Беларускія банкі аднаўляюць спажывецкае крэдытаванне
02.06.2022, 10:27
Мужчына выходзіць з аддзялення Беларусбанку. Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
І зніжаюць стаўкі па крэдытах.
У Беларусі ўжо некалькі банкаў паведамілі, што аднаўляюць спажывецкае крэдытаванне фізічных асобаў. Або зніжаюць стаўкі па іх.
Мужчына выходзіць з аддзялення Беларусбанку. Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года. (Фота: Белсат)
Гэтак, крэдытаванне фізічных асобаў па ўсіх прадуктах аднавіў «Белінвестбанк». Крэдытаванне нерухомасці, у тым ліку набыцця на другасным рынку, вядзецца пад 24 % гадавых. Таксама можна рэфінансаваць крэдыты іншых банкаў на нерухомую маёмасць. Пашыраныя магчымасці ў рамках прадукту «Нерухомасць ад партнёра».
Стаўка па спажывецкіх крэдытах на тэрмін 2, 3 гады ці 5 гадоў складзе 24,9 % гадавых. Сродкі даюцца. Таксама адноўлены прыём анкет і на рэфінансаванне крэдытаў на спажывецкія патрэбы – «Прапампаваць свой крэдыт (Трэйд ін)». Працэнтная стаўка па ім вагаецца ад 22,91 % да 24,9 % у залежнасці ад тэрміна карыстання крэдытам.
МТБанк з 25 траўня таксама аднавіў спажывецкае крэдытаванне ў межах папулярных крэдытных планаў («Спажывецкі крэдыт Прасцей Простага», «Спажывецкі крэдыт »Выручай«, »Спажывецкі крэдыт «Яшчэ больш», «Анлайн-растэрміноўка», «Анлайн-крэдыт партнёрскі», «Анлайн-крэдыт») ды павялічыў ліміты па крэдытных картах і картах растэрміноўкі.
А «Беларусбанк» аб’явіў аб зніжэнні з 1 чэрвеня да 19 % гадавых ставак па крэдытах на нерухомасць. Новыя стаўкі будуць ужывацца ў новых дамовах, якія заключаюцца пасля 1 чэрвеня. Апроч таго, зніжаюцца да 21 % гадавых стаўкі для грамадзянаў, якія заключылі дамовы на будаўніцтва жылля з дзяржаўнымі заказчыкамі.
Таксама ў банку зʼявіліся новыя партнёры ў праграме «Іпатэка з намі»: РУП «Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва» Упраўлення справамі прэзідэнта і КУДП «Упраўленне капітальным будаўніцтвам Горацкага раёну». Стаўка па гэтым крэдыце пачынаецца ад 12 % гадавых.
Апроч таго, па крэдытах на нерухомасць, заключаным з 1 сакавіка да 31 траўня, будзе да канца года ўжывацца старое значэнне стаўкі рэфінансавання – 9,25 % замест сённяшняй 12 %.
Таксама можна скарыстацца адтэрміноўкай па пагашэнні асноўнага доўгу на тэрмін да 6 месяцаў з прадаўжэннем тэрміну вяртання крэдыту на 12 месяцаў.