навіны

Чаму беларускі футбол зрабіўся небяспечным для дзяцей?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kampus Production / Pexels
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kampus Production / Pexels
podpis źródła zdjęcia

У Віцебску на васьмігадовага хлопчыка ўпала футбольная брама, у выніку малога футбаліста даставілі ў больніцу. Чаму так адбылося і хто ў гэтым вінаваты, абмеркавалі з футбольнымі трэнерамі Яўгенам Вяроўкам і Аляксандрам Собалем.

Прычыны гэтага і шэрагу іншых здарэнняў на футбольным полі нашыя эксперты бачаць у некампетэнтнасці беларускіх трэнераў і структураў, якія арганізоўваюць гэтыя трэнаванні і гульні, у небяспечнай канструкцыі самой брамы, а таксама ў звычайнай нядбайнасці і неразуменні, што такое бяспека дзяцей.

«Тут, у Польшчы, калі ў нас вялікая брама, у нас ёсць спецыяльныя ўцяжарвальнікі, для таго каб іх пакласці ззаду і дзеці не змаглі пераважыць гэтай брамы, – распавядае Аляксандр Собаль. – Мы, кожны з трэнераў, маем міжнародны сертыфікат «Safeguard Children».

Паводле трэнера, у Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, працаўнікі абавязаныя ведаць, як надаваць першую дапамогу, а таксама дапамагаць псіхалагічна. Да таго ж мусяць быць абмежаванні на колькасць дзяцей на аднаго трэнера:

«Калі ўзрост ідзе 10 гадоў, то на аднаго трэнера максімальная колькасць дзяцей – 15 чалавек. Узрост 12 гадоў – максімальна 20 чалавек. Менш можна, болей – не. Гэта пад максімальным кантролем Польскай футбольнай федэрацыі, і нічога з гэтым нельга зрабіць», – кажа Аляксандр Собаль і дадае, што такія правяранні ладзяцца знянацку, у любы момант і па ўсёй Польшчы.

Трэнеры згадваюць, што ў Беларусі няма аналагічных правяранняў, таму структуры, якія мусяць сачыць за якасцю абсталявання, проста не звяртаюць на яе ўвагі.

«Колькі сябе памятаю, кожны год нейкія здарэнні. У дзіцяча-юнацкіх школах іх нашмат меней, бо дзеці там больш падрыхтаваныя, – кажа Яўген Вяроўка. – Таксама ў футбольных школах брамы замацаваныя, а цяпер увогуле выкарыстоўваюць пластыкавыя брамы».

Аляксандр Собаль у сваю чаргу згадвае час, калі жыў у Беларусі і на ўласныя вочы бачыў браму на тэрыторыі школы, у якой злучальная частка паміж перакладзінай і крыжавінай пачынала адломвацца, але ніхто з гэтым нічога не рабіў.

Ці можна нешта змяніць? Абодва эксперты ўпэўненыя, што можна. Проста трэба звярнуць увагу на якасць абсталявання, а таксама…

«Проста зрабіць брамы непераноснымі – і ўсё», – прапаноўвае Яўген Вяроўка.

Ён прыводзіць прыклад вялікіх футбольных спаборніцтваў, дзе аб тую ж браму проста немагчыма моцна параніцца. Таму, калі няма магчымасці зрабіць браму непераноснай, Яўген Вяроўка раіць замяняць яе на пераносную пластыкавую. Але для пачатку варта зразумець праблему, а не вінаваціць ува ўсім трэнераў.

Марыя Голдстэйн, «Белсат» 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10