навіны

ІПСА, якая ледзь не выйшла з-пад кантролю. Чаму Лукашэнка адвёў войскі ад мяжы з Украінай?

Украінская мяжа. (Фота: ТАСС)
Украінская мяжа. (Фота: ТАСС)
podpis źródła zdjęcia

Расейскія турбапатрыёты ўжо абвесцілі Лукашэнку «здраднікам».

Цягам чатырох тыдняў улады Беларусі паслядоўна нагняталі абстаноўку на беларуска-украінскай мяжы. Аднак увечары 13 ліпеня Аляксандра Лукашэнка раптам наведаў 56-ы зенітна-ракетны полк у Лунінцы, абвесціў пра ліквідацыю напружанасці на мяжы і заявіў, што з украінцамі трэба дамаўляцца. Belsat.eu разбіраўся, што ўсё гэта значыць.
Украінская мяжа. (Фота: УНІАН)
Украінская мяжа. (Фота: УНІАН)
Цяперашні віток напружання на беларуска-украінскай мяжы быў запушчаны 20 чэрвеня, калі Дзяржаўны памежны камітэт бяздоказна абвінаваціў Украіну ў тым, што на мяжы з Беларуссю нібыта канцэнтруюцца падраздзяленні ЗСУ з цяжкой тэхнікай. На наступны дзень Мінабароны абвесціла раптоўнае правяранне баявой гатовасці Узброеных сілаў на тэрыторыі Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Да паўднёвых рубяжоў перакінулі Сілы спецыяльных аперацыяў, ракетныя войскі і артылерыю. У памежных раёнах былі створаны блокпасты, ладзіліся праверкі дакументаў і аўтамабіляў.
Мінабароны і Памежны камітэт некалькі тыдняў палохалі беларусаў пагрозай з боку Украіны. Памежнікі распавядалі пра перахоп украінскага выведвальнага дрона і выкрыццё сховішча з выбуховымі рэчывамі. Армейскія генералы казалі пра «нарастанне напружанасці», пагрозу прарыву ўкраінскіх дыверсантаў і спробу ўцягнуць Беларусь у вайну. У канцы чэрвеня начальнік Генштабу Павел Муравейка заявіў, што абстаноўка на мяжы з Украінай «дастаткова складаная» і кожны дзень змяняецца «не ў лепшы бок».
1 ліпеня занепакоенасць сітуацыяй на беларуска-украінскай мяжы выказалі ў Крамлі, падкрэсліўшы, што дзеянні ЗСУ з’яўляюцца агульнай праблемай Менску і Масквы.
2 ліпеня ўпершыню сітуацыю на мяжы пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. З аднаго боку, ён выказаўся досыць стрымана, спрабуючы хутчэй супакоіць сваіх прыхільнікаў. «Што адбываецца насамрэч?.. Калі казаць наўпрост, нічога асаблівага», – прызнаўся ён. З іншага боку, Лукашэнка паўтарыў абвінавачванне ў бок Кіева, заявіў, што ўкраінцы запускаюць праз Беларусь беспілотнікі з выбухоўкай і прыгразіў «жорсткім адказам».


,,

«Ніякіх чырвоных лініяў. Удар усімі відамі ўзбраенняў», – папярэдзіў ён.


5 ліпеня намеснік начальніка Генштабу Уладзімір Купрыянюк заявіў, што цяпер захоўваецца высокая імавернасць правядзення на тэрыторыі Беларусі ўзброеных правакацыяў і іншых рэзанансных акцыяў з боку Украіны.
Афіцыйны Кіеў рэагавала на штучнае нагнятанне напружанасці вельмі стрымана. Першыя асобы ўкраінскай дзяржавы ўвогуле не выступалі з заявамі на гэты конт.
Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі (ЦСД) пры Рады нацыянальнай бяспекі Украіны адразу патлумачыў, што паводзіны ўладаў Беларусі варта разглядаць як дэзынфармацыйную кампанію, якая ладзіцца па загаду з Крамля. Мэта кампаніі – пераканаць Кіеў у падрыхтоўцы ўдару з боку Беларусі, напалохаць грамадства і адцягнуць украінскія сілы ад іншых участкаў фронту.
На гэтым фоне досыць нечакана выглядала заява ўкраінскага Цэнтру нацыянальнага супраціву (ЦНС), які дзейнічае пад эгідай Сілаў спецыяльных аперацыяў. 12 ліпеня ЦНС паведаміў, што мае інфармацыю пра падрыхтаванне спецслужбамі Лукашэнкі аперацыі пад чужым сцягам у памежнай зоне з Украінай.


,,

«У планах беларускіх сілавікоў «паспяхова спыніць узброеныя правакацыі» уздоўж украінска-беларускай мяжы, пасля чаго будзе зробленая спроба абвінаваціць Украіну», – заявілі ў цэнтры.


Неўзабаве кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў у інтэрв’ю NV распавёў, што не выключае наступлення ворага на поўначы Украіны.


,,

«Скажам гэтак: праблемы ёсць, яны маюць тэндэнцыю да абвастрэння», – зазначыў ён.


Пры гэтым кіраўнік ГУР не стаў удакладняць, якія кірункі ён мае на ўвазе: мяжу з Расея ў Чарнігаўскай і Сумскай вобласцях або мяжу з Беларуссю. Словы Буданава пакідалі прастору для інтэрпрэтацыяў.
Украінская мяжа. (Фота: ТАСС)
Украінская мяжа. (Фота: ТАСС)
На фоне нагнятання сітуацыі на мяжы пачасціліся выпадкі выкарыстання паветранай прасторы Беларусі для баявых аперацыяў РФ. Паводле ўкраінскага боку, 22 чэрвеня праз паветраную прастору Беларусі ляцелі ракеты, запушчаныя Расеяй па Украіне, а 5 і 11 ліпеня – дроны-камікадзэ.
У ноч на 13 ліпеня ў небе Беларусі зноў з’явіўся расейскі беспілотнік «Shahed». Паводле камандуючага паветранымі сіламі ЗСУ Міколы Алэшчука, Расея запусціла з раёну Прыморска-Ахтарску пяць ударных дронаў «Shahed-131/136»: чатыры з іх былі знішчаныя ўкраінскімі вайскоўцамі, а пяты выйшаў з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Гомельскай вобласці.
Паводле звестак «Беларускага Гаюна», расейскі шагэд праляцеў Гомель і Жлобін, увайшоў у Магілёўскую вобласць, а затым і ў Менскую вобласць, максімальна наблізіўшыся да Менску. У раёне 5-й раніцы па трывозе на перахоп былі ўзняты верталёт Мі-24 і знішчальнік Су-30, авіяцыя была заўважана якраз у раёне пралёта БПЛА – мяжы Менскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Далей беспілотнік увайшоў у Віцебскую вобласць і, як мяркуецца, даляцеў ажно да Віцебску. Далейшы лёс расейскага шагэду невядомы: звестак пра знішчэнне або падзенне не было. Сумарна дрон-камікадзэ праляцеў над тэрыторыяй Беларусі больш за 350 км.
Калі інфармацыя «Беларускага Гаюна» дакладная, то выпадак можна лічыць беспрэцэдэнтным. Тое, што Расея бесперашкодна можа выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі зусім не навіна. Аднак настолькі далёкі і складаны маршрут шагэда не мае аніякага сэнсу з пункту гледжання ваенных аперацыяў РФ супраць Украіны.
Як гэта можна патлумачыць? Вядома, што летась расейцы мадэрнізавалі беспілотнікі «Shahed» і атрымалі магчымасць мяняць іх маршрут падчас палёту. Такім чынам, 13 ліпеня або адбыўся тэхнічны збой, былі ненаўмысна пераблытаны каардынаты, або расейцы адмыслова «ганялі» дрон-камікадзэ па ўсёй краіне. У любым выпадку такое «падарожжа» шагэда над Беларуссю – рэч вельмі небяспечная. «Shahed-136» – гэта, па сутнасці, лятаючая бомба, якая нясе да 40 кг выбухоўкі. Нават падзенне абломкаў шагэда можа прывесці да разбурэнняў і чалавечых ахвяраў.
Цікава і тое, якой была рэакцыя на гэты палёт. Калі шагэд заляцеў у Беларусь 11 ліпеня, авіяцыю паднялі ў паветра адразу – імаверна, на падстрахоўку. А вось 13 ліпеня, калі верыць «Гаюну», авіяцыю паднялі па трывозе толькі праз дзве гадзіны. Гэта можа ўказваць на тое, што дзіўнае «падарожжа» шагэда стала сапраўдным сюрпрызам для беларускага боку.
Украіна ўводзіць абмежаванні ў памежных з Беларуссю раёнах. Украінскі памежнік. (Фота: pivnichniy.kordon / Facebook)
Украіна ўводзіць абмежаванні ў памежных з Беларуссю раёнах. Украінскі памежнік. (Фота: pivnichniy.kordon / Facebook)
Праз некалькі гадзінаў пасля таго як стала вядома пра палёт шагэда Лукашэнка нечакана прыехаў у 56-ы зенітна-ракетны полк у Лунінцы – гэтае падраздзяленне летась спецыяльна стварылі для прыкрыцця мяжы з Украінай. У Лунінцы Лукашэнка заслухаў даклад наконт становішча супрацьпаветранай абароны і правёў нараду з кіраўнікамі сілавых структур.
Лукашэнка заявіў пра ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінай. Паводле яго, Украіна адвяла войскі і «цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі». Таму Лукашэнка даручыў сваім генералам адвесці войскі ад паўднёвых рубяжоў у месцы пастаяннай дыслакацыі, каб украінцы разумелі, «што мы не збіраемся ваяваць і не збіраемся тут канцэнтраваць свае Узброеныя сілы».
Акрамя таго, Лукашэнка распавёў пра планы абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным далейшыя крокі па Украіне. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўкраінцы не ворагі і трэба хутчэй з імі дамаўляцца. Дээскалацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы, паводле Лукашэнкі, гэта як раз удалы прыклад таго, што, размаўляючы з украінцамі, можна дамаўляцца.


,,

«Гэта сведчыць аб тым, што ва Украіне нармальных людзей дастаткова. Асабліва сярод вайскоўцаў», – зазначыў ён.


Заявы Лукашэнкі пра тое, што ён дамовіўся з украінцамі і цяпер адводзіць войскі ад мяжы, адразу выклікала хвалю абурэння ў Z-супольнасці. Некаторыя расейскія турбапатрыёты абвесцілі Лукашэнку «здраднікам», бо цяпер, на іх думку, Украіна можа перакінуць войскі з беларускай мяжы на фронт супраць Расеі.
Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу». (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу». (Скрыншот: БелТА / Youtube)
Усе абвінавачванні, якія рэжым Лукашэнкі агучваў на адрас афіцыйнага Кіева, былі максімальна недарэчныя. Насамрэч няма ніякіх сведчанняў таго, што ў чэрвені Украіна падцягвала да мяжы з Беларуссю дадатковыя падраздзяленні. У гэтым папросту няма сэнсу, улічваючы, што ЗСУ цяпер з цяжкасцю стрымлівае летні наступ Расеі на Данбасе. Таму зусім не міфічнае адвядзенне ўкраінскіх войскаў ад мяжы стала прычынай цяперашняй разрадкі.
Больш за тое, улады супярэчаць самі сабе. Старшыня КДБ Іван Церцель сцвярджае, што выведка заўважыла адвод украінскіх падраздзяленняў яшчэ 3-4 ліпеня, хаця ў наступныя дні генералы працягвалі казаць пра неспакойную сітуацыю на мяжы і высокі ўзровень пагрозы.
Ёсць падставы меркаваць, што паездка Лукашэнкі ў Лунінец не была запланаваная загадзя. Па-першае, ён у прынцыпе рэдка прызначае важныя паездкі па Беларусі на выходныя, калі пытанне не тэрміновае. Па-другое, часцяком візіты Лукашэнкі да вайскоўцаў пераўтвараюцца ў маленькае шоу. У сакавіку, напрыклад, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі інспектаваў беларускія войскі на мяжы з Літвой са шпіцам і вялікай групай журналістамі, перад якімі доўга разглагольстваваў. Цяперашні візіт у Лунінец наадварот асвятляўся па-дзелавому стрымана. На раптоўнасць візіту намякнуў і Telegram-канал «Пул Первого», зазначыўшы, што з’яўленне Лукашэнкі ля ўкраінскай мяжы было «вельмі нечаканым для пула».
Хутчэй за ўсё, рашэнне наконт разрадкі на поўдні Лукашэнка прымаў пад уздзеяннем падзеяў апошніх дзён.
З аднаго боку, Кіеў паказаў, што ў гульню з нагнятаннем сітуацыі можна гуляць удваіх: пачаліся ўкіды наконт магчымых правакацыяў на мяжы – імаверна, каб пагуляць на нервах Менску.
З іншага боку, палёты расейскіх шагэдаў над Беларуссю не маглі не выклікаць занепакоенасці ў Лукашэнкі. Уявім, што падчас свайго «падарожжа» расейскі беспілотнік з 40 кг выбухоўкі наўмысна ці ненаўмысна ўпаў на адзін з беларускіх гарадоў. З улікам таго, што Лукашэнка нядаўна абвінавачваў Украіну ў запуску дронаў з выбухоўкай, з улікам працяглага нагнятання сітуацыі на мяжы, адпаведны інцыдэнт мог запусціць некантралюемую эскалацыю.
Таму Лукашэнка, імаверна, вырашыў не гуляць далей з агнём і згарнуць ІПСА, якую яго генералы старанна раскручвалі ўвесь апошні месяц.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10