Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган на паседжанні кіроўнай партыі заявіў 1 чэрвеня аб правядзенні новай антытэрарыстычнай аперацыі на поўначы Сірыі. Пра гэта паведамляе «Анадолу».
Рэджэп Таіп Эрдаган. (Фота: kremlin.ru)
«Пачынаецца новая фаза фармавання «зоны бяспекі» на 30 км углыб ад мяжы з Турцыяй. Мы зачышчаем ад тэрарыстаў Таль-Рыфат і Манбідж», – сказаў кіраўнік Турцыі.
Паводле яго, затым ад баевікоў будуць зачышчаны і іншыя памежныя з Турцыяй раёны.
,,
«Паглядзім, якая будзе рэакцыя на законныя крокі Турцыі ў сферы бяспекі. Хто падтрымае Анкару?» – заявіў Эрдаган.
Аперацыя праводзіцца супраць мясцовых курдскіх атрадаў, якія кантралююць памежныя з Турцыяй раёны і якія турэцкія ўлады называюць тэрарыстамі. Пры гэтым там ёсць і прысутнасць расейскай паліцыі і сірыйскіх урадавых войскаў.
,,
«Сірыйскія курды не захочуць аддаваць гэтыя тэрыторыі проста так. У Таль-Рыфааце жывуць тысячы курдаў, выгнаных з суседняга рэгіёну Афрын, які Турцыя і пратурэцкія ісламісцкія групоўкі захапілі ў 2019 годзе. А Манбідж – горад, за які курды цяжка ваявалі з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» ў 2016 годзе, і які яны ўзялі цаной гібелі да тысячы сваіх байцоў. Аднак без вонкавай падтрымкі курдскія сілы наўрад ці змогуць супрацьстаяць камбінаванай моцы турэцкіх ЗС і мясцовых груповак», – піша тэлеграм-канал «Усы Асада».
На думку аўтара каналу, галоўным пытаннем у гэтай гісторыі будуць пазіцыі ЗША і Расеі, паміж якімі «больш няма той каардынацыі, якая была да вайны ва Украіне, чым, відавочна, і карыстаецца Анкара. Аднак у кожнага боку ёсць што губляць: імідж, уплыў на курдаў і пазіцыі ў Сірыі».