Навошта міністр замежных справаў Беларусі паляцеў у КНДР? Там «сустрэліся тры адзіноты»
23.07.2024, 15:27
Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын на паседжанні пашыранага складу палітбюро. Пхеньян, КНДР. 25 студзеня 2024 года. (Фота: Pyongyangtimes.com.kp)
podpis źródła zdjęcia
Лукашэнку трэба прызнанне «міжнародна актыўнага палітыка» – ідзе ў вось «Масква-Менск-Пхеньян».
Дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў Беларусі Максімам Рыжанквым 22 ліпеня выправілася ў Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку з візітам. Вядома, што гэта візіт у адказ, але што рабілі прадстаўнікі КНДР у Беларусі і чаго Беларусь хоча ад Паўночнай Карэі, невядома. «Белсат» спытаў экспертаў, нашто Беларусі КНДР.
Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын на паседжанні пашыранага складу палітбюро. Пхеньян, КНДР. 25 студзеня 2024 года. (Фота: Pyongyangtimes.com.kp)
Афіцыйнае паведамленне на сайце МЗС Беларусі кароткае: 23– і тое, што візіт будзе 23–26 ліпеня, што паедзе дэлегацыя з Максімам Рыжанковым на чале, што візіт ладзяць у адказ. З паўночнакарэйскага боку паведамленне карацейшае: тыя ж даты, адзін Рыжанкоў без дэлегацыі. Удакладняецца, што візіт – на запрашэнне МЗС КНДР.
На які візіт адказваюць, незразумела: пра візіты ў Беларусь прадстаўнікоў КНДР даўно не паведамлялі, хіба з 2015 года. Наадварот, апошняе паведамленне было (толькі з паўночнакарэйскага боку) пра сустрэчу ў КНДР намесніка міністра замежных справаў Беларусі з карэйскім калегам у красавіку 2024 года. Пасля гэтага Паўночную Карэю яшчэ наведвала нейкая беларуская «група салідарнасці з КНДР».
Спецыяліст па нееўрапейскіх рэгіёнах, кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін у каментары «Белсату» найперш падкрэслівае: усё з боку беларускага рэжыму на міжнароднай арэне трэба разглядаць у кантэксце задачаў і дзеянняў Расеі. Усё, што робіць Беларусь у вонкавай палітыцы, яна робіць з дазволу Расеі, перакананы ён. У такім разе, візіт можа азначаць наступнае.
Вось «Масква-Менск-Пхеньян». Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў мінулым верасні прасіўся ў саюз Расеі і Паўночнай Карэі. А 20 чэрвеня 2024 года Расея і Паўночная Карэя падпісалі дамову аб стратэгічным партнёрстве з канцэпцыяй аб узаемнай дапамозе ў выпадку нападу. Ці будзе гэта рэалізавана на практыцы, невядома, але Красуліну гэта нагадвае вось «Рым-Токіё-Берлін» перад Другой сусветнай вайной – і да восі «Масква-Пхеньян» цяпер намагаецца далучыцца афіцыйны Менск. Гэта плюс для Расеі: гэта «мы не адны, ёсць яшчэ Беларусь», утвараецца ядро звязу краінаў супраць дэмакратыі, аб якім марыць Расея. Хацелася б дадаць да гэтага «клубу міжнародных выгнанцаў» іншых, як то Іран, Кубу і Венесуэлу, але гэта ўжо цяжэй: тыя ж іранцы маюць запыт на паляпшэнне стасункаў з Захадам, тамтэйшы рэжым вымушаны гэта ўлічваць.
Лукашэнку трэба прызнанне «міжнародна актыўнага палітыка». У Лукашэнкі погляды на Захад цалкам адпавядаюць маскоўскім і пхеньянскім, таму «тут тры самотнікі сустрэліся», кажа Красулін. А значыць, можна чакаць у бліжэйшы час яшчэ больш размоваў пра далучэнне Беларусі да дуэту Расея-КНДР. Наступствы для Беларусі будуць не самыя добрыя: канфлікт з Захадам і супрацьстаянне з NATO. Якія дакладна, цяжка зразумець, бо дэталі схаваныя ад свету. Але не факт, што Беларусь далучыцца, заўважае Красулін: са сціплых паведамленняў можна зрабіць выснову, што паўночнакарэйскі бок яшчэ думае; ствараецца ўражанне, што «не ўсё гладка». Або магчыма, што КНДР хоча, каб такое ўражанне стваралася.
Што Расея атрымлівае ад КНДР, вядома. Цяпер у аналітычных публікацыях, адзначае Красулін, пануе думка, што між Расеяй і КНДР наладжваюцца або цяплеюць стасункі, але іхныя стасункі ніколі не ахалоджваліся, супраца трывала нават у «дэмакратычныя» 1990-я – калі былі заключаныя дамовы аб супольным развіцці ракетных тэхналогіяў. За чатыры дні да вылету беларускага міністра КНДР наведваў намеснік міністра абароны Расеі з вайсковай дэлегацыяй – Расея не ўтойвае вайсковай супрацы з КНДР. Расея шле ў КНДР, імаверна, тэхналогіі і сыравіну, КНДР дае Расеі ракеты з той сыравіны і тых тэхналогіяў. Трывае вайсковы абмен досведам, і не толькі ў межах тэарэтычных заняткаў ці вучэнняў: можна падазраваць падрыхтоўку паўночнакарэйскіх байцоў да ўдзелу ў вайне ва Украіне. Наўрад ці паўночнакарэйскія войскі скіруюць у Беларусь, але могуць адплаціць іншым.
У Беларусь могуць прыслаць працоўную сілу з КНДР. У Беларусі дэфіцыт працоўнай сілы, які можна пакрыць за кошт паўночнакарэйскіх працаўнікоў. КНДР даўно такое практыкуе з іншымі краінамі, працоўная сіла – адзін з істотных артыкулаў ейнага экспарту. Краіна бедная, дык расплачваюцца звычайна людзьмі. Красулін лічыць, што неўзабаве можна будзе пабачыць у Беларусі паўночнакарэйскіх працаўнікоў у абмен на тое, што Беларусь будзе выступаць супраць дэмакратычнага свету, Захаду і NATO. Тым больш, Злучаныя Штаты ўжо ў 2018 годзе заяўлялі (PDF), што працоўных з КНДР шлюць у Беларусь.
Гэта можа таксама быць элементам ядравага шантажу. Красулін мяркуе, што візіт Рыжанкова таксама можа быць нейкай «зверкай гадзіннікаў» і падыходаў да ядравага шантажу. КНДР пастаянна «патрасае дубцом» ядравай зброі, Беларусь з нядаўняга часу таксама (хай і не настолькі пагрозліва: напрыклад, праз налепкі радыяцыйнай небяспекі на машынах на парадзе).
Паўночнай Карэі Беларусь не надта патрэбная, адзначае ў каментары «Белсату» палітолаг Павел Усаў. У перыяд пацяплення адносінаў Беларусі з Захадам палітычныя і эканамічныя кантакты былі зведзеныя да мінімуму. Амбасада КНДР у Беларусі ёсць з 2016 года, амбасадар – з 2019-га, але практычна амбасада так і не запрацавала. Калі яшчэ публікавалі статыстыку таваразвароту Беларусі, таго таваразвароту было за год толькі 114 тысяч долараў. Для КНДР найважнейшым партнёрам быў і застаецца Кітай, а Беларусь ніколі не была прыярытэтам. І ў Беларусі прыярытэты – Расея, Еўразвяз, Кітай, нават Афрыка, але не КНДР. На думку Усава, Беларусь можа мець нейкую ролю ў ланцужку паставак праз КНДР кітайскіх тэхналогіяў для расейскай вайны.
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман адзначаў у блогу на «Zerkalo», што раней МЗС Беларусі «саромеўся нават афіцыйна прызнаваць на сваім сайце, што афіцыйная беларуская дэлегацыя ездзіла з візітам у Пхеньян, але за Рыжанковым кантакты на высокім узроўні з галоўным сусветным выгнанцам – гэта не падстава для сораму, гэта ганарлівая пазіцыя, выклік ранейшай прыстойнасці ў беларускай дыпламатыі». На думку Шрайбмана, такімі гучнымі навіновымі нагодамі Рыжанкоў можа спрабаваць адваяваць пазіцыі МЗС у сістэме Лукашэнкі.
Дэлегатка Каардынацыйнай рады, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава выказвае «Белсату» яшчэ адну версію: можа, візіт Рыжанкова мае прадэманстраваць Расеі баланс між інтарэсамі Менску да Захаду і Усходу на тле спробаў паляпшэння стасункаў з Еўропай і Украінай. Гэтыя спробы маглі выклікаць пытанні ў Маскве, а то і нейкі адказ з Масквы.
Ніякага балансу, нагадвае Турарбекава, няма: у рэальных гандлі, эканоміцы і палітыцы ў Беларусі поўны правал на заходнім вектары, ёсць толькі намеры і заявы, а замест крокаў Захаду ў адказ відаць толькі ўзмацненне санкцыяў (як супраць рэжыму Лукашэнкі, так і супраць Беларусі агулам). Але ёсць тое, што можна расцаніць як спробы з беларускага боку: заявы Лукашэнкі пра адвод войскаў з украінскай мяжы ці заява Рыжанкова пра ягонае польскае паходжанне. З Паўночнай Карэяй у Беларусі наўрад ці наладзяцца эканамічныя сувязі, а супраца будзе, хутчэй за ўсё, мець вайскова-тэхнічны ці вайскова-палітычны, ідэалагічны характар, упэўненая Турарбекава. Платаздольнасць КНДР не такая высокая, а рынак не такі вялікі, ды і транспартаваць тавары трэба занадта далёка.