навіны

Што Лукашэнку больш баліць? Пад санкцыямі сын і самалёт

img
Мікалай і Аляксандр Лукашэнка. Фото: AP
podpis źródła zdjęcia

Сын дыктатара і самалёт дыктатара - папоўнілі санкцыйныя спісы. Здавалася б – за што Канада - Мікалая? І за што Амерыка – «Боінг-767» уласнай вытворчасці? У Мікалая Лукашэнкі і татавага самалёту аднолькавы ўзрост - 20 гадоў. Для абодвух - звузілася сусветная геаграфія. Перад бортам, аднак, зачынілася больш шляхоў. Ён не будзе абслугоўвацца ў аўтарызаваных сервісах Боінгу і толькі па-шэраму зможа атрымаць тэхнічную дапамогу. Як ішло змаганне за санкцыі супраць лятака, і колькі часу той яшчэ правядзе ў небе?


13-га кастрычніка 2020-га года. Пратэстуюць студэнты. За кратамі застаюцца сотні затрыманых, а Лукашэнка накіроўвае свой меншы «Боінг-737-800 Бізнэс Джэт» у Гамбург на планавае тэхнічнае абслугоўванне ў аўтарызаваным сэрвісе «Люфтганза Тэхнік». Дэмакратычная апазіцыя сабрала групу юрыстаў...



«...і мы пачалі шукаць нямецкага адваката, які б узяўся падаць позву ў суд, дзеля таго каб накласці арышт на гэты самалёт. У якасці падставы, наколькі я сёння памятаю, быў сам факт увядзення санкцыяў супраць Лукашэнкі і выкарыстанне ім гэтай маёмасці. Альбо завядзенне крымінальнай справы ў сувязі з гвалтам у дачыненні беларусаў. І ў якасці забеспячэння (матэрыяльнай кампенсацыі беларусам) затрыманне гэтага самалёта», – распавёў
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету і лідар НАУ.


Юрыста знайшлі, але ажыццявіць задуманага не паспелі. «Lufthansa Technik» ужо абслужыла борт, і ён вярнуўся ў лукашэнкаўскі авіяпарк. Хаця мог злётаць упустую – прафсаюз нямецкага прадпрыемства заклікаў рабочых адкласці гаечныя ключы і не займацца самалётам дыктатара... У санкцыйныя спісы ЗША бізнес-джэт трапіў у сакавіку 2023-га года. Лукашэнка паказаў свой боль толькі нядаўна:


«Гэтыя нягоднікі не мелі права ўводзіць санкцыі супраць судоў, супраць самалётаў, верталётаў, на якіх перавозяць людзей! Яны ж увялі санкцыі супраць судоў у Расеі, супраць нас, супраць майго... дапусцім, самалёта»...



Набытую за бюджэтныя грошы тэхніку Лукашэнка лічыць сваёй і выкарыстоўвае як прыватную – нe толькі для службовых падарожжаў.

Галоўнаю мэтаю Паўла Латушкі і ягоных паплечнікаў заставаўся борт нумар адзін дыктатара – «Боінг-767» з рэгістрацыйным нумарам «EW-001PB», нашпігаваны высакароднымі металамі і каштоўнымі камянямі.


Самалёт узгадвалі падчас большасці пра-санкцыйных перамоваў з амерыканскім бокам. Гэтак, у траўні пытанне прасунулася пры цікавых акалічнасцях: кіраўнік амерыканскай дэлегацыі ў Варшаве папрасіў Паўла Латушку не афішаваць факту сустрэчы і адмовіўся ад супольнага фота...


«Я сказаў "ну добра, зразумела, я згодны, я ж прымушаць не буду, але ў мяне да вас тады ёсць просьба – давайце ўсёж такі зробім тое, над чым мы з вамі працуем ужо напрацягу гадоў - ініцыюеце санкцыі на самалёт № 1 Лукашэнкі. Ён усміхнуўся. Усміхнуўся я. Ён сказаў асістэнтцы, якая сядзела па левую руку ад яго: «запішыце гэта ў блакнот, калі ласка, занатуйце гэта», – узгадвае Павел Латушка.


Наўздагон прадстаўніку амерыканскай дэлегацыі накіравалі адпаведны ліст. А потым – на просьбу амерыканскага боку – перадалі доказы таго, што бортам карыстаецца сям'я дыктатара, набліжаныя да яго бізнесоўцы, поп-спевакі і іншыя асобы, якія не ёсць дзяржслужбоўцамі.


І 9-га жніўня мы даведаліся, што любімы «Боінг» Лукашэнкі таксама трапіў пад санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта азначае, што аўтарызаваныя сервісы не прымуць яго на тэхагляд і не будуць рамантаваць асобных дэталяў.


«Выходзячы з заводу дэталь трапляе ў адмысловую базу. Мае пашпарт, дакументы, і пакуль яна ў выкарыстанні – усё ейнае "жыццё" адсочваецца і любыя рамонты, любыя работы ўносяць у адмысловую базу дадзеных аб гэтай дэталі... Уведзеныя санкцыі адключылі Расею і Беларусь ад доступу да гэтых базаў. Гэта азначае адно – гэтыя дэталі могуць праходзіць толькі несертыфікаванае, неліцэнзіяванае абслугоўванне і рамонт на тых прадпрыемствах, якія на сённяшні дзень не маюць допуску да выкананння такіх работ», – кажа
Багдан Далінцэ, авіяцыйны эксперт з Украіны.


Нават калі ў персаналу ёсць навыкі, то няма юрыдычнага права рабіць тэхабслугоўванне, напрыклад, еўрапейскага «Эйрбаса» ці амерыканскага «Боінга». Завод-вытворца ў такім выпадку здымае з сябе адказнасць за наступствы.


«Таму любы самалёт, які пройдзе тэхнічнае абслугоўванне ў такой кампаніі (напрыклад, на тэрыторыі Расеі, бо большасць такіх прадпрыемстваў знаходзілася там), то ён не проста згубіць не толькі гарантыі на адказнасць завода-вытворцы. Гэта азначае, што гэты самалёт ніхто на свеце больш не набудзе, бо ён будзе лічыцца бортам, які эксплуатаваўся ў краінах трэцяга свету не зразумела паводле якіх тэхналогіяў, і ён знаходзіцца ў незразумелым стане», – тлумачыць Багдан Далінцэ.


Таму ўзятыя з бюджэту на лукашэнкаўскі «Боінг 767» сто мільёнаў долараў, лічы, вылецелі ў трубу. Гэтак сталася і з выдаткамі на самы першы самалёт дыктатара – Ту-154, набыты ў 1995-м годзе. Хоць той і пад санкцыямі не быў, але пасля Лукашэнкі і ягонага ўраду самалёт ніхто не набыў за прапанаваныя $ 2 млн. Борт перавезлі ў авіяцыйны музей у Ліпках.


Лукашэнкаўскія самалёты заходняй вытворчасці могуць, аднак, разлічваць на шэры імпарт. Кошт шэрых дэталяў на траціну даражэйшы за арыгінальныя. Дастаўка – у 10 разоў даўжэйшая... Напрыклад, Расея працягвае эксплуатаваць сваю грамадзянскую авіяцыю заходняга паходжання. А гэта 80 адсоткаў тамтэйшага паветранага флоту.


«Чакаць што расейская і беларуская авіяцыя скончыць сваё існаванне праз літаральне некалькі месяцаў ці гадоў – не даводзіцца. Але пры гэтым мы бачым, што працэсы дэградацыі авіяцыі працягваюцца і гэта прывядзе да зніжэння бяспекі палётаў і як следства – да павелічэння колькасці авіякатастрофаў і авіяцыйных інцыдэнтаў», – лічыць украінскі авічэксперт.


Узгадаем гібель сёлета ў траўні іранскага лідара Эбрагіма Раісі ў выніку катастрофы верталёту «Бэл-212» амерыканскай вытворчасці. Машыны не абслугоўвалі аўтарызаваныя сэрвісы – з увагі на абмежаванні ЗША ў дачыненні Ірану.


Лукашэнка абвінаваціў Вашынгтон: «Яны вінаватыя, калі на верталёт нічога не ўздзеяла, яны за гэта адкажуць. Яны забаранялі абслугоўваць гэты верталёт. Гэта дакладна. Я гэта па сабе ведаю».


У авіяцыі тэхнічнае абслугоўванне ажыццяўляюць цыклічна, каб пазбегчы паломак і ў выніку – авіякатастрофаў. Пасажырскі самалёт праходзіць шэраг абавязковых працэдураў: перадпалётны тэхагляд, а таксама працэдуры «чэк-ін», што праводзяцца раз на паўгода і раз на некалькі гадоў.


«На Менскім заводзе грамадзянскай авіяцыі Лукашэнку рапартавалі: "Працягваем рамонт самалётаў ТУ-134, ЯК-40, тэхнічнае абслугоўванне самалётаў Іл-76, Як-42, Як-52. За кароткі час мы асвоілі самалёты Боінг-737, Айрбас-320»...


Тут аднак магчымае толькі базавае тэхабслугоўванне. Дзякуючы «Кіберпартызанам», мы ведаем, што лукашэнкаўскі «Боінг-767» раней што 2-3 гады наведваў сэрвіс «Люфтганза Тэхнік»: вясною 2015-га, 2017-га і потым – 2020-га года. Згодна з графікам, тэхагляд трэба было прайсці найпазней вясною 2023-га.


Але ці можна казаць, што абмежаванні супраць 20-гадовага борту – меншая праблема, чымся ўведзеныя Канадай абмежаванні супраць ганаровага пасажыра гэтага самалёта – таксама 20-гадовага сына Мікалая?


«З Мікалаем пытанне значна больш складанае. Гэта пытанне ягоных перспектываў. Якое б відэа з афіцыйных візітаў Лукашэнкі мы не ўключылі, сын заўжды побач. А гэта азначае, што сын удзельнічае ў яго палітыцы. Як толькі ты становішся поўнагадовым, ты павінен адказваць за свае дзеянні», – распавядае прыхільнік санкцыяў
Мікалай Халезін.


То бок санкцыі датычаць дзеянняў Мікалая ў апошнія два гады ягонага жыцця. Гатовасць страляць у беларусаў у 2020-м годзе малодшы сын Лукашэнкі дэманстраваў яшчэ як няпоўнагадовы.


Юлія Цяльпук belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10