навіны

Эканаміст растлумачыў любоў беларусаў да куплі нерухомасці дзеля захавання грошай

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Амаль траціна беларусаў, якія ашчаджаюць грошы, для захавання свайго капіталу хочуць набыць нерухомасць. Гэта паказала онлайн-даследаванне эканамічнага цэнтру BEROC. Эканаміст Віталь Алейнік растлумачыў «Белсату», чаму ў Беларусі папулярны такі спосаб інвеставання, і назваў яго не найлепшым. 

Надоечы даследчы цэнтр BEROC расказаў, што адбываецца ў беларускай эканоміцы, і ў адной частцы прэзентацыі абнародаваў вынікі онлайн-апытання грамадзянаў. Адно з пытанняў датычыла ашчаджэнняў, і стала вядома, што 27 % беларусаў, якія адкладаюць грошы, хацелі б інвеставаць у нерухомасць у Беларусі, а 10 % — за мяжою. Самыя ж папулярныя спосабы захавання грошай цяпер — трымаць іх гатоўкаю.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Эканаміст, фінансіст Віталь Алейнік у размове з «Белсатам» адзначыў, што беларусам купля кватэры падаецца самым надзейным варыянтам зберагчы свой капітал, і гэта звычка яшчэ з савецкіх часоў: 

«Нерухомасць традыцыйна разглядаецца грамадзянамі як абарончы актыў ад рэгулярных дэвальвацыяў і іншых эканамічных катаклізмаў, як, напрыклад, было ў свой час з нявыплатай савецкіх ашчаджэнняў тым жа “Ашчадбанкам”». 

Эксперт канстатаваў, што ў Беларусі асабліва няма куды інвеставаць, і купля кватэры — ледзь не адзіны шлях: 

«Фактычна гэтая сітуацыя не пакідае людзям выбару, як хоць неяк знівеліяваць сістэмныя рызыкі непрадказальнасці беларускай эканамічнай сістэмы. Таму мы застаёмся ў становішчы, калі нерухомасць застаецца такім больш-менш стабільным актывам, у які яшчэ можна гэтыя грошы ўкладаць і спадзявацца, што такая нерухомасць не будзе сканфіскаваная, хоць мы бачым такія прэцэдэнты». 

Існуе яшчэ варыянт куплі аблігацыяў, аднак за іх могуць потым не заплаціць. Цяперашнія стаўкі дэпазітаў пры нізкай інфляцыі сапраўды дапамагаюць прымножыць ашчаджэнні, але ўзнікае пытанне трываласці банкаўскай сістэмы ў доўгатэрміновай перспектыве. 

З увагі на гэта Алейнік лічыць слушным захоўваць грошы гатоўкаю ў розных цвёрдых валютах і каштоўных металах. А яшчэ раіць інвеставаць у сябе: 

«На сёння з пункту гледжання фінансавых рызыкаў, як бы дзіўна ні гучала, найбольш надзейны інструмент — інвестыцыя ў адукацыю, сваю, сваіх дзяцей. Гэта тое, што з’яўляецца найбольш ліквідным актывам, які можна выкарыстоўваць і за мяжою ў выпадку эміграцыі. Гэта той актыў, на які дзяржава не можа накласці руку і які немагчыма сканфіскаваць». 

Акрамя таго, пакуль ёсць грошы, можна інвеставаць ва ўласнае здароўе, падкрэсліў фінансіст. 

Раней эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» папярэджвала, што купля кватэры для здавання ў арэнду — даволі рызыкоўная інвестыцыя: 

«Шмат гадоў кошты арэнды ў доларах не растуць увесь час, яны вагаюцца то ўверх, то ўніз. Да таго ж падаражэлі матэрыялы, і на рамонт у кватэры перад тым, каб яе здаць, патрабуецца багата грошай. Так укласціся і потым здаваць за $ 200—400 — гэта давядзецца вельмі доўга чакаць, каб інвестыцыі вярнуліся». 

Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10