Урад Нямеччыны адмаўляецца раскрываць акалічнасці перамоваў з Расеяй аб абмене, які адбыўся 1 жніўня, і не тлумачыць, чаму Берлін не намагаўся вызваліць беларускіх палітвязняў, улічваючы, што нашая краіна была ўцягнутая ў гэтую гісторыю. У адказ на запыт «Белсату» ў прэс-службе ўраду ФРГ папрасілі «паставіцца з разуменнем» да таго, што ніякай інфармацыі яны не дадуць.
У сваім звароце «Белсат» пытаў, ці намагаўся Берлін выцягнуць беларускіх палітвязняў, ці абмяркоўвалася гэта ў перамовах з Расеяй, якія прозвішчы былі ў спісах (калі былі наогул). Прэс-служба ўраду Нямеччыны адмовілася адказваць на нашыя пытанні:
«Мы просім з разуменнем паставіцца да таго, што мы не каментуем дэталяў і канфідэнцыйных абмеркаванняў у гэтым кантэксце».
Раней дарадца прэзідэнта ЗША Джэйк Саліван пацвердзіў, што падчас абмену, які адбыўся 1 жніўня, планавалася вызваленне расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Хто яшчэ мусіў быць у «абменным фондзе», аднак у канчатковы спіс не трапіў, афіцыйна невядома.
Напярэдадні абмену старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заявіў, што абмен без беларускіх палітвязняў будзе несправядлівым у дачыненні беларускага грамадства, і заклікаў Нямеччыну дамагчыся вызвалення, напрыклад, нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Марыі Калеснікавай.
У размове з «Белсатам» Латушка ўдакладніў, што накіраваў нямецкаму амбасадару ў Польшчы ліст з просьбаю перадаць зварот у МЗС Нямеччыны, упаўнаважанаму ў пытаннях усходняй палітыкі МЗС Нямеччыны, а таксама старшыням камітэтаў Бундэстагу ў правах чалавека і ў пытаннях Еўразвязу ды шэрагу дэпутатаў Бундэстагу. Пакуль беларускі палітык атрымаў адказ толькі ад аднаго дэпутата – Томаса Гакера:
,,«У адказе Томас Гакер падкрэсліў, што ён працягне дзеяць, каб як мага хутчэй вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі, і падкрэсліў, што беларускія палітвязні – закладнікі брутальнага рэжыму Лукашэнкі і мусяць быць вызваленыя без якіх-кольвек умоваў. Ён прапанаваў працягваць сувязь у гэтым пытанні, адзначыў важнасць дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі, нягледзячы на супрацьдзеянне рэжыму Лукашэнкі».
Беларусь была ўцягнутая ў гэтую гісторыю з увагі на нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, якога спачатку асудзілі на смерць нібыта за тэрарызм, а потым памілавалі і аддалі Расеі для абмену.
У выніку гэтай аперацыі Масква атрымала агента Вадзіма Красікава, якому ў Нямеччыне прызначылі пажыццёвае зняволенне за палітычнае забойства. Пасля абмену выданне «The Wall Street Journal» апублікавала вялікі артыкул пра тое, як ішлі перамовы. Сцвярджаецца, што Федэральная выведная служба Нямеччыны ў перамовах з расейскім бокам выставіла свае ўмовы: у абмен на Красікава Берлін хоча атрымаць максімальна магчымую колькасць палітычных зняволеных і немцаў, якім у Расеі пагражаюць вялікія тэрміны.
Як пішуць медыі, вызваленне Красікава далося нямецкім уладам вельмі няпроста. Забойца быў галоўным патрабаваннем Крамля, і без яго абмен наўрад ці адбыўся б. Такім чынам, Нямеччына, падобна, магла паспрабаваць выцягнуць хаця б каго-небудзь з беларускіх палітвязняў – гэтак жа, як дамаглася вызвалення з беларускай турмы свайго грамадзяніна.
Сцяпан Кубік, «Белсат»