навіны

«F-16» ва Украіне: як заходнія знішчальнікі паўплываюць на ход вайны?

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў F-16
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў «F-16» у невядомым месцы ва Украіне. 4 жніўня 2024 года. Фота: POU / Zuma Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 4 жніўня афіцыйна абвесціў, што ЗСУ атрымалі першую партыю знішчальнікаў F-16. Як Украіна будзе выкарыстоўваюць гэтыя самалёты і ці здолеюць яны змяніць сітуацыю на фронце?

Доўгі шлях ва Украіну


Ад самага пачатку вайны Расея цалкам дамінавала ў авіяцыі, таму для Украіны было прынцыпова важна дамагчыся ад Захаду паставак сучасных баявых самалётаў.


У якасці прыярытэту Кіеў выбраў амерыканскія знішчальнікі «F-16» – масавасць і распаўсюджанасць гэтага самалёту гарантавала вялізарны патэнцыял для абнаўлення авіяпарку. Спачатку ЗША адкрыта выказвалася супраць такіх паставак, аднак улетку 2023 году ўсё-ткі далі зялёнае святло на тое, каб іншыя краіны NATO, якія выкарыстоўваюць «F-16» самастойна дамаўляліся з Кіевам. У так званую «кааліцыю знішчальнікаў» увайшлі Нідэрланды, Данія, Нарвегія і Бельгія.


На хуткае пераўзбраенне ніхто не разлічваў. Першапачаткова планавалася, што з улікам часу на падрыхтоўку экіпажаў Украіна здолее сфармаваць першую эскадрыллю «F-16» (не больш за 12 самалётаў) у першай палове 2024 году. Аднак на практыцы працэс расцягнуўся яшчэ больш. Медыі пісалі пра нібыта недахоп вучэбных месцаў для ўкраінскіх пілотаў у ЗША, пра недастатковае валоданне англійскай мовай, пра складанасць перавучвання з савецкіх знішчальнікаў на заходнія і праблемы са стварэннем інфраструктуры.


Так ці інакш першыя самалёты Украіна атрымала толькі ў канцы ліпеня, а 4 жніўня Уладзімір Зяленскі афіцыйна пра гэта абвесціў.


«„F-16“ ва Украіне. Мы забяспечылі гэта», – заявіў прэзідэнт.


«Лепш позна, чым ніколі», — з гэтых словах пачынаецца артыкул аўтарытэтнага выдання «The Economist», прысвечаны з’яўленню «F-16» ва Украіне. Аўтары матэрыялу назвалі гэтую падзею «важным сімвалічным стартам».


Не цуда-зброя


Часопіс «The Economist» паведаміў, што Украіна атрымала 10 з запланаваных 79 знішчальнікаў «F-16», а да канца гэтага года можа разлічваць, што на яе ўзбраенні будзе агулам 20 самалётаў амерыканскай вытворчасці. Астатнія будуць пастаўляцца партыямі цягам 2025 года. Разам з тым, паводле звестак «The New York Times», сёлета з ЗСУ не будзе і 20 самалётаў: да канца года Украіна зможа выкарыстоўваць толькі 10 знішчальнікаў «F-16».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў «F-16» у невядомым месцы ва Украіне. 4 жніўня 2024 года. Фота: POU / Zuma Press / Forum
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў «F-16» у невядомым месцы ва Украіне. 4 жніўня 2024 года. Фота: POU / Zuma Press / Forum

У любым выпадку 10-20 самалётаў для фронту працягласцю ў 1200 км – гэта, мякка кажучы, не шмат. Нават паводле надзвычай аптымістычнай ацэнцы, якую Мінабароны Украіны агучыла ў траўні 2023 году, для поўнага вызвалення акупаваных тэрыторыяў ЗСУ трэба мець не менш за 48 самалётаў «F-16».


Называліся і іншыя лічбы: паводле Юрыя Ігната, каб раўнамерна закрыць неба над Украінай і не пакідаць слабых месцаў, ЗСУ павінна мець 128 «F-16». А каб цалкам гаспадарыць у паветры, як лічаць эксперты, спатрэбяцца сотні амерыканскіх самалётаў. То бок цяпер «F-16» проста мала для таго, каб забяспечыць карэнны пералом у вайне.


Акрамя таго, «F-16» – гэта зусім не цудо-зброя. Знішчальнік быў распрацаваны яшчэ ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзі і нават з улікам глыбокай мадэрнізацыі (ЗСУ атрымае версію «F-16АМ») не можа лічыцца найноўшым відам авіяцыйнай тэхнікі. «F-16» – гэта самалёт чацвертага пакалення, як і самы масавы расейскі знішчальнік МіГ-29.


Расейскі «Су-35» лічыцца самалётам пакалення 4++, а «Су-57» увогуле пятага пакалення (праўда, іх у РФ не больш за паўтара дзясятка). Па шэрагу важных тактыка-тэхнічных характарыстыках (ТТХ) яны пераўзыходзяць «F-16».


Разам з тым, гэтая перавага расейскіх самалётаў па ТТХ не з’яўляецца ні крытычнай, ні татальнай. Яна ўраўнаважываецца прасунутай авіяцыйнай электронікай, якая ў тым ліку дазваляе эфектыўна адсочваць і знаходзіць цэлі, што для сучаснага паветранага баю надзвыйчай важна.


«У Расеі па стане на сёння няма баявых самалётаў, з якімі „F-16АМ“ не адчуваў бы сябе на роўных, а супраць некаторых і ўвогуле варта адзначыць яго перавагу», – сцвярджае аглядальнік суполкі «Информаційний спротив» Аляксандр Каваленка.


Пакуль параўноўваць «Су-35/57» і «F-16» можна толькі на ўзроўні тэорыі – у рэальных бою яны ніколі не сутыкаліся. Але з іншымі самалётамі расейскай і савецкай вытворчасці («МіГ-29», «МіГ-23», «Су-27») «F-16» у розных лакальных канфліктах сустракаўся неаднаразова. Падлік, які зрабілі кітайскія эксперты, уражвае: «F-16» перамагае з лікам 65:0 (то бок было знішчана 65 расейска-савецкіх самалётаў і ніводнага амерыканскага знішчальніка).


Як будуць выкарыстоўвацца «F-16»


Ёсць некалькі сцэнароў выкарыстання Украінай шматфункцыйных знішчальнікаў «F-16».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў «F-16» у невядомым месцы ва Украіне. 4 жніўня 2024 года. Фота: POU / Zuma Press / Forum
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Дзень паветраных сілаў ЗСУ выступае з заявай на фоне самалётаў «F-16» у невядомым месцы ва Украіне. 4 жніўня 2024 года. Фота: POU / Zuma Press / Forum

Першы сцэнар – абарончы. «F-16» будуць выкарыстоўваць як самалёт супрацьпаветранай абароны, каб збіваць расейскія ракеты і ўдарныя дроны, што тэрарызуюць украінскія гарады. Паводле выдання «The Telegraph», новыя знішчальнікі ЗСУ ўжо здзейснялі баявыя вылеты ў адпаведных мэтах. У прыватнасці, на выходных медыі заўважылі «F-16» над Адэсай.


Хутчэй за ўсё, такі сцэнар будзе бліжэйшым часам дамінуючым. З аднаго боку, у гэтым ёсць аб’ектыўная неабходнасць, бо расейскі паветраны тэрор не ідзе на спад, а Украіна не можа цалкам закрыць неба пры дапамозе толькі зенітна-ракетных сістэмаў. З іншага боку, рызыка страты «F-16» пры такім развіцці падзеяў невысокая, а ўкраінскія пілоты атрымаюць магчымасць удасканаліць сваё майстэрства на новай тэхніцы.


Медыі зазначаюць, што тыя «F-16», якія Зяленскі прэзентаваў 4 жніўня, укамплектаваныя як раз пад вырашэнне задач СПА. У прыватнасці, яны былі ўзброены ракетамі «AIM-9» для знішчэння цэляў у бліжняй зоне і «AIM-120», што выкарыстоўваюцца на зенітных сістэмах NASAMS. Таксама на паказаных самалётах можна заўважыць падвясны бак паліва – то бок самалёт рыхтуюць да працяглага патрулявання, што як раз можа спатрэбіцца падчас адбіцця паветраных атак на гарады Украіны.


Другі сцэнар – нанясенне пры дапамозе «F-16» удараў па наземных цэлях. Знішчальнік можа выкарыстоўваць ракеты «паветра-зямля» «AGM-65 Мавэрык», крылатыя ракеты «AGM-158 JASSM» (далёкасць «JASSM» у залежнасці ад версіі – 230-370 км), супрацьлакацыйныя «AGM-88 HARM» і супрацькарабельныя «AGM-84», кіраваныя і некіраваныя бомбы. Гэта не азначае, што ўсю гэтую наменклатуру ўзбраення Украіна аўтаматычна атрымала ад саюзнікаў, але адпаведнае пытанне цяпер будзе ў парадку дня. Акрамя таго, самалёт, імаверна, аснасцяць англа-французскімі крылатымі ракетамі «Storm Shadow / SCALP-EG».


То бок патэнцыйна арсенал узбраення у «F-16» вельмі шырокі і ён можа эфектыўна (больш эфектыўна, чым на самалётах ЗСУ савецкага тыпу) выкарыстоўвацца для кропкавых удараў па важных аб’ектах вайсковай інфраструктуры Расеі. У якасці патэнцыйнай мішэнні для «F-16» некаторыя медыі і эксперты таксама называюць Крымскі мост.


Тандэм з высокімі стаўкамі


Трэці сцэнар – гэта выкарыстанне «F-16» для палявання на расейскія самалёты, што наносяць удары па ўкраінскіх пазіцыяў на ліні фронту. Гэты сцэнар найбольш небяспечны, бо ёсць рызыка, што ў такім выпадку «F-16» самі стануць мішэнямі для расейскіх СПА і знішчальнікаў. А некаторыя расейскія знішчальнікі, як ужо было сказана, па шэрагу ТТХ пераўзыходзяць «F-16».

Шматкватэрныя дамы, разбураныя авіяўдарамі ў горадзе Тарэцк Данецкай вобласці, Украіна. 29 ліпеня 2024 года. Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News
Шматкватэрныя дамы, разбураныя авіяўдарамі ў горадзе Тарэцк Данецкай вобласці, Украіна. 29 ліпеня 2024 года. Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Разам з тым, у такіх аперацыяў ЗСУ будуць мець свой козыр. Сёлета Украіна атрымала ад Швецыі два самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) «ASC 890» (іншая назва – «Saab 340B»). Па сутнасці, гэта лятаючыя радары, якія дазваляюць выяўляць варожыя самалёты на адлегласці да 450 км.


Вайсковы партал «Defense Express» піша, што выкарыстанне «ASC 890» і «F-16» у адной звязцы дазволіць цалкам зрэалізаваць патэнцыял амерыканскіх знішчальнікаў.


«Справа ў тым, што ўласныя радары знішчальнікаў нашмат слабейшыя, больш за тое, працуючая РЛС для самалёта – гэта вялізарны дэмаскіруючы фактар, – тлумачаць эксперты «Defense Express», – Адначасова самалёт ДРЛВ можа наводзіць на варожыя самалёты ўласныя знішчальнікі, знаходзячыся па-за зонаю паражэння, а атаку становіцца магчымым здзейсніць у рэжыме поўнай маскіроўкі [то бок «F-16» свае радары можа выключыць. – заўв. Belsat.eu]».


Апошні сцэнар мае найбольшы патэнцыял з пункту гледжання ўплыву на сітуацыю на фронце. Масавае выкарыстанне расейскімі самалётамі цяжкіх авіябомбаў па пазіцыяў ЗСУ стала адным з найважнейшых фактараў прасоўвання арміі агрэсара. Украінцам важна пазбавіць праціўніка такой магчымасці. Для гэтага не абавязкова наносіць катастрафічныя страты расейскай авіяцыі – дастаткова, каб вораг баяўся панесці страты і абмяжоўваў з улікам гэтага свае аперацыі. Па сутнасці, задача «F-16» заключаецца ў тым, каб адагнаць расейскую авіяцыю ад лініі фронта, аблегчыўшы становішча ўкраінскіх жаўнераў у акопах.


«Хоць іх занадта мала, і яны спазняюцца, важнасць „F-16“ нельга недаацэньваць», - канстатуе «The Economist».


Ваеннае і маральнае значэнне F-16 для сітуацыі на фронце Расея цудоўна разумее, таму напэўна зробіць ліквідацыю амерыканскіх самалётаў адной са сваіх прыярытэтных задачаў. 16 ліпеня Мінабароны РФ нават абвесціла ўзнагароду за знішчэнне «F-16»: 15 млн расейскіх рублёў – каля $175 тысяч у эквіваленце.


Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10