Што вядома пра мінулыя і патэнцыйныя ўдары Украіны па тэрыторыі Расеі, «Белсат» абмеркаваў з украінскім вайсковым экспертам, былым супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны Іванам Ступаком.
Навошта ўкраінскія дроны прыляцелі ў Мурманскую вобласць?
Ранкам 11 верасня ў Мурманскай вобласці Расеі штосьці выбухала. Губернатар заявіў, што на рэгіён быў «налёт варожых беспілотнікаў». Варожыя – гэта ўкраінскія, якія праляцелі звыш 1800 км?
Экс-супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак адказвае «Белсату»: украінскія беспілотнікі сапраўды могуць столькі праляцець, не ў першы раз такое здараецца.
Казаць пра рэзультатыўнасць не выпадае, адзначае Ступак, бо дыстанцыя «больш чым сур’ёзная», і наўрад ці ўсе беспілотнікі даляцелі праз тэхнічныя прычыны, надвор’е, супрацьпаветраную абарону і радыёэлектронную барацьбу Расеі. Выглядае, што даляцелі толькі тры апараты, але куды яны ўпалі і што пашкодзілі, Украіна не ведае.
,,«Я больш расцэньваю гэта пакуль што як такую вялікую прыстрэлку, спробу прабіць калідор у расейскай паветранай прасторы, у расейскай РЭБ-е знайсці лазейкі», – лічыць Ступак.
А лазейкі Украіне трэба знайсці, каб паражаць расейскія вайсковыя аэрадромы са стратэгічнай авіяцыяй – вялікімі бамбавальнікамі і носьбітамі ракет, якімі абстрэльваюць Украіну. Самалёты некалькі гадзінаў лятуць аж да Каспійскага мора і адтуль запускаюць ракеты. Але такія атакі наносяць Украіне вялікую шкоду. З другога боку, адпаведныя самалёты не выпускаюць з часоў Савецкага Саюзу, іх няшмат і іхны лік пастаянна змяншаецца.
Расейскія «ваенкоры» сцвярджаюць, што беспілотнікі залятаюць у Мурманскую вобласць з боку Скандынавіі. Ступак у гэтым сумняецца: калі б украінскія войскі дабраліся да Балтыйскага мора, то ў Мурманскую вобласць прыляцелі б не 3, а 33 ці 133 дроны. Краіны NATO, тлумачыць ён, нервова рэагуюць на прапановы нават збіваць расейскія дроны і ракеты над Украінай – не тое, што запускаць па Расеі беспілотнікі са сваёй тэрыторыі.
Але ж Брытанія дазволіла Украіне біць па Расеі ракетамі «Storm Shadow»?
Што вядома пра дазвол Злучанага Каралеўства на выкарыстанне Украінай ракетаў «Storm Shadow / SCALP»? У Расеі і Украіне ўжо малююць мапы з радыусам палёту «Storm Shadow» – гэта ж да 560 км, аж да Масквы можа дабіць!
Ступак тлумачыць: той дазвол быў толькі ў паведамленнях медыяў, дакладнай інфармацыі пра гэта няма, верыфікаваць гэта немагчыма. І ў прынцыпе ў такіх справах не павінна быць урачыстага дазволу: «Ура, дазволілі, бяжым страляць па Расеі». Павінен быць эфект нечаканасці.
Тым не менш, Ступак спадзяецца, што дазвол ёсць – і кажа пра гэта, скрыжаваўшы пальцы. Ды ўдакладняе: вядома, як краіны Захаду непакояцца адносна эскалацыі ў вайне, таму магчыма, дазвол дадуць з нейкім абмежаваннем на дыстанцыю, цэлі ці раёны выкарыстання. Проста мераць лінейкай дыстанцыю палёту «Storm Shadow» ад мяжы Украіны не варта: нават авіяцыя не падлятае аж да самай мяжы, максімум на 50–60 км. І Расея можа збіваць гэтыя ракеты або адхіляць іх ад курсу праз РЭБ, то бок да цэлі будзе далятаць 25–75 % ракетаў, а колькасць ракетаў абмежаваная.
Таму калі дазвол сапраўды будзе, то Украіна зможа біць па самалётах, аэрадромах, складах боепрыпасаў, рамонтных базах, вузлах сувязі і іншым на тэрыторыі Расеі. Але невядома, калі той дазвол будзе, як ён будзе аформлены, не будзе вядома як мінімум да першага ўжывання ракет, падкрэслівае Ступак. І невядома, колькі тых ракет дадуць.
Дык усе ж загадзя абмяркоўваюць, што даюць Украіне
Казалі, што Украіне дадуць «Леапарды» – і далі. Казалі, дадуць «Абрамсы» – і далі. Казалі, дадуць «F-16» – і далі. Выходзіць, Расея можа падрыхтавацца да найгоршага сцэнару, што ўсё, аб чым кажуць, будзе пастаўленае ва Украіну. Чаму так, а не спачатку «прылёт», а пасля прызнанне, што перадалі тое і тое?
Ступак тлумачыць: лепш бы такога не было. Але Украіна атрымлівае дапамогу ад дэмакратычных краінаў, у якіх цяжка трымаць рэжым сакрэтнасці. Пастаўкі анансуюць у медыях, якія спасылаюцца на ўласныя крыніцы ў выведцы або, напрыклад, у Цэнтральным выведным упраўленні Злучаных Штатаў. У тых жа штатах свабода прэсы «проста жалезабетонная», там асабліва цяжка ўтрымаць нешта ў сакрэце. І ўкраінскія ўлады намагаюцца даць украінцам нейкі пазітыў на тле пастаянных абстрэлаў, стратаў тэрыторыяў і трунаў ваяроў. А яшчэ ж дзейнічаюць замежныя выведкі: нават пастаўкі дыктатараў дыктатарам, як то з Ірану і Паўночнай Карэі ў Расею, становяцца вядомымі даволі рана.
І маштабы не такія, як у баявых дзеяннях на Блізкім Усходзе, адносна якіх мала абмеркаванняў пра «што паставяць» і «чым ударылі», працягвае Ступак. Украіна бароніцца ад дзяржавы з ядравай зброяй, гіганцкімі грашовымі магчымасцямі, да нядаўняга часу арыентаванай на Еўропу рэсурсавай эканомікай, «доўгімі мацальцамі спецслужбаў» і кіраўніком дзяржавы, які сам з тых спецслужбаў выхадзец… Гэта не тое самае, што ваяваць з ледзьве не пячорнымі «Хамасам» і «Талібанам», падкрэслівае суразмоўца. Украіна вымушаная праз прэсу прасіць зброю і ціснуць на ўрады краінаў-партнёраў, каб тую зброю далі, нягледзячы на пагрозу расейскай помсты.
А ці не абяцалі Штаты, што не будуць даваць біць сваёй зброяй па Расеі?
У Расеі нядаўна распускалі чуткі, што ў лістападзе 2021 года дырэктар Цэнтральнага выведнага ўпраўлення ЗША Уільям Бёрнс нібы дамаўляўся з Уладзімірам Пуціным аб правілах будучай поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у тым ліку аб тым, што заходняя зброя не будзе выкарыстоўвацца па тэрыторыі Расеі.
Ступак не верыць у тое, што такія дамоўленасці маглі быць: калі гаворка пра 2021 год, то тады ж увесь свет верыў пагрозам Расеі аб выкарыстанні ядравай зброі, не было гаворкі пра пастаўкі Украіне нічога мацнейшага за супрацьтанкавыя пераносныя комплексы «Javelin».
Калі Бёрнс і размаўляў з Пуціным пра будучую вайну, дык, лічыць Ступак, ён мог спрабаваць зразумець намеры Расеі і выгандляваць нейкі кампраміс, разважае Ступак. Ён нагадвае, што такія чуткі распаўсюджваў Андрэй Іларыёнаў – колішні дарадца Пуціна, прагнозы якога неаднаразова не збываліся.
Руслан Ігнатовіч, Алесь Наваборскі belsat.eu