15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
,,«Змены ў Канстытуцыю, як і заканадаўчыя акты, якія засноўваюцца на ёй – гэта не працэс аднаго моманту. Гэта зацягнецца на дастаткова працяглы перыяд, на пачатку якога яшчэ мусіць стаяць абранне легітымнага парламенту, які будзе гэта ўсё зацвярджаць. Таму пытанне, напэўна, не пра месяцы, а пра гады. Вось у гэты пераходны перыяд, калі мы адыходзім ад дыктатуры і выбудоўваем сапраўдную дэмакратыю, мусіць быць сіла, персаналізаваная сіла, якая будзе адказваць або за поспехі, або за правалы гэтага. Натуральна, што мусяць прысутнічаць усе абмежаванні, механізмы кантролю пазбягання злоўжыванняў – тое, чым займаецца сённяшні кіраўнік дзяржавы. Гэта ўсё ўводзіцца ад пачатку. Але персанальна чалавек на пасадзе прэзідэнта мусіць правесці Беларусь праз гэты шлях – пераводу да дэмакратыі», – тлумачыць Юрый Губарэвіч, чаму ў новай Беларусі на пачатку будзе захаваная прэзідэнцкая форма кіравання.
,,«Канстытуцыя – гэта не столькі асноўны закон Беларусі ў будучым, колькі прадмет грамадскай дамовы. Калі гэта прадмет грамадскай дамовы, то гэта значыць, што незалежна ад таго, якая сітуацыя ў Беларусі, мы ўжо цяпер, беларусы і грамадзянская супольнасць, мусім вучыцца дамаўляцца пра тое, што будзе ў новай Канстытуцыі. І таму ў пераходны перыяд мы мусім клапаціцца не столькі пра тое, хто той адзіны чалавек, які будзе праводзіць лінію зацвярджэння новай Канстытуцыі, колькі мусім вучыцца дамаўляцца і ўжо цяпер дакладна ўяўляць, якая будзе ў нас у будучыні ўлада. Не столькі прапісваць яе ў самой Канстытуцыі, колькі самім у дзеянні гэта ствараць і канструяваць. Таму я, натуральна, за парламенцкую ўладу, бо толькі парламент – гэта тая структура, што рэпрэзентуе грамадзянскую супольнасць, розныя структуры грамадзянскай супольнасці і сацыяльныя пласты», – распавядае Святлана Мацкевіч.