«У Кіеве чакалі – няхай будзе новая ўлада»: што дасць візіт польскага прэм'ера ва Украіну
24.01.2024, 12:32
Дональд Туск і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве 22 студзеня 2024 года. (Фота: Donald Tusk / X)
podpis źródła zdjęcia
«Пра гэта забыліся, але з 2016 года да 2022 года польскага прэмʼера ў Кіеве не было».
Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам Украіны 22 студзеня. Апошнія паўгода былі няпростыя ў стасунках дзвюх краінаў, аднак было абвешчана пра новы пакет вайсковай дапамогі, гаварылася і пра супольную вытворчасць зброі. Пры гэтым не зніклі праблемы з экспартам украінскага збожжа і блакадаю мяжы польскімі перавознікамі. «Белсат» даведаўся, ці зменіць візіт Туска сітуацыю да лепшага.
Дональд Туск і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве 22 студзеня 2024 года. (Фота: Donald Tusk / X)
Цяпер назіраецца чаканы спад у дачыненнях Украіны і Польшчы пасля рэзкага ўздыму ў пачатку поўнамаштабнай вайны, мяркуе палітолаг, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда:
,,
«Мы выйшлі на руціну стратэгічных узаемадачыненняў. Мы павінны рабіць усё, каб гэта было плато дастаткова высокага ўзроўню. Увесь час жыць на вяршыні немагчыма: маленькая плошча, і цяжка нешта пабудаваць».
На думку журналіста «Белсату» Міхала Кацэвіча, Украіне і Польшчы патрэбныя некаторыя змены ў стасунках, і з’яўленне новай фігуры ў выглядзе Дональда Туска акурат дарэчы:
«За паўгода назапасіліся, з аднаго боку, праблемныя сітуацыі, з другога – нармальныя ў супрацы дзвюх вялікіх краінаў. Але патрэбная новая энергія ў стасунках Польшчы і Украіны. Былі выказванні польскіх палітыкаў, ужо былой кіроўнай партыі, што Польшча павінна абараняць свае эканамічныя інтарэсы. Былі прэтэнзіі з боку Кіева. Іх сэнс палягаў у тым, што Польшча стаіць на баку Расеі, калі блакуе мяжу, калі блакуе ўкраінскае зерне. Такога не павінна быць паміж краінамі, якія, па-першае, суседзі, а па-другое, блізкія хаўруснікі».
Гэтая праблема перайшла нават на ўзровень грамадства, адзначае суразмоўца: «Украінцы ў прынцыпе не думалі пра палякаў дрэнна, у Польшчы таксама пра ўкраінцаў дрэнна не думалі, але некаторыя ўжо пачалі меркаваць, што ёсць нейкае расчараванне, што мы столькі дапамагалі, а ўкраінскі ўрад кажа дрэнныя рэчы пра Польшчу. Гэта трэба было скончыць і даць рэстарт стасункам».
Апытаныя эксперты адзначаюць, што Туск – дасведчаны палітык, які заўсёды падтрымліваў Украіну. Аднак у польскім урадзе ёсць не толькі Туск, і думае ён не толькі пра Украіну.
«З абраннем Туска ў польскай палітыцы стварыліся два цэнтры ўплыву: урадавы і прэзідэнцкі. Я б не хацеў, каб супярэчнасці, якія відавочна існуюць паміж Тускам і Дудам, паміж новым урадам і 35-адсоткавай фракцыяй PiS у парламенце, перашкаджалі дапамозе Украіны. Гэта будзе праблема, прычым для ўсіх, – кажа Яўген Магда. – Візіт Туска ў Кіеў – гэта майстар-клас публічнай палітыкі, бо ён паказаў, што ён кажа пра глабальнае пытанне вельмі яскрава: “мы падтрымліваем еўраінтэграцыю Украіны”, “мы ўсё будзем рабіць для вашай перамогі”.
Але ў пытаннях, звязаных з мяжою, са збожжам, усё адкладаецца на будучыню. Гэта значыць, што з набліжэннем мясцовых выбараў і выбараў у Еўрапарламенце Туск не будзе рабіць дзеянняў, якія дазволяць ягоным апанентам сказаць “ён прадаўся Кіеву” або Бруселю ці Берліну – каму заўгодна».
Таму пакуль надаецца ўвага пытанням, якія прынясуць відавочную карысць Польшчы і не выклічуць нараканняў з боку апанентаў Туска.
«Туск абмяркоўвае пытанні супольнага вырабу зброі з Украінаю. Выдатна, яго гэта задавальняе. Чаму? Бо попыт на зброю будзе існаваць, замовы на польскіх заводах – гэта выгадна, з гэтым трэба працаваць далей», – кажа Яўген Магда.
Пры гэтым Туск павінен станоўча паўплываць на ўкраінска-польскія стасункі, думае Міхал Кацэвіч:
«Апошнія паўгода ці нават больш Польшча была ў стане нейкага палітычнага паралічу. У Кіеве чакалі – няхай будзе новая ўлада, хтосьці, з кім можна будзе размаўляць.
Дзесьці з кастрычніка я чуў вельмі часта меркаванне, што з Тускам трэба проста дамовіцца, бо гэта новы чалавек. Так што прастора для таго, каб будаваць супрацу з Тускам і ягонаю кааліцыяй, ёсць».
Аднак ці будзе на гэта дастаткова часу ў польскага боку? За найбліжэйшыя паўгода ў Польшчы – новыя выбары:у сакавіку – мясцовыя, а ў чэрвені – у Еўрапарламент. Гэта зойме значную частку часу польскіх палітыкаў, мяркуе Кацэвіч.
Пра канкрэтныя вынікі візіту пакуль казаць рана, разважае Міхал Кацэвіч: «Іх задача – паказаць новую энергію і кірункі. Калі мы гаворым пра развязанне пытання мяжы, з украінскага боку быў падрыхтаваны пазоў у дачыненні Польшчы ў еўрапейскія структуры, і гэты пазоў пакуль не пайшоў у Брусель. Калі кажуць, што пытанне мяжы развязанае і пазоў не пойдзе, то гэта ўжо будзе перамога. Вялікія выклікі, вялікія планы. Далей павінна быць праца на ўзроўні міністэрстваў».
Яўген Магда таксама думае, што вынікі будуць расцягнутыя ў часе: «Польская ўлада будзе зыходзіць з уласных інтарэсаў і згодна з імі рухацца. Не будзе сітуацыі 2022 года, калі яна дэкларавала гатовасць усё рабіць для Украіны. Але давайце не забываць і пра тое, што, калі польская ўлада дэкларавала такую гатовасць, то яна ў лютым 2022 года развярнулася на 180 градусаў. Пра гэта ўжо большасць людзей проста забыліся. Але я хачу нагадаць, што з 2016 года да пачатку 2022 года польскага прэмʼера ў Кіеве не было. Не прыязджаў».
На думку эксперта, гэта азначае, што Туск арыентуецца на польскага выбарніка, але адкідваць інтарэсы Украіны не збіраецца. У тым ліку таму, што праблемы Украіны будуць адбівацца і на Польшчы:
,,
«Узмацненне расейскага ціску для Польшчы – гэта большы наплыў уцекачоў, эканамічныя праблемы. Гэта значыць, калі вайна будзе набліжацца да межаў Польшчы, Польшчы будзе вельмі некамфортна».
У заключэнне суразмоўца падкрэслівае, што Польшчы і Украіне трэба вызначыць новую парадыгму ўзаемадачыненняў.
«Я яе называю “новы праметэізм”. Праметэізм – гэта было тое, што рабіў Пілсудскі, каб аслабіць Савецкі Саюз. Польшча і Украіна павінны назваць кожнага па-свойму. Расею – сваім апанентам, ворагам, праціўнікам. І выбудоўваць свае стасункі з аглядкаю на гэты факт. Гэта будзе адказам на рэальнае становішча рэчаў і будзе ўплываць на сітуацыю максімальна прагматычна. Гэта значыць, мы павінны без ідэалізму, прагматычна будаваць стасункі», – падводзіць рысу Яўген Магда.