навіны

Пакт Молатава – Рыбэнтропа: як дыктатары апраўдваюць дыктатараў

Савецкія самалёты. Кадр з фільму «Калі заўтра вайна»
Савецкія самалёты. Кадр з фільму «Калі заўтра вайна»
podpis źródła zdjęcia

85 гадоў таму ў гэты дзень (23 жніўня 1939-га) СССР і нацысцкая Нямеччына падпісалі пагадненне, якое ўвайшло ў гісторыю як пакт Молатава – Рыбэнтропа. 

Як выглядалі «два гады міру»?

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла мяжу Польскай Рэспублікі і заняла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, страціўшы толькі афіцыйна каля 1,5 тысячы чалавек забітымі. У кастрычніку 1939-га савецкія войскі занялі краіны Балтыі – Літву, Латвію і Эстонію. 30 лістапада СССР пачаў вайну супраць Фінляндыі, страціўшы больш за 126 тысячаў забітымі. У чэрвені – ліпені 1940 года СССР заняў Бесарабію і Паўночную Букавіну. Дык пра якія «два гады міру» кажуць падручнікі, калі пакт Молатава – Рыбэнтропа развязаў СССР рукі для захопу суседніх краінаў?

Што пішуць пра пакт Молатава – Рыбэнтропа ў падручніках. Вялікая Айчыннай вайна савецкага народу (у кантэксце Другой сусветнай вайны). Мінск, 2022.
Што пішуць пра пакт Молатава – Рыбэнтропа ў падручніках. Вялікая Айчыннай вайна савецкага народу (у кантэксце Другой сусветнай вайны). Мінск, 2022.

Што замоўчваюць падручнікі і Пуцін?

Уладзімір Пуцін, які яшчэ ў 2009 годзе падчас наведання Вэстэрплятэ ў Гданьску ў Польшчы асуджаў пакт Молатава – Рыбэнтропа, з 2014-га, калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, стаў апраўдваць гэтае пагадненне і нават казаць, што «СССР не жадаў вайны». Аднак расейскі кіраўнік пры гэтым не згадвае, што само існаванне Савецкага Саюзу грунтавалася на ідэі «сусветнай рэвалюцыі» – праз саветызацыю суседніх рэспублік, у тым ліку праз войны на чужой тэрыторыі, як тое ўвасобілася ў фільме «Калі заўтра вайна...» (1938).


Нездарма падчас выступу перад прапагандыстамі 1 кастрычніка 1938 года Іосіф Сталін тлумачыў:

,,

«Здараюцца выпадкі, калі бальшавікі самыя будуць нападаць, калі вайна справядлівая, калі абставіны адпаведныя, калі ўмовы спрыяюць, самыя пачнуць нападаць. Яны зусім не супраць наступу, не супраць усялякай вайны. Тое, што мы зараз крычым пра абароне – гэта вэлюм, вэлюм. Усе дзяржавы маскіруюцца: "З ваўкамі жывеш, па-воўчы даводзіцца выць". Па-дурному было б усё сваё нутро выварочваць і на стол выкласці. Сказалі б, што дурні».


Яшчэ адзін аргумент Пуціна і расейскіх гісторыкаў – «Савецкі Саюз апошні з усіх краінаў падпісаў з гітлераўскаю Нямеччынаю пакт пра ненапад, усе астатнія падпісалі такія пагадненні раней». Пакты сапраўды падпісвалі, у тым ліку Польшча, але менавіта Сталін і Гітлер прыклалі да гэтага сакрэтны пратакол пра падзел сфераў уплыву, прычым у далейшым была заключаная гэтак званая Дамова пра сяброўства і мяжу, паводле якой СССР «памяняў» Варшаўскае і Люблінскае ваяводствы Польшчы на Літву. Існаванне гэтага пратаколу ў Савецкім Саюзе доўгі час адмаўлялі і «знайшлі» толькі ў кастрычніку 1992 года.


Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР. Першая старонка. Фота: Wikimedia
Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР. Першая старонка. Фота: Wikimedia

Яшчэ больш здзіўляе пазіцыянаванне, што ў выпадку незаключэння пакту з нацысцкаю Нямеччынаю сталінскі СССР застаўся б супраць Гітлера «сам-насам». Насамрэч у 1939 годзе палітыкі ў Францыі і Вялікай Брытаніі зразумелі свае пралікі ў стасунках з нацысцкаю Нямеччынаю ды спробе «задобрыць» яе кіраўніцтва, дазволіўшы акупаваць Судэцкую вобласць Чэхаславаччыны, дзе быццам прыцяснялі немцаў. Таму ў траўні 1939 года пачаліся перамовы пра заключэнне пагаднення Францыі і Вялікай Брытаніі з СССР, якое было раптоўна перарванае 21 жніўня.


Замоўчваюць у падручніках і пра тое, што напярэдадні пакту Молатава – Рыбэнтропа сталінскі СССР з гітлераўскаю Нямеччынаю заключыў гандлёвае пагадненне, фактычна спансаруючы апошнюю сыравінаю (найперш каштоўнымі нікелем, марганцавай і хромавай рудамі), а наўзамен атрымоўваючы ўзоры нямецкіх самалётаў і металарэжучыя варштаты.


А яшчэ ў выніку пагаднення з нацысцкаю Нямеччынаю сталінскі СССР прызнаў аншлюс Аўстрыі і захоп Чэхаславаччыны, што ўвасобілася ў закрыцці прадстаўніцтва апошняй у Маскве ды арышце чэшскіх палітычных эмігрантаў.


Як падпісвалі пакт Молатава – Рыбэнтропа?


Падпісанне пагаднення СССР і Нямеччыны першапачаткова планавалі на 25–26 жніўня 1939 года. Але на ініцыятыву Гітлера, які даслаў асабістае паведамленне Сталіну, было вырашана зарганізаваць сустрэчу 23 жніўня ў Маскве. Падчас палёту ў Маскву самалёт міністра замежных справаў нацысцкай Нямеччыны Ёахіма фон Рыбэнтропа каля Вялікіх Лукаў абстралялі савецкія зенітчыкі, не папярэджаныя аб прылёце нямецкага госця. А нацысцкі сцяг для сустрэчы давялося ўзяць на студыі «Масфільму», дзе здымаліся антыфашысцкія стужкі.


Сакрэтны пратакол пра падзел сфераў уплыву паміж СССР і Нямеччынаю быў прыкладзены па ініцыятыве Сталіна. На Нюрнбэргскім працэсе над нацысцкімі злачынцамі па выніках вайны Рыбэнтроп адзначаў, што Сталін падчас перамоваў дакладна даў зразумець, што не зацікаўлены ў «мірным урэгуляванні нямецка-польскага канфлікту» і «калі не атрымае паловы Польшчы і Прыбалтыйскія краіны яшчэ без Літвы з портам Лібава, то я магу ў той жа час вылятаць назад».

Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР. Другая старонка. Фота: Wikimedia
Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР. Другая старонка. Фота: Wikimedia

Па прылёце ў Маскву Рыбэнтроп цягам трох гадзінаў абмяркоўваў са Сталіным і наркамам замежных справаў СССР Вячаславам Молатавым будучае пагадненне. Папярэднія перамовы завяршыліся каля 20:00, пасля чаго Рыбэнтроп скіраваў тэлеграму Гітлеру. Усё, здаецца, выглядала добра, але Сталін пастанавіў дадаткова залучыць у сферу інтарэсаў СССР Лібаву (Ліепая) і Віндаву (Вэнтспілс). Праз тры гадзіны прыйшоў адказ ад Гітлера: «Так, згодны». Нягледзячы на тое, што пад дакументам стаіць дата 23 жніўня, ён быў падпісаны каля 2:00 уначы ўжо 24 жніўня.


Пакт Молатава – Рыбэнтропа (насамрэч пакт Сталіна – Гітлера) – гэта не дакумент пра саюз паміж СССР і Нямеччынай. Ён прадугледжваў нейтралітэт і неўступленне ў саюзы, скіраваныя супраць адно аднаго. Дамова заключалася на 10 гадоў з магчымасцю далейшага працягнення кожныя пяць гадоў.


Пасля навіны пра падпісанне пагаднення паміж Сталіным і Гітлерам кіраўніцтва Вялікай Брытаніі неадкладна падпісала пагадненне аб гарантыях бяспекі з Польшчай. Але навіна пра гэта ўжо не магла спыніць будучай катастрофы, надыход якой пасля 23 жніўня 1939 года зрабіўся відавочным і запоўніў газеты.


Іосіф Сталін і Ёахім фон Рыбэнтроп у маскоўскім Крамлі. 23 жніўня 1939 года. Фота: Wikimedia
Іосіф Сталін і Ёахім фон Рыбэнтроп у маскоўскім Крамлі. 23 жніўня 1939 года. Фота: Wikimedia

Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму


Як напамін пра тую катастрофу, што абрынулася на чалавецтва, у 2009 годзе Еўрапейскі парламент прызнаў 23 жніўня Еўрапейскім днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Гэта даніны памяці пра знішчаных таталітарнымі рэжымамі асобаў, а таксама як сведчанне пра патрэбу вучыцца на ўроках гісторыі. Але, як паказалі апошнія падзеі, на жаль, гісторыі ніхто не вучыць, нават тыя дыктатары, якія заяўляюць, што «другі раз мы такой памылкі не дапусцім» . Таму кошт гэтых нявывучаных урокаў толькі павышаецца праз тую няпраўду і замоўчванне, што культывуюцца дыктатарскімі рэжымамі. І пакт Молатава – Рыбэнтропа сведчыць менавіта пра гэта.

Падрабязней пра пачатак другой сусветнай вайны глядзіце ў праграме «Intermarium».


ББ, «Белсат» 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10