навіны

Быў «непажаданым» у Беларусі і прадказваў паразу Лукашэнкі ў вайне з народам. Дональд Туск – тройчы прэм’ер Польшчы

Дональд Туск пасля абрання прэм’ер-міністрам Польшчы. 11 студзеня 2023 года. (Фота: Zbyszek Kaczmarek / Forum)
Дональд Туск пасля абрання прэм’ер-міністрам Польшчы. 11 студзеня 2023 года. (Фота: Zbyszek Kaczmarek / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Некалькі фактаў з жыцця палітыка, які зноў узначаліў урад суседняй краіны.

11 кастрычніка Сейм Польшчы абраў прэм’ер-міністрам Дональда Туска, адмовіўшы ўраду Матэўша Маравецкага ў даверы. Гэта вынік перамогі апазіцыі на нядаўніх парламенцкіх выбарах. Сёння Туск прэзентаваў склад свайго ўрада, які, як чакаецца, падтрымае бальшыня дэпутатаў. «Белсат» згадаў некалькі фактаў з жыцця палітыка, які ўжо ў трэці раз узначаліў кабінет міністраў і аднойчы быў у Беларусі.
Дональд Туск пасля абрання прэм’ер-міністрам Польшчы. 11 студзеня 2023 года. (Фота: Zbyszek Kaczmarek / Forum)
Дональд Туск пасля абрання прэм’ер-міністрам Польшчы. 11 студзеня 2023 года. (Фота: Zbyszek Kaczmarek / Forum)
Дональду Туску 66 гадоў. Ён нарадзіўся ў Гданьску – горадзе, адкуль паходзіць «Салідарнасць», прафсаюз, які сыграў галоўную ролю ў краху камуністычнага рэжыму. Тады студэнтам арганізоўваў пратэсныя суполкі, ладзіў стачкі, выпускаў улёткі.
«Я дагэтуль памятаю сябе маладым бунтаром у камуністычнай Польшчы. Я дагэтуль памятаю людзей на вуліцах, амапаўцаў, якія б’юць народ. Але ў той жа час я памятаю, наколькі эфектыўным можа быць мірны супраціў. Менавіта гэта і адбываецца ў Беларусі», – казаў Дональд Туск у 2020 годзе.
Упершыню ў Сейм ён абраўся ў 1991 годзе, быў таксама чальцом Сената, у розныя часы займаў пасады віцэ-маршалка абодвух палатаў парламента.
Святлана Ціханоўская і Дональд Туск. (Фота: Светлана Тихановская / Telegram)
Святлана Ціханоўская і Дональд Туск. (Фота: Светлана Тихановская / Telegram)
У 2001 годзе ўвайшоў у лік заснавальнікаў партыі «Грамадзянская платформа», потым узначаліў яе. У 2005 годзе на выбарах у Сейм арганізацыя прапусціла наперад «Закон і справядлівасць» і заняла другое месца. Праз месяц Туск саступіў Леху Качыньскаму ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў.
Перад гэтымі палітычнымі кампаніямі Туск пабываў у Беларусі. Ён прыехаў у Горадню, каб падтрымаць актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, калі ўлады не прызналі прызначэнне Анджэлікі Борыс старшынёю арганізацыі. Той візіт Менск раскрытыкаваў, МЗС абвінаваціў палітыка ў распальванні нацыянальнай варожасці ды ўмяшанні ва ўнутраныя справы краіны.
Дональд Туск у Горадні ў 2005 годзе. Крыніца: backtobelarus / Instagram
Дональд Туск у Горадні ў 2005 годзе. Крыніца: backtobelarus / Instagram
Праз два гады Туск паспрабаваў яшчэ раз прыехаць у Беларусь, але на мяжы яго развярнулі. У КДБ тады заявілі, што ён ведаў пра статус персоны нон грата, аднак «наўмысна пайшоў на скандал, каб павысіць папулярнасць сваёй партыі перад выбарамі».
Ці сапраўды дапамагла гэтая нібыта «PR-акцыя», невядома, але на датэрміновых выбарах у парламент у 2007 годзе «Грамадзянская платформа» перамагла, і Дональд Туск упершыню стаў прэм’ер-міністрам.
Пра колішнія крыўды не ўспаміналі, і ўжо налета Туск сустракаўся з тагачасным віцэ-прэм’ерам Беларусі Андрэем Кабяковым на эканамічным форуме ў Крыніцы-Здруі на поўдні Польшчы.
Яшчэ праз год, у 2009-м, у Варшаве адбыўся першы Беларуска-польскі эканамічны саміт з удзелам Туска і Кабякова.
У 2011-м «Грамадзянская платформа» зноў перамагла на парламенцкіх выбарах, і лідар партыі пайшоў на другі тэрмін на пасадзе прэм’ер-міністра. У 2014 годзе Туск датэрмінова вызваліў гэтае крэсла, бо быў абраны старшынёю Еўрапейскай рады. Пасля двух магчымых тэрмінаў на пасадзе палітык узначаліў у 2019 годзе Еўрапейскую народную партыю.
Некалькі гадоў таму Дональд Туск вярнуўся ў Польшчу, каб узнавіць актыўнасць у палітычным жыцці краіны. На сёлетнія парламенцкія выбары ён пайшоў лідарам «Грамадзянскай кааліцыі», якая заняла другое месца, аднак дзякуючы аб’яднанню з іншымі палітычнымі сіламі – «Трэцяй дарогай» і «Новымі левымі» – стварыла бальшыню ў Сейме.
У адмысловым звароце пасля гэтага поспеху Туск згадаў допіс колішняга супрацоўніка МЗС Беларусі Паўла Слюнькіна, які прызнаўся, што «упершыню ў жыцці пабачыў мірны транзіт улады да апазіцыі пасля дэмакратычных выбараў з яўкай 73%». «Маё пасланне вам – цаніце і бараніце сваю дэмакратыю. Вы не можаце нават уявіць, які цуд вы маеце», – адзначыў былы дыпламат.
11 кастрычніка абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская павіншавала Туска з прэм’ерскай пасадаю, падзякаваўшы яму за падтрыманне Беларусі і выказаўшы спадзевы «на шчыльную супрацу, што паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне».
Пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі Дональд Туск казаў пра эфектыўнасць мірнага супраціву:
«Амаль усе лідары, з якімі я сустракаўся ў апошнія некалькі месяцаў, адзначаюць той факт, што Лукашэнка прайграе гэтую бітву. І нават калі не гэтую бітву, то гэтую вайну, задуманую ім супраць уласнага народу і беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта азначае, што наша ўцягнутасць, наш удзел – гэта не толькі маральнае абавязанне, але і вельмі рацыянальны палітычны разлік. Таму я вельмі аптымістычна гляджу на працяг скаардынаванага падтрымання Беларусі».
Напрыканцы лістапада часопіс «Politico» паставіў Дональда Туска на першае месца ў пераліку самых уплывовых асобаў, якія будуць вызначаць лёс Еўропы ў 2024 годзе. «Рэха вяртання Туска будзе адчувацца ўва ўсёй Еўропе», – мяркуе выданне.
Сёння новы-стары прэм’ер прэзентаваў Сейму склад наступнага ўраду, які, імаверна, ухваляць дэпутаты. Пры гэтым стаўленне Польшчы да Беларусі з абнаўленнем кабінету наўрад ці моцна зменіцца.
Сцяпан Кубік belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10