навіны

«На Кітай ціснуць цяжэй». Беларусь, падобна, знайшла новы спосаб абыходзіць санкцыі ЕЗ на драўніну

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Крыніца «Белсату» сцвярджае, што для падсанкцыйнай беларускай драўніны знайшлі новы шлях у ЕЗ: прадукцыя цяпер экспартуецца пад выглядам кітайскай.

Звесткі Еўрастату сведчаць пра рост паставак драўніны з Кітаю ў краіны Еўразвязу сухапутнымі маршрутамі, і гэта ўскосна пацвярджае новую схему абыходу санкцыяў. Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Стась Івашкевіч у размове з «Белсатам» назваў такія махінацыі цалкам імавернымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці. Фота: Белсат

Беларускі расследавальніцкі цэнтр ужо двойчы расказваў пра тое, як беларуская драўніна, імпарт якой забараніў Еўразвяз, усё адно трапляе на «варожы» рынак: у дакументах прадукцыя лічылася казахскай або кіргізскай. Калі коратка, паперы-падробкі «штампавалі» ў Беларусі, службоўцы на межах краінаў ЕЗ асабліва паходжанне прадукцыі не спраўджвалі, ад мытнікаў з Казахстану і Кыргызстану інфармацыі не дачакаешся — вось і ўвесь «сакрэт поспеху». 


Цяпер жа, як кажа крыніца «Белсату» ў лагістычнай галіне, беларуская драўніна стала «кітайскай». Дый не толькі драўніна:

,,

«Падобныя схемы сталі ўжывацца ў дачыненні беларускай прадукцыі метала- і дрэваапрацоўвання, але ўжо пад выглядам нібыта кітайскай вытворчасці. Тавар — пелеты, драўляныя домікі, металаканструкцыі — надалей вырабляюцца ў Беларусі, але, каб пазбегнуць санкцыяў, маркіруюцца кітайскімі таварамі і пастаўляюцца ў Еўразвяз».


Нашая крыніца таксама сцвярджае, што нібыта кітайскі экспарт адпраўляюць такім чынам не наўпрост у краіны-суседкі Беларусі: атрымальнікамі лічацца іншыя дзяржавы ЕЗ, каб не прыцягваць увагі і ўскладніць правяранні.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ammiel J Wan / Unsplash
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ammiel J Wan / Unsplash

У студзені — траўні сёлета ЕЗ імпартаваў з Кітаю шырокай наменклатуры драўніны і вырабаў з яе на € 867 млн, што на 1 % меней, чымся за пяць месяцаў летась. 


Пры гэтым, паводле Еўрастату, пастаўкі морам скараціліся на 4,5 %, а сухапутнымі маршрутамі — чыгункаю і аўтатранспартам — павялічыліся на 56 %. 


Што праўда, амаль увесь імпарт драўніны ідзе з Кітаю ў ЕЗ морам: € 781,5 млн у студзені — траўні сёлета. Чыгункаю і аўтатранспартам — € 85,4 млн, але Беларусі, якая, імаверна, трапіла ў гэтую статыстыку са сваёй «кітайскай» драўнінай, і гэтая капейчына залішняй не будзе. А ўлічваючы вялікія аб’ёмы імпарту ЕЗ з Кітаю, заўважыць у ім долю Беларусі, калі яна ёсць, складана.

Самыя буйныя пакупнікі кітайскай драўніны і вырабаў з яе, калі ўлічваць пастаўкі толькі сухапутнымі маршрутамі, — Польшча, Чэхія, Нідэрланды і Бельгія. Падобна, што менавіта такім шляхам у ЕЗ трапляе падсанкцыйная беларуская прадукцыя, улічваючы геаграфічнае становішча нашай краіны, якая не мае выхаду да мора.


Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Стась Івашкевіч — адзін з аўтараў матэрыялаў пра казахскія і кіргізскія «прыгоды» беларускай драўніны — у размове з «Белсатам» не выключае, што нашая краіна пачала карыстацца новай схемай:

,,

«Пасля нашага апошняга расследавання, што выйшла ў канцы сакавіка, экспарт “казахскай” драўніны ў Польшчу абваліўся ў 4 разы і выглядае, што на гэты канал звярнулі ўвагу, і ён істотна сціснуўся. Цалкам магчыма, што гэтак жа зрабілі і з Кітаем. Замест таго, каб афармляць драўніну як казахскую, цяпер яе афармляюць як кітайскую».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці, Беларусь. (Фота: Белсат)

Беларускі лес і дрэваапрацоўванне пад санкцыямі Еўразвязу? Вялікае расследаванне

навіны

На карысць гэтай версіі кажа тое, што на Кітай не націснеш, як на Казахстан ці Кыргызстан. Такі ціск патрэбны, каб мытнікі дзяліліся з еўрапейскімі калегамі інфармацыяй, якая дазваляе перадухіліць абыход санкцыяў, тлумачыць журналіст: 


«Наколькі нам вядома, чыноўнікі Еўразвязу ціснуць на Казахстан і Кыргызстан, каб яны больш камунікавалі ў справе пацвярджэння таго, што груз пераходзіў ці не пераходзіў іхную мяжу, каб было немагчыма еўрапейскім памежнікам падсоўваць намаляваную фальшыўку, як гэта часта адбываецца. Цяпер без такога пацвярджэння не прапускаюць вялікую частку грузаў. А на Кітай такім чынам еўрапейцам націснуць цяжэй». 


Як і ў выпадку з «казахскай» і «кіргізскай» драўнінай, цяпер, імаверна, выкарыстоўваецца той жа спосаб падмануць мытнікаў краінаў ЕЗ, кажа Івашкевіч: 


«Самы прымітыўны спосаб — нейкім чынам завалодаць узорам пячаткі нейкай фірмы і проста наляпіць яе на дакументы. І такое да нашага расследавання праходзіла: польскія ці літоўскія памежнікі атрымлівалі груз, бачылі нейкую пячатку, спрабавалі звярнуцца да казахскіх ці кіргізскіх калегаў, каб яны пацвердзілі, а тыя з імі не камунікавалі. Спосабу праверыць няма, і гэты груз часта прапускалі».


 Яшчэ адзін варыянт — стварэнне ў Кітаі фірмаў-аднадневак: 


«Наступная ступень — калі яны адкрываюць фірмы-аднаднеўкі ў Кітаі для таго, каб фармальна афармляць на яе экспарт прадукцыі, а тая фірма потым дасылае даручэнне перанакіраваць гэты экспарт у Еўразвяз. Калі зараз выявіцца, што гэтая схема аб’ёмная, гэта пацвердзяць органы ЕЗ, то будзе далейшы ціск, і ўжо давядзецца фізічна вазіць гэтую драўніну ў Кітай і назад. Пасля зноў павысіцца ціск да таго, што ім давядзецца паказваць сертыфікаты паходжання драўніны і на гэтым яны, хутчэй за ўсё, пераключацца з Кітая на якую-небудзь іншую юрысдыкцыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Belsat

Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі

навіны

Самы дзейсны спосаб спыніць санкцыёнку на мяжы — даць мытнікам магчымасць хутка спраўдзіць у калегаў з іншых краінаў, ці насамрэч той ці іншы тавар вязуць ад іх, тлумачыць суразмоўца «Белсату»:


«З таго, што мы бачым, як рэзка абваліўся імпарт казахскай драўніны ў ЕЗ, то можа ўявіць, што зараз еўрапейскія памежнікі настойваюць на магчымасці спраўдзіць або проста не прапускаюць тавар. Каб такая супраца паміж мытнямі была на практыцы, патрэбны ціск». 


Стась Івашкевіч пры гэтым заўважыў, што пакупнікі драўніны ў ЕЗ, калі будуць мець жаданне, заўсёды могуць даведацца сапраўдную краіну паходжання сыравіны: 


«Пакупнікі ў ЕЗ заўсёды вам скажуць, што яны не ведалі і паверылі дакументам, але бальшыня еўрапейскіх кампаніяў просяць для сябе сертыфікаты розных міжнародных арганізацыяў аховы лесу, і калі гэтага сертыфіката няма, то ў любога контрагента з’явяцца пытанні. Калі еўрапейскі пакупнік рэгулярна закупляе велізарныя партыі, то вельмі малаверагодна, што ён не спраўдзіць паходжанне. Як мінімум сумневы ў буйных пакупнікоў, хутчэй за ўсё, будуць». 


«Белсат» звярнуўся па каментары ў мытныя службы Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў і Бельгіі. Мы папрасілі пракаментаваць прычыны росту імпарту драўніны з Кітаю наземнымі шляхамі, ці правяраецца сапраўднасць пазначанага краю паходжання тавараў і ці можа беларуская прадукцыя пастаўляцца як кітайская. Апроч таго, мы спыталі, ці будзе гэта правярацца цяпер – пасля выкрыцця магчымых новых схемаў абыходу санкцыяў. Адказы на нашыя запыты будуць апублікаваныя па меры іх атрымання.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10