Сёння, 15 сакавіка, Беларусь адзначае Дзень Канстытуцыі. Святлана Ціханоўская ў сваім віншаванні падкрэсліла, што асноўны закон краіны павінен гарантаваць свабоду, бяспеку і справядлівасць для ўсіх грамадзянаў, але цяперашні рэжым ператварыў яго ў інструмент рэпрэсіяў.
«Сутнасць Канстытуцыі – абараняць грамадзянаў ад паліцэйскага свавольства, гарантаваць змяняльнасць улады і свабоду слова. Аднак рэжым гадамі ператвараў асноўны закон у зручны інструмент – перапісваў, ігнараваў і выкарыстоўваў супраць народа», – заявіла Ціханоўская.
Яна звярнула ўвагу на супярэчнасці ў цяперашняй Канстытуцыі. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне, хоць права на жыццё замацаванае ў Канстытуцыі. Прэзідэнт мае імунітэт ад крымінальнага пераследу, хаця ў дакуменце сказана, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам. Свабода слова дэклараваная, але людзей садзяць у турмы нават за каментары ў інтэрнэце.
Ціханоўская адзначыла, што ў Беларусі адсутнічае баланс улады, а парламент, суды і рэферэндумы фактычна падпарадкаваныя аднаму чалавеку.
«Сённяшні дзень стане сапраўдным святам, калі законы будуць абараняць грамадзянаў, а не выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў. Калі ў краіне з'явіцца незалежны суд, сумленныя выбары і роўныя правы для ўсіх. Калі Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай. Разам мы пабудуем краіну, дзе канстытуцыя паважаецца, шануецца і выконваецца », – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка змяняў Канстытуцыю Беларусі тройчы праз рэферэндумы: у 1996 годзе – пашырыў свае паўнамоцтвы і зрабіў краіну рэспублікай з моцнымі прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі, у 2004 годзе – адмяніў абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, а ў 2022 годзе – замацаваў Усебеларускі народны сход як новы орган улады і гарантаваў сабе імунітэт пасля сыходу. Усе змены ўзмацнялі яго асабістую ўладу і знішчалі дэмакратычныя механізмы.
Раман Шавель belsat.eu