навіны

«Мы стаміліся, але мы марым, памятаем і робім». Што беларусы пішуць у гадавіну выбараў-2020

Крыніца: t.me/ tsikhanouskaya
Крыніца: t.me/ tsikhanouskaya
podpis źródła zdjęcia

9 жніўня 2024 года мноства беларусаў згадвае падзеі 4-гадовай даўніны. Выказаліся Святлана Ціханоўская, Вольны хор і безліч вядомых беларусаў. «Белсат» пераказвае, што пішуць у Facebook у гадавіну выбараў-2020.

Мастачка Вольга Якубоўская 9 жніўня 2024 года апублікавала чарговую карціну з «коцікамі свабоды», павіншавала з Днём Годнасці і Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю, а таксама працытавала «Жыве» – песню гурту «Tor Band».


Выбраная на тых выбарах прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заклікала ў прамове «зрабіць усё магчымае, каб гэты мур рухнуў, як і ўся гэта бесчалавечная сістэма». Пра мур яна казала ў кантэксце выбудоўвання «жалезнай заслоны» між Беларуссю і рэштай Еўропы, але гэта можна лічыць і адсылкай да іншай песні – «Муры», якую спяваў у 2020 годзе ейны муж Сяргей Ціханоўскі, цяпер зняволены ў Беларусі.


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету, былая вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык падзякавала ўсім, хто набліжае змены, і нагадала, што 9 жніўня – дзень нараджэння славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

«Жыве Беларусь!» – карціна Вольгі Якубоўскай. 9 жніўня 2024 года. Выява: Olga Yakubouskaya / Facebook
«Жыве Беларусь!» – карціна Вольгі Якубоўскай. 9 жніўня 2024 года. Выява: Olga Yakubouskaya / Facebook

Актывіст Кірыл Атаманчык адзначыў на Facebook, што 9 жніўня з’явіцца шмат настальгічных пастоў, ды ягонае пачуцце – не настальгія.


«Але асабіста для мяне 9 жніўня 2020 года (ды і ўвогуле жнівень 2020) назаўжды застанецца знакавай падзеяй у гісторыі Беларусі. Безумоўна, трагічнай... і крыху летуценнай, але знакавай. Некаторыя кажуць, што трэба „развітацца са спадчынай 2020“, але ўявіце сабе на колькі моцнымі былі гэтыя падзеі, што на іх не толькі мы, але і лукашысты, выязджаюць гэтыя чатыры гады? Таму, гэтыя падзеі, як і іншыя гістарычныя падзеі трэба памятаць, каб пасля распавесці сваім нашчадкам па які бок быў ты». 


Вядоўца «Белсату», музыка і рэканструктарка беларускіх традыцыйных ды гістарычных строяў Кацярына Ваданосава заклікала на акцыю ў Беластоку і напісала: 


«Мы гаворым і пішам пра добрае, каб не памнажаць бяссілле і горыч. Мы не гаворым і не пішам пра страшнае, каб не зашкодзіць блізкім і далёкім. Мы ўзважваем кожны рух і кожнае слова. Але гэта не значыць, што мы забыліся, што нам не баліць. Мы стаміліся, але мы марым, памятаем і робім. Тое, што перажыў наш народ, нельга выкрасліць з памяці, немагчыма адпусціць, не атрымаецца перакрочыць і бесклапотна рушыць далей. Дзеля ўсіх сяброў, дзеля тысяч палітзняволеных, дзеля соцень тысяч эмігрантаў і ўцекачоў, дзеля закатаваных, і дзеля памяці забітых рэжымам – мы мусім працягваць змагацца: таемна, адкрыта, ціха, гучна, пасіянарна, самаахвярна, з верай і надзеяй. Трэба гарэць, як бы пякуча не апаляліся целы і сэрцы».


Карыстальніца, якая пажадала застацца ананімнай, у закрытым пасце для сяброў напісала: яшчэ ў 2020 годзе казала, што тыя пратэсты – апошняя спроба паказаць, што ў нацыі ёсць годнасць, перад вяртаннем найгоршай сувязі сталінізму і фашызму», а «грамадства, якое ведала цану адкрытага супраціву, выйшла, каб увайсці ў гісторыю людзьмі, а не паслухмяным статкам». Фінальнай цаны ніхто не ведаў тады і не ведае цяпер, але 2020 год застанецца ў гісторыі: яшчэ будуць мемарыяльныя шыльды, помнікі і нацыянальныя даты.


Адзін з заснавальнікаў і ўласнікаў Tut.by Кірыл Валошын згадаў ноч пасля выбараў, калі Менск аказаўся перакрыты, але ў беларусаў з’явілася надзея. Надзею тады растапталі, але Валошын верыць, што шанец яшчэ будзе.

Крыніца: facebook.com / alina.koushyk
Крыніца: facebook.com / alina.koushyk

Журналіст Андрэй Мялешка прыгадаў свой «самы доўгі дзень у жыцці»: матаўся па Горадні, назіраў за падлікам галасоў, атрымаў ад знаёмай з «Белай Русі» фота пратаколу аб перамозе Ціханоўскай, паспеў зняць першыя кадры «людзей у чорным»… І чамусьці не застаўся затрыманы, калі сталі хапаць журналістаў: «Далі проста пінком пад зад, нібы выкідваючы з буса». Заехаў дахаты, хаваў удома назіральнікаў і запускаў у пад’езд тых, хто паспеў збегчы ад сілавікоў.


Карыстальнік, які пажадаў застацца ананімным, згадаў, што 9 жніўня быў назіральнікам на адным з участкаў. 9 жніўня яшчэ ранкам ён застаўся без інтэрнэту, але прадчування бяды яшчэ не меў. Увесь дзень адпрацаваў назіральнікам, «наколькі гэта было магчыма», і застаўся паглядзець вынікі падліку галасоў. Праз паўгадзіны па закрыцці ўчастку прыехалі сілавікі і сталі затрымліваць людзей – затрымалі і яго. Адсядзеў 5 дзён арышту – спачатку на Акрэсціна, потым у Жодзіне…


«Але ведаеце, што мяне здзівіла ў той момант? – піша ён. – Як людзі змаглі аб’яднацца. Гэта, на мой погляд, класная рыса».


Былая журналістка Алена Дубовік згадала, як ёй у лякарню прынеслі паштоўку «Выжыла ў 2020»: а яна перажыла восем затрыманняў, адно збіццё і адну шпіталізацыю, але зрабіла дзясяткі сюжэтаў і атрымала «веру, якая не вызначаецца ніякай лічбай».


Юрыстка і дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Ганна Маціеўская нагадала пра калегаў: адвакатаў, якія сядзяць за кратамі, якіх пазбавілі права на прафесію. Іх, лічыць яна, «часта недаацэньваюць, а яны пакутуюць, таму што дапамагалі і не адмаўлялі беларусам, якія прасілі гэтай дапамогі, разумеючы рызыкі, пакутуюць, бо этычна выконвалі сваю прафесію». Яна дадала, што заўжды ганарыцца і расказвае іншым аб «Максе, Аляксандры, Юліі, Анастасіі, Аляксеі і Віталю» – да паста яна далучыла фота з плакатам у падтрымку палітвязня Максіма Знака.


Веру, нягледзячы на страшныя падзеі, захаваў і блогер, былы палітычны зняволены Сяргей Пятрухін.

Успаміны з іншым акцэнтам выказаў заснавальнік WPR-агенцтва для IT Вячаслаў Смірноў

«9 жніўня 2020-га я ўпершыню ў жыцці так шмат крыві бачыў зблізу. Стогны, людзі кудысьці бягуць, „касманаўты“ за рулём хуткіх. Гранаты над галовамі мірных людзей, потым начлег у нейкім бары на лаўцы – дзякуй афіцыянтам, якія прытулілі. І ўсё гэта было нібы ты ўнутры фільма, таму што карцінка была зусім заварожвальная, насычаная, яскравая, але ўсё роўна было страшна. Было адчуванне, што вайна. А самае страшнае было прачнуцца раніцай, выйсці на вуліцу – а там нібы нічога і не было. Чатыры гады мінула».


Заснавальнік і кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак лічыць, што «9 жніўня 2020 года адбылася апошняя спроба мірнага транзіту ўлады ад „прасвяшчоннай“ аўтакратыі да дэмакратычнага ладу», але пасля той здушанай рэвалюцыі «свет канчаткова павярнуў у бок вайны і гвалту як інструментаў вырашэння канфліктаў». Ён заклікаў «вастрыць косы і рабіць усё, каб быць гатовымі да акна магчымасцяў: 


«Азіраючыся назад, задаемся пытаннем, ці быў шанец? Гледзячы на ўсё што мы сёння ведаем пра Крэмль і ягоныя планы - не, не было. Ці варта было рабіць гэтую спробу? Гледзячы на гісторыю нашай краіны і бясконцыя спробы вызваліцца ад Масквы – так, варта было. Мы ўсе з вамі ўдзельнікі гістарычнага працэсу, а гісторыя не пытаецца ці зручна табе ў салдацкіх ботах, ці не муляе табе пятля на шыі падчас страты, ці лёгка табе на чужыне, куды ты трапіў праз удзел у паўстанні. Кожны і кожная мае сваю ролю. Нашая задача згуляць іх як мага лепш».


Падобныя думкі напісаў ягоны паплечнік, сузаснавальнік фонду «By_help» Аляксей Лявончык. У 2020 годзе, нагадаў ён, на вуліцы выйшла звыш 10 % насельніцтва Беларусі, «і выходзілі столькі, колькі маглі», таму «нам ужо ніколі не будзе сорамна».


«Правальнымі рэвалюцыямі забрукаваная дарога да той адной апошняй паспяховай. У дваццатым годзе мы зрабілі першы крок. Калі імперыя здохне, мы зробім і апошні».


Гісторык і палітолаг, былая сябра Каардынацыйнай рады Роза Турарбекава выступіла з крытычным пастом і заклікала да крытычнага мыслення не адносна мінулага, а адносна цяперашняга часу. Яна канстатавала: «зло перамагае», мірная рэвалюцыя годнасці «сутыкнулася з пачварай», здольнай садзіць, катаваць і забіваць, а беларусы ўцякалі, бо не хапіла сілаў, смеласці і ўпартасці.


«Якія ж урокі мы павінны вынесці? Заўсёды павінен быць план Б. Павінна быць воля ў лідараў, імкненне да перамогі, прыхільнасць да прынцыпаў дэмакратыі, упартасць у дасягненні мэты. Барацьба за ўладу, за змену рэжыму носіць жорсткі, крывавы характар. Трэба быць хітрымі, вынаходлівымі і заўсёды мець на ўвазе выключна беларускія нацыянальныя інтарэсы. Быць крэатыўным не толькі ў сэнсе прасоўвання сябе, але і ў сэнсе канцэптуальным пры выпрацоўцы стратэгіі». 

Філосафка і аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» Вольга Шпарага разважала пра «разрывы» ў сваім жыцці. Першы быў у 1990-х, калі яна вырашыла заставацца ў Беларусі і дэмакратызаваць краіну ў галіне адукацыі. Затым было выгнанне з БДУ ў 2001 годзе, закрыццё ЕГУ ў Менску ў 2004-м, праца ва ўніверсітэце ў выгнанні і ў нефармальнай адукацыі ў Беларусі… Але 2020 год быў самым значным «разрывам»: выехаўшы ў Беларусь, яна перастала бачыць сны аб затрыманнях і пераследзе, якія сніліся ўсё жыццё, але набыла мару вярнуцца ў дэмакратычную, бяспечную і салідарную Беларусь, дзе такіх сноў таксама не будзе. Яна працытавала кнігу «Freund*innenschaft»:


«Салідарнасць не толькі звязвае, але і дапамагае пераадолець сацыяльныя і палітычныя межы. Пратэсты паўстаюць як гетэратопіі, дзе збіраюцца людзі розных веравызнанняў, узростаў, гендараў, класаў і здольнасцяў. Месца, дзе разнастайнасці не трэба патрабаваць, яно проста ўзнікае спантанна і без попыту. Мы называем такія месцы далікатнымі кантактнымі зонамі. Гэтыя зоны ў немалой ступені звязаныя з тым, што на пратэстах сустракаюцца сябры і завязваюцца сяброўскія адносіны».


Паэтка і прэзідэнтка Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай згадала свой ранейшы верш.


А дарадца Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова працытавала верш Алеся Разанава «Палёт».


Алесь Наваборскі, «Белсат»

Крыніца: facebook.com / tatiana.shchyttsova.5
Крыніца: facebook.com / tatiana.shchyttsova.5

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10