навіны

Пакутлівая мяжа: пасажыру аўтобусу выклікалі хуткую, час чакання дасягае 37 гадзінаў

Чарга на памежным пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Чарга на памежным пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
podpis źródła zdjęcia

У апошні дзень тыдня выехаць з Беларусі хутчэй і лягчэй, чымся вярнуцца дадому.

У апошні дзень тыдня выехаць з Беларусі хутчэй і лягчэй, чымся вярнуцца дадому. Час чакання перад літоўскім пунктам «Шальчынінкай» у бок Беларусі дасягае 37 гадзінаў, пішуць у чатах, прысвечаных мінанню мяжы. А на пераходзе «Каменны Лог» зрабілася блага пасажыру, яму выклікалі хуткую.
Памежны пераход «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Памежны пераход «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 14:00, у чарзе ў Берасці на выезд у Польшчу – 55 легкавых аўтамабіляў. Прыкладны час чакання – каля 10 гадзінаў.
У бок Беларусі сітуацыя істотна горшая: як пішуць у чатах, чакаць даводзіцца каля 18 гадзінаў. І гэта пры ўмове самастойнага кантролю за «ўлезунамі»:


,,

«Вялікая заслуга неабыякавых са спісамі. Уначы важна прайсціся ўздоўж чаргі і пабудзіць усіх, хто едзе адзін, што мы і рабілі».


Тыя, хто сёння заехаў у Беларусь з Польшчы, запэўніваюць, што правяранні на зялёных калідорах былі паверхневымі на абедзвюх межах.
На выезд з Беларусі цяпер стаяць 22 аўтобусы. Сведкі папярэджваюць пра транспартавую інспекцыю перад пашпартным кантролем, у пасажыраў спраўджваюць квіткі. Гэтак змагаюцца з практыкаю перасаджвання ў бліжэйшыя да шлагбаума аўтобусы за грошы.
Пасажыры сведчаць, што кантроль на мяжы займае каля 16 гадзінаў. Назад – хутчэй, каля 11 гадзінаў. На «Варшаўскім мосце» працягваецца практыка допытаў украінцаў і некаторых беларусаў, пішуць пра чарговыя выпадкі забароны ўезду ў Беларусь.
На пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай» сёння здарыўся мінікалапс: некалькі гадзінаў не працавалі камп’ютары і пропуск транспарту спыняўся.
Паводле Памежнага камітэту, цяпер у чарзе 80 аўтаў, выезду ў Літву давядзецца чакаць не менш за 12 гадзінаў. На тым баку мяжы, як паведамляюць у чатах, 250 легкавікоў, час чакання ўезду ў Беларусь – каля 34 гадзінаў.
На выезд з Беларусі стаяць 10 аўтобусаў, людзі наракаюць: мяжу праходзілі каля 15 гадзінаў. Аднаму з пасажыраў на беларускім баку зрабілася блага, нават выклікалі хуткую. Мужчына ачуняў і працягнуў падарожжа ў Літву пад наглядам спадарожнікаў:


,,

«Усё з ім добра. Едзе з намі, даглядаем яго».


Шлях аўтобусам дадому хутчэйшы – толькі дзве гадзіны.
Чарга на памежным пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
Чарга на памежным пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай». 14 ліпеня 2024 года. (Фота: granica_bypl / Telegram)
У «Беняконях» цяпер 110 легкавых машынаў, на чаканне спатрэбіцца 11–12 гадзінаў. Адзіны бонус – лаяльныя літоўскія службоўцы, на якіх натрапіў адзін з кіроўцаў:


,,

«Гарэлку і цыгарэты везлі, нічога не сказалі і пусцілі».


Затое перад «Шальчынінкаем» у бок Беларусі сапраўдны жах: тыя, хто сёння заехаў, прачакалі ў чарзе 37 гадзінаў.
Аўтобусных чэргаў на гэтым пераходзе няма з абодвух бакоў мяжы.
У «Грыгораўшчыне» на мяжы з Латвіяй – «як у былыя часы», пішуць у чатах. У Беларусь заязджаюць за 3–4 гадзіны, у Латвію – за гадзіну. Паводле Памежнага камітэту, там няма ні аўтамабільнай, ні аўтобуснай чэргаў на выезд з нашай краіны.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10