навіны

Прэтэндэнткам на «Міс Беларусь» дазволілі мець невялікія татуяванні

Кастынг на навучанне мадэлінгу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кастынг на навучанне мадэлінгу. Фота: Belarusmodels.by
podpis źródła zdjęcia

Правілы «Міс Беларусь» змяніліся проста падчас кастынгаў. А два гады таму татуяванне не перашкодзіла дзяўчыне перамагчы ў конкурсе.

Пераможца конкурсу «Міс Беларусь – 2023» Элеанора Качалоўская. Фота: president.gov.by

Каб паехаць на конкурс прыгажосці, трэба будзе прасіць дазволу ў дзяржавы

навіны

Міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі 17 сакавіка падпісаў пастанову аб зменах правілаў конкурсу «Міс Беларусь». Пастанову афіцыйна апублікавалі 27 сакавіка, тады ж яна і набыла моц. Рашэнне ўзгадніла мноства ведамстваў – ад аблвыканкамаў і міністэрстваў да Банку развіцця і БРСМ.


Паводле новых правілаў, да конкурсу дапускаюць дзяўчат, якія «не маюць на целе яскравых і буйных татуяванняў і пірсінгу, што пагаршаюць эстэтычны выгляд удзельніц».Тлумачэнняў таго, якія татуяванні лічацца буйнымі і яскравымі, а таксама якія татуяванні і пірсінг пагаршаюць або не пагаршаюць выгляду, не даюць.


Ранейшыя правілы патрабавалі дапускаць да конкурсу дзяўчат:


  • з «добрымі вонкавымі данымі» (без тлумачэнняў);
  • з грамадзянствам Беларусі, якія стала жывуць на тэрыторыі Беларусі;
  • векам ад 18 да 27 гадоў на дзень правядзення фіналу;
  • ростам не ніжэй за 172 см;
  • без татуяванняў і пірсінгу на целе (гэты пункт цяпер змянілі);
  • якія ніколі не былі ў шлюбе;
  • якія ніколі не мелі дзяцей.


Адметна, што правілы змяніліся проста падчас кастынгу на конкурс. Кастынгі пачаліся 22 сакавіка, калі пастанова ўжо была падпісаная, але не набыла моцы. А значыць, кастынгі мелі б праводзіцца да 27 сакавіка паводле старых правілаў.


І старыя правілы не перашкодзілі Элеаноры Качалоўскай стаць «Міс Беларусь» у 2023 годзе. Дзяўчына мела заўважнае татуяванне на плячы. Беларусы запусцілі петыцыю з просьбаю растлумачыць, чаму яе дапусцілі да конкурсу пры парушэнні правілаў, а таксама чаму не ўлічылі канфлікту інтарэсаў: Качалоўская была супрацоўніцаю суарганізатара конкурсу, Нацыянальнай школы прыгажосці. Пра тату адказалі, што яно незаўважнае, не выклікае непрыязі і можа быць лёгка замаскаванае танальнымі сродкамі. Пра канфлікт інтарэсаў адказалі, што гэта не забараняюць правілы.

Дар’я Краўчук побач з Аляксандрам Лукашэнкам на дабрачынным мерапрыемстве «Нашы дзеці». (Фота: president.gov.by)

«Міс Беларусь» і «сяброўка» Колі. Хто гэтыя жанчыны ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі?

Шуфлядка

Конкурс «Міс Беларусь» ладзяць з 1998-га раз на два гады. Яго арганізуюць Міністэрства культуры, дзяржаўны тэлеканал ОНТ і Нацыянальная школа прыгажосці. Сёлета маюць выбраць 14-ую «Міс Беларусь».


Лёс удзельніц конкурсу склаўся па-рознаму. Фіналістка «Міс Беларусь – 2021» Уладлена Зайцава трапіла ў атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, лятала з ім у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і хадзіла на Купалле ў Александрыі. Фіналістка таго ж конкурсу Настасся Казырыцкая некалькі разоў з’яўлялася побач з Лукашэнкам, у тым ліку на навагоднім балі і ў тэатры. «Міс Беларусь – 2018» Марыя Васілевіч не раз з’яўлялася каля Лукашэнкі, у 2019-м сталася дэпутаткаю Палаты прадстаўнікоў. А «Міс Беларусь – 2008» Вольга Хіжынкова трапляла за краты за ўдзел у пратэстах 2020 года і была вымушаная эміграваць.


Што Лукашэнка меў нейкі асаблівы інтарэс да мадэляў, у свой час апавядаў уладальнік мадэльнага агенцтва і арганізатар конкурсу «Супермадэлі Беларусі» Саша Варламаў. Паводле яго, менавіта Лукашэнка заўсёды ўказваў, хто мае перамагчы на конкурсах прыгажосці «Міс Беларусь».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10