агрэсіі ва Украіне. І вось тэма георгіеўскай стужкі, прыдуманай у цяперашнім выглядзе 20 гадоў таму, зноў вярнулася ў Беларусь.
Барыс Булат belsat.eu